51-ы Міжнародны фестываль “Беларуская музычная восень”, распачаты ў кастрычніку, завяршыўся 30 лістапада. Сярод безлічы цікавых канцэртаў — і сусветныя прэм’еры айчынных твораў, і выступленні замежных гасцей, і тэатралізаваныя вечары з ноу-хау.


ПАТАЕМНА
Праграму “Патаемныя размовы” падрыхтаваў вядомы хормайстар Аляксей Снітко, які ўзначальвае Мінскі музычны каледж як дырэктар, Мінскую харавую метадычную секцыю як старшыня, навукова-творчае аб’яднанне Facultatis як мастацкі кіраўнік, Беларускую асацыяцыю харавых дырыжораў Саюза музычных дзеячаў як намеснік старшыні. Нягледзячы на такія пласты арганізацыйна-кіраўнічых нагрузак, колькасць творчых ідэй у яго зашкальвае.

Згаданая вечарына, да прыкладу, з’яднала два калектывы. Канцэртны хор каледжа імя М. Глінкі прадставіў найскладанейшыя творы В. Гаўрыліна, Р. Шчадрына, іншых расійскіх аўтараў, а таксама “Павучанні старца Засімы” — трохчасткавы харавы цыкл Вячаслава Кузняцова на словы з рамана Ф. Дастаеўскага “Браты Карамазавы”. Твор, напісаны ў 1991-м, атрымаў не проста добрае, адэкватнае кампазітарскай задуме, а папраўдзе цудоўнае ўвасабленне. У цыкле працягнуты традыцыі знаменных распеваў і праз харавую партытуру дасягнута гулкая атмасфера царкоўнай акустыкі — так званае храмавае гучанне, дзе адчувалася намоленасць прасторы і тая асаблівая цішыня, у якой пануе голас душы.
У другім аддзяленні Снітко кіраваў Дзяржаўным камерным хорам Беларусі і паказаў прэм’еру нядаўна выдадзенага зборніка “Праваслаўны сшытак” старшыні Беларускага саюза кампазітараў Алены Атрашкевіч на словы трох нашых паэтак. Хор “Белая царква” напісаны нашмат раней і багата дзе выконваўся, нават у Маскве, у знакамітай зале імя Чайкоўскага. У астатніх нумарах, што з’явіліся нядаўна, працягнуты знойдзеныя тады разнастайныя прыёмы спалучэння малітвы і песеннасці, дзе мяккія меладычныя ходы нагадваюць мігаценне лампад і практычна кожная частка завяршаецца асаблівым прасвятленнем, амаль боскім азарэннем.
БАРОЧНА

У іншым з вечароў той жа Камерны хор на чале з Наталляй Міхайлавай прадэманстраваў музычны перформанс “Арт-барока”, складзены з твораў Вівальдзі, Баха, Гендэля, Скарлаці, Альбіноні... Да ўдзелу былі запрошаны таксама іншыя салісты і калектывы. Квартэт саксафаністаў Saxas часам імітаваў арган, на якім іграла Варвара Царук.
Клавесін пад пальцамі той жа выканаўцы перагукаўся з цымбаламі Вольгі Сержанковай. Віртуозныя пасажы ліліся са скрыпак Кацярыны Мішчанчук і яе сына Нікана Мазаля. Музыка адбівалася ў адпаведных тэме каляровых відэа на экране. Студыя пластычнага тэатра Aga з Палаца дзяцей і моладзі аздабляла ўсё гэта запаволенымі рухамі, быў скарыстаны і тэатр ценяў. Ды і самі артысты хору выходзілі ў “крыналінах”, масках, адмысловых капялюшыках, вырабленых сваімі рукамі.
У паўзмроку такі графічны, чорна-белы малюнак сцэнічнай дзеі з паэтычнымі “каментарыямі” чытальніка Алега Вінярскага ўспрымаўся своеасаблівым настальжы-ўспамінам пра барока і не толькі.
АПАКАЛІПТЫЧНА

Адной з кульмінацый усяго фестывалю стаў творчы вечар кампазітара Аліны Безенсон з сусветнай прэм’ерай араторыі-містэрыі “Сем анёлаў з трубамі”. Гэта не першы прыклад звароту ў беларускай музыцы да апакаліптычных прароцтваў Іаана Багаслова.
У 1989-м узнікла араторыя Вячаслава Кузняцова, але гэта зусім іншы па сваёй канцэпцыі твор. Там галоўнай думкай была няўмольнасць часу, яго незваротнасць — і надзея на святло, якую неслі ў сабе пранікнёныя анёльскія галасы хору хлопчыкаў.

У адрозненне ад той велічнай архітэктурнай канструкцыі, што скіроўвала ўглыб філасофскіх роздумаў, твор А. Безенсон аказаўся ярка эмацыйным, карцінным, адлюстроўваў сам змест тэксту. Словы ўспрымаліся не толькі праз спевы, але і візуальна. Яны з’яўляліся на экране, дапоўненыя красамоўнымі відэаілюстрацыямі. У музыцы таксама шмат гукапераймання, грому і маланак.
Шмат выяўленчасці выплюхвала аркестроўка. Кожны тэмбр — ад сольнай трубы да званоў і літаўраў — утойваў добра зразумелую сімволіку. А наяўнасць музычных лейтматываў не давала патоку музычных уражанняў выйсці з берагоў.

Выконвалі араторыю-містэрыю вядучыя дзяржаўныя акадэмічныя калектывы сталічнай філармоніі — харавая капэла імя Рыгора Шырмы (галоўны дырыжор — Вольга Янум) і сімфанічны аркестр, якім кіруе Аляксандр Анісімаў. А ў фінале да іх далучыўся, дадаўшы новыя фарбы, узорны хор “Кантылена” (кіраўнік — Іна Маргачова).
Сімвалічна, што прэм’ернае выкананне такой маштабнай партытуры было даручана маладому дырыжору Валерыі Рыбінскай. Яе ўпэўненыя рухі часам асацыяваліся з жэстамі рэгуліроўшчыка і смела пракладалі шлях да святла, дабрыні і Божай ласкі ў фінале. Зала апладзіравала стоячы, хаця наперадзе было яшчэ другое канцэртнае аддзяленне. Яно складалася з харавых і вакальных твораў кампазітара на вершы беларускіх паэтаў. Літаратараў таксама запрасілі ў глядзельню і горача віталі пасля кожнага выканання.

Калектывы — ад царкоўных да школьных — змянялі адзін аднаго, чаргаваліся з салістамі. Нязменнай заставалася высокая духоўная тэматыка музыкі, сярод якой было шмат прэм’ер.

Наперадзе яшчэ шмат цікавага! Сачыце за афішамі і прыходзьце акунуцца ў акіян пачуццяў, падораных мастацтвам.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА