Сольны канцэрт “Майстар-клас. ХХІ стагоддзе” Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі прайшоў ў рамках фестывалю “Беларуская музычная восень”. Сцэна вялікай залы Дзяржаўнай філармоніі ператварылася ў прастору, дзе традыцыя і сучаснасць знайшлі агульны рытм.

У ЧЫМ МОЦ
Гісторыя Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца вядзе свой адлік з 1959 года, калі паводле пастановы Савета Міністраў БССР быў створаны прафесійны калектыў. На першую рэпетыцыю прыйшлі пяцьдзясят маладых выканаўцаў, а першы кіраўнік, Аляксандр Апанасенка, адразу вызначыў прынцыпы, якія застаюцца нязменнымі і сёння: павага да традыцыі, высокі прафесіяналізм і адкрытасць да мастацкіх рашэнняў. З цягам часу калектыў стаў адным з вядучых у СССР, аб’ездзіў паўсвету і сфармаваў багаты рэпертуар, што пастаянна расце і абнаўляецца.
У 1986-м кіраўніцтва прыняў народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч — майстар, які не толькі захаваў планку, вызначаную папярэднікамі, але і адкрыў новыя творчыя напрамкі. У 1999-м ансамбль атрымаў ганаровае званне “заслужаны”, замацаваўшы свой статус у нацыянальнай культуры.
— Сапраўдная моц заключана ў стабільнасці праграмы, у рэпертуары, які паступова набывае новыя фарбы, і найперш у людзях, што ствараюць і ўвасабляюць ідэі на сцэне, — падкрэслівае Валянцін Дудкевіч.

ЁСЦЬ МІСІЯ
Выступленне ансамбля будуецца як паўнавартасны тэатральны спектакль — з дакладнай кампазіцыяй, выразнай логікай і ўнутранай звязнасцю ўсіх элементаў. Улічваць даводзіцца мноства фактараў. Гэта аснова прафесіі.
— Нельга складаць канцэрт з выпадковых нумароў, — адзначае Валянцін Уладзіміравіч. — Лірычны твор лёгка страціць сілу, калі паставіць побач нешта чужое па танальнасці або тэмпе. Тут важна ўсё: густ пастаноўшчыка, драматургія, музыка. Сцэнічнае дзеянне заўсёды павінна мець ідэю. Кожная пастаноўка патрабуе ад рэжысёра асабістага імпульсу — унутранай звышзадачы, якая накіроўвае працэс і надае яму сэнс. Для Валянціна Дудкевіча гэта даўно стала часткай прафесійнай філасофіі.
— Культура — гэта не спосаб прапаганды, — адзначае мастацкі кіраўнік. — Яна самадастатковая, яна выхоўвае душу, фарміруе свядомасць і нагадвае, што жыццё — гэта больш, чым побыт. Мая звышзадача — каб кожны абраны твор, вялікі ці камерны, узбагачаў свет. Мы ствараем прыгажосць, а прыгажосць заўсёды нясе ў сабе аднаўленчую сілу.

ЧАЛАВЕЧЫ ФАКТАР
У ансамблі працуюць каля 80 артыстаў — ад выпускнікоў творчых навучальных устаноў да майстроў, якія прысвяцілі сцэне дзесяцігоддзі.
— Калектыў вялікі, таму галоўны выклік — чалавечы фактар, — адзначае загадчыца трупы, заслужаная артыстка Беларусі Дана Фальковіч. — Аднак сістэма добра наладжаная: расклады, размеркаванне партый, рэпертуар — усё прадумана. Апошнім часам склад прыкметна памаладзеў: хлопцы і дзяўчаты энергічныя, дружныя, разам працуюць і адпачываюць. Узроставы дыяпазон шырокі, але трупа выглядае вельмі арганічна.
Маладая генерацыя ў ансамблі сапраўды актыўная. Артыстка Ганна Міхневіч распавядае:
— Я ў калектыве другі год. Прыйшла пасля Універсітэта культуры і мастацтваў. Работы шмат, але калегі натхняюць, таму любыя цяжкасці не здаюцца непераадольнымі. Кожны выхад на сцэну як першы: хвалююча, але так і павінна быць. У нас два скла- ды — у кожнага свой рэпертуар: у адных больш лірыкі, у другіх — дынамічныя, рухомыя партыі. Падрыхтоўка да нумара патрабуе часу і дысцыпліны: штотыдзень — кантрольныя здачы. Няма мяжы дасканаласці, таму я пастаянна імкнуся да ідэалу.

