Стужка “Пераломны момант” выйшла ў шырокі пракат 27 лістапада. Прэм’ерны паказ з удзелам здымачнай групы адбыўся ў сталічным кінатэатры “Масква”. Як стваралася карціна і чаму яе варта ўбачыць? Адказваем без спойлераў.

“Пераломны момант”— першая поўнаметражная спартыўная стужка, знятая Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” з 1973 года. У аснове сюжэта — веславанне на байдарках, знакавы для нашай краіны від спорту, дзе беларускія атлеты дэманструюць найвышэйшыя вынікі. Тэма блізкая і самому рэжысёру: у юнацтве Дзмітрый Сарока захапляўся акадэмічным веславаннем і нават дамогся другога дарослага разраду, але вырашыў прысвяціць сябе кінематографу. Гэтая прэм’ера — яго дэбют у поўным метры.
МЕНШ, ЧЫМ ЗА ГОД

Ствараўся фільм у рэкордныя тэрміны. Ад закупак рэквізіту, заключэння дамоў і правядзення кастынгаў да апошняга дубля мінула каля 10 месяцаў. Непасрэдна здымкі двухгадзіннай карціны занялі ўсяго 38 дзён.
Першы, чарнавы варыянт “Пераломнага…” з’явіўся на пачатку кастрычніка. На закрытым паказе яго ацаніла фокус-група, у якую ўвайшлі першы алімпійскі чэмпіён Беларусі, вясляр Сяргей Макаранка і двухразовая алімпійская чэмпіёнка, старшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па веславанні Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту Кацярына Карстэн. Дзякуючы трапным заўвагам гледачоў-першапраходцаў узнікла палепшаная версія, якая адкрыла XXXI Мінскі міжнародны фестываль “Лістапад”.

Пасля імклівага кінатыдня ўдасканаленне працягнулася. І ў рэшце рэшт на вялікім экране паўстаў самы яркі, дынамічны і захапляльны варыянт “Пераломнага моманту”.
АМБІЦЫЙНЫЯ І НАТХНЁНЫЯ

Вытворчасцю займалася беларуская каманда — і гэта не выпадковасць, а свядомае рашэнне аўтараў праекта. Пляцоўка аб’яднала як дасведчаных прафесіяналаў, так і пачаткоўцаў, у прыватнасці студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. “Пераломны момант” для іх стаў шчаслівым білетам у свет вялікага кіно.

Галоўнага героя сыграў 15-гадовы Міхаіл Цуба. Нягледзячы на юны ўзрост, юнак мае акцёрскі багаж. Пачаўшы кар’еру ў чатыры гады, Міхаіл паспеў зняцца ў больш чым 17 фільмах.
Цікава, што некаторых артыстаў рэжысёр знайшоў дзякуючы карціне “Бацька Мінай. Партызанская легенда”, кастынг якой паралельна разгарнуўся ў Мінску.

Так у праект трапіў Павел Адамчыкаў — і ўвасобіў антаганістычны вобраз трэнера.

З’явіўся на некалькі хвілін у фільме і легендарны спартыўны журналіст і тэлекаментатар Уладзімір Навіцкі. З любімай прафесіяй ён не растаўся нават на экране і сыграў у невялікім эпізодзе самога сябе.
АДЫСЦІ АД ШАБЛОНАЎ
Сюжэтныя хады спартыўнай драмы — рэч досыць прадказальная, як распавёў Дзмітрый Сарока. Глядач звычайна ведае, што “схавана” ўнутры такой карціны. “Пераломны момант”, між тым, перасягае рамкі чаканняў масавай публікі. Хітрасплецены свет праблем і перажыванняў сучасных падлеткаў — лінія, якая не саступае па важнасці матыву акадэмічнага веславання. Няпростыя жыццёвыя выбары і ўнутраныя сумненні, сяброўства і здрада, пошук сябе і пераадоленне лёсавызначальных перыпетый — толькі частка тэм, закранутых карцінай.

— Моладзь сёння адчувае шмат трывогі праз уплыў сацыяльных сетак. Публічнасць няўдач у анлайн-прасторы стварае дадатковы ціск, які робіць іх вельмі ўразлівымі, — мяркуе Дзмітрый Сарока. — “Пераломны момант” даносіць да падлеткаў думку, што даць рады любым, нават самым няпростым выпрабаванням — магчыма.
“Настроіць” сцэнарый у адпаведнасці з поглядамі і інтарэсамі сучасных юнакоў і дзяўчат рэжысёру дапамаглі акцёры. У жывым абмеркаванні вобразы “з паперы” сталі больш зразумелымі і блізкімі падрастаючаму пакаленню.

— Мой персанаж на экране значна адрозніваецца ад першапачатковага варыянта. Мы прайшлі вялікі шлях, каб надаць яму ўдумлівасці, шчырасці і эмпатычнасці, — расказаў Дзяніс Серыкаў, які ўвасобіў сябра галоўнага героя.
ЯШЧЭ ПАРУ ЦІКАВІНАК
Адна з яркіх фішак “Пераломнага моманту” — суіснаванне дзвюх візуальных прастораў.
— У першай разгортваюцца падзеі сучаснасці, і яна моцна залежыць ад эмоцый і перажыванняў галоўнага героя. Асобны сусвет — успаміны з яго ранняга дзяцінства. Гэтыя сцэны знятыя на 16-міліметровую плёнку, што надае ім загадкавасці і атмасфернасці.
Асаблівую ўвагу Дзмітрый Сарока надаў музычнаму суправаджэнню. Частку кампазіцый напісаў, як і ў выпадку з “Класнай” (рэжысёр — Кірыл Халецкі), малады аўтар Максім Пятруша. Сярод знакамітых выканаўцаў, чые творы гучаць у фільме, — расійская спявачка “летяга”, айчынная андэграўндгрупа “Барысаўскі тракт” і Аляксей Крыўдзін.
З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Яшчэ нямала захапляльных дэталяў можна распавесці пра новую стужку “Беларусьфільма”, але лепш іх пачуць з першых вуснаў — ад самога рэжысёра і яго каманды.

Такая магчымасць ёсць: здымачная група праводзіць сустрэчы ў розных гарадах краіны.

— Хочацца, каб гледачы выходзілі з залы з верай ва ўласныя сілы. “Пераломны момант” — гэта фільм пра тое, як знайсці апору ўнутры сябе і адштурхнуцца ад таго дна, куды мы ўсе часам апускаемся, — раскрывае галоўныя ідэі стужкі Дзмітрый Сарока. — Буду вельмі рады пачуць вашае меркаванне пра карціну.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва “Беларусьфільма” і з адкрытых крыніц