Гісторыка-культурная спадчына Беларусі з'яўляецца здабыткам беларускага народа і неад'емнай часткай сусветнай культуры, а яе захаванне і прымнажэнне адносіцца да асноўных нацыянальных інтарэсаў.

НАЙБОЛЬШ ЗНАЧНЫЯ АБ'ЕКТЫ
Ключавыя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы культурнай спадчыны і актуальныя праекты, накіраваныя на захаванне ўнікальных культурных і прыродных помнікаў у Беларусі, разгледзелі падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску. Мерапрыемства было прысвечана 80-годдзю стварэння ЮНЕСКА — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, юбілей якой адзначылі ва ўсім свеце 16 лістапада.

Як распавяла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Дашчынская, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, які штогод пашыраецца, уключаюцца найбольш значныя аб’екты, такія як помнікі археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі мастацтва, нематэрыяльныя праявы творчасці чалавека, звычаі, традыцыі ды абрады, і сёння гэты спіс налічвае 5690 пазіцый.

У мэтах папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрствам культуры ў 2020-м быў створаны пошукавы сайт, дзе любы карыстальнік можа знайсці інфармацыю пра яе аб’екты.
Апошнія тры дзесяцігоддзі Беларусь актыўна займаецца аднаўленнем архітэктурнай спадчыны, укладваюцца немалыя рэсурсы ў яе захаванне.


Праведзена вялікая работа па рэстаўрацыі і аднаўленні соцень аб’ектаў у мэтах падтрымання іх належнага тэхнічнага стану. На дзяржаўным узроўні гэтыя задачы вырашаюцца ў рамках шэрагу дзяржаўных праграм і лакальных інвестыцыйных праектаў.

Сярод знакавых аб’ектаў — Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Свята-Пакроўскі манастыр у Талачыне, будынак “Беларусьфільма”, Каложская царква ў Гродне, стадыён “Дынама” ў Мінску, аб’екты Брэсцкай крэпасці, абеліск “Мінск — горад-герой”, будынак былога Спаскага манастыра ў Кобрыне, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку і іншыя.
ВЯЛІКАЯ РОЛЯ ФОНДУ

Ірына Дашчынская падкрэсліла, што вялікую ролю ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны адыгрывае фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. За кошт сродкаў фонду з 2017 года праведзеныя работы па кансервацыі і рэстаўрацыі фрагментаў замка ў Крэве, кансервацыя з фрагментарнай рэстаўрацыяй руін былога замка Сапегаў у Гальшанах, рэстаўрацыя палаца ў паркавым ансамблі Пуслоўскіх у Косаве, рамонт і рэстаўрацыйныя работы ў капліцы ў Закозелі, рамонт царквы Раства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна.

Сёлета ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта са сродкаў фонду выдзелена шэсць мільёнаў рублёў: адзін мільён на рэстаўрацыю іканастаса Успенскага сабора Жыровіцкага мужчынскага манастыра і пяць мільёнаў на выкананне работ па рэканструкцыі другога пускавога комплексу Нацыянальнага мастацкага музея.
Акрамя таго, працягваюцца маштабныя работы ў замках у Крэве, Навагрудку і Гальшанах, у палацавых комплексах у Пружанах і Жылічах, у будынках Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і іншых аб’ектах спадчыны.
НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ

Адказны сакратар беларускай Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Наталля Счасновіч распавяла, што Беларусь і Расія працуюць над уключэннем мемарыяльных комплексаў “Брэсцкая крэпасць-герой” і “Героям Сталінградскай бітвы” на Мамаевым кургане ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны, у маі 2024 года гэтая намінацыя была ўключаная ў папярэдні спіс спадчыны ЮНЕСКА.
У Самаркандзе прайшла 43-я сесія Генеральнай канферэнцыі гэтай арганізацыі, у рамках сесіі быў зацверджаны спіс памятных дат ЮНЕСКА, у які ўвайшлі дзве памятныя даты Беларусі: двухсотгоддзе з дня нараджэння фалькларыста ХІХ стагоддзя Паўла Шэйна і стагоддзе літаратара і публіцыста Алеся Адамовіча. Акрамя таго, Віцебск уключаны ў Глабальную сетку гарадоў, якія навучаюцца, а таксама вядзецца работа над уключэннем Браслаўшчыны ў Глабальную сетку геапаркаў.
НЕМАТЭРЫЯЛЬНАