Постаці Айчыны

Апублiкавана: 04 снежня 2025 Стужка Музеі Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Амаль кожны беларус ведае творы гэтага аўтара. Яго скульптуры ўжо нават лічацца часткай нашага культурнага кода. Выстава “Андрэй Бембель. Шляхамі эпохі”, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння народнага мастака БССР, працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі.

 

ў 1905-м у Веліжы Віцебскай губерні (цяпер Смаленская вобласць), дзе скончыў мужчынскую гімназію і мастацкую школу. Пазней вучыўся ў вядомага скульптара Міхаіла Керзіна ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, а таксама ў Ленінградскім мастацкім інстытуце.

У 1931-м, вярнуўшыся ў Беларусь, Андрэй Бембель арганізаваў у Гомелі пры гарсавеце мастацкую студыю для рабочай моладзі, пазней перабраўся ў Мінск, удзельнічаў у афармленні новазбудаваных Дома Урада і Дома Чырвонай арміі (сённяшні Дом афіцэраў), павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве. У 1939-м скульптару надалі ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”.

З пачаткам Вялікай Айчыннай Андрэй Ануфрыевіч быў мабілізаваны ў якасці тэхнікаінтэнданта, выкладаў на курсах малодшых афіцэраў, служыў намеснікам камандзіра сапёрнай роты, а напрыканцы 1943 года паступіў у распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання, дзе зноў заняўся творчай работай.

У пасляваенныя гады далучыўся да афармлення інтэр’ераў Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, тэатра імя Янкі Купалы, быў адным з аўтараў афармлення Кургана Славы (за гэта ў 1970-м стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР), Помніка Перамогі ў Мінску, а таксама мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Памёр у 1986-м, пахаваны на сталічных Усходніх могілках. Шматграннасць Андрэя Бембеля выявілася не толькі ў мастацтве, але і ў педагогіцы ды грамадскай дзейнасці. У скарбніцу айчыннай культуры перш за ўсё ўвайшлі манументальныя творы, напоўненыя героіка-грамадзянскім зместам.

Акрамя таго, Андрэй Ануфрыевіч узгадаваў не адно пакаленне скульптараў, больш за 30 гадоў выкладаючы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (сучасная Акадэмія мастацтваў). Двойчы быў абраны старшынёй Саюза мастакоў БССР, а таксама дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

 

УСПАМІН ПРА МАЙСТРА

Першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай, міжнароднай і асветніцкай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Вікторыя Кузьміна распавяла, што асоба Андрэя Бембеля эпахальная, а яго скульптуры — частка нашага культурнага кода. Амаль кожны жыхар краіны ведае работы Андрэя Ануфрыевіча, і ўсіх гасцей скарбніцы сустракае яго цудоўны твор.

Народны мастак Беларусі Іван Міско ў прывітальнай прамове на адкрыцці выставы зазначыў: менавіта Андрэю Бембелю варта падзякаваць, што ў цяжкія пасляваенныя гады ён прыклаў вялікія намаганні, каб заснаваць нацыянальную школу скульптуры. Іван Якімавіч спадзяецца, што ў Мінску з’явіцца вуліца імя славутага аўтара. Мэтр таксама прыгадаў метафарычнае выслоўе свайго настаўніка, што скульптура — гэта цяжкая артылерыя, якая павінна займацца высокімі мэтамі і страляць з вышыні.

Народны мастак Беларусі Уладзімір Слабодчыкаў заўважыў, што Андрэй Бембель меў выдатнае пачуццё гумару і пакінуў безліч показак. Іх і сёння памятаюць у асяроддзі айчынных творцаў. Як мяркуе Уладзімір Іванавіч, Бембель стаў сапраўдным заснавальнікам беларускай акадэмічнай школы скульптуры, якой да таго не было.

Удзел у адкрыцці праекта ўзяла і ўнучка аўтара — мастацтвазнавец Таццяна Бембель. Яна падкрэсліла, што з кожным годам застаецца ўсё менш людзей, якія былі знаёмыя з майстрам, і тым больш важна зберагаць памяць аб Андрэю Ануфрыевічу, яго спадчыне.

 

ПЛАСТЫКА ГІСТОРЫІ

Як паведаміла куратар выставы, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX— XXI стагоддзяў, захавальнік калекцыі “Беларуская скульптура” Анастасія Карнейка, у экспазіцыі прэзентаваны станковыя творы Андрэя Бембеля з 1940-х па 1980-я, што раскрываюць галоўныя напрамкі яго мастацкіх пошукаў, з запаснікаў музея і родных класіка.

Таксама паказаны дакументы, здымкі, відэазамалёўкі з сямейнага збору, з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Літаратурнага музея Петруся Броўкі і з калекцыі Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

Акрамя таго, дэманструюцца жывапісныя, графічныя, скульптурныя партрэты Андрэя Бембеля і яго сваякоў, створаныя калегамі, са сховішчаў музея, Беларускага саюза мастакоў, з сямейных набыткаў. Даступныя і тры работы першай жонкі майстра, Вольгі Дзядок.

Экспазіцыю дапаўняюць прадметы інтэр’ера і побыту мінулага стагоддзя, прадстаўленыя Музеем гісторыі горада Мінска. Яшчэ можна паслухаць радыёперадачу і паглядзець фільмы пра Андрэя Ануфрыевіча з архіваў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

Выстава працуе да 14 снежня. У яе рамках арганізаваны цыкл лекцый “Пластыка гісторыі як гісторыя пластыкі” і сустрэчы-экскурсіі “Бембель вачыма Бембель”, што праводзіць унучка скульптара.

Антон РУДАК. Фота аўтара