ЯК МЕХАНІЗМ
Цэнтральнай падзеяй сольнай праграмы “Майстар-клас. ХХІ стагоддзе” стала прэм’ера маштабнага харэаграфічнага палатна “Майстар” на музыку Ігара Карнелюка. Ідэя інтэрпрэтацыі булгакаўскага рамана ўзнікла ў Валянціна Дудкевіча амаль пятнаццаць гадоў таму, але ўвасобіць яе ўдалося толькі тады, калі ў трупу прыйшло пакаленне артыстаў, здольных перадаць такі складаны вобразны шэраг.
— Праведзена каласальная работа, — адзначае ўладальнік прыза глядацкіх сімпатый Міжнароднага фестывалю-конкурсу маладых балетмайстраў у Астане, балетмайстар-пастаноўшчык і выканаўца ролі Майстра Ігар Мацкевіч.
— У праекце задзейнічана каля сарака артыстаў, а на стварэнне і рэпетыцыі пайшло больш за паўгода. Гэта не проста сукупнасць рухаў — гэта супольная творчасць, дзе кожны адказны за агульны вынік. Наталля Шабунь, наша салістка і выканаўца ролі Маргарыты, стала маёй галоўнай натхняльніцай: мы разам прадумалі кожны эпізод.
Спектакль складаецца з шасці частак, і кожная адкрывае свой пласт сэнсаў. Адны фрагменты патрабуюць максімальнай фізічнай вытрымкі, іншыя — поўнага эмацыйнага пагружэння. Маналог Майстра стаў асабістым выпрабаваннем: калі выходзіш на сцэну адзін, нясеш усю адказнасць сам. У супольных жа эпізодах калектыў дзейнічае як адзіны арганізм.
Ансамбль сапраўды працуе як бездакорны механізм, у якім гармонія трымаецца на кожнай дэталі — ад дысцыпліны і тэхнічнай дакладнасці да глыбіні мастацкай задумы

СІЛА ДУМКІ
Сёння дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца — гэта адначасова і захавальнік нацыянальнай традыцыі, і творчая лабараторыя, дзе фальклор спалучаецца з класікай, а сучасныя тэхнікі — з буйнымі сцэнічнымі формамі. Ад народнага танца да мюзіклаў “Папялушка. Навагодняя фантазія” і “Шчаўкунок” — рэпертуар калектыву ахоплівае амаль увесь спектр харэаграфічнага мастацтва.
— У Авесце, святой кнізе зораастрызму, сказана: спачатку была дабрадзейная думка, — нагадвае Валянцін Дудкевіч. — Думка — гэта ідэя, якая патрабуе адукацыі, досведу, шырокага погляду. Мастацтва не жыве ў вузкіх рамках. Яно будуецца на скрыжаванні музыкі, архітэктуры, жывапісу. Так з’яўляюцца новыя сэнсы.
Менавіта з гэтымі сэнсамі ансамбль упэўнена крочыць наперад — захоўваючы пераемнасць і фарміруючы сучасную эстэтыку. Яркая вобразнасць пастановак, выразныя касцюмы, глыбіня музыкі і ўнутраная сталасць кожнага нумара адлюстроўваюць тую самую звышзадачу: ствараць прыгажосць, якая не проста аздабляе сцэну, а становіцца сілай, здольнай змяняць свет да лепшага.
Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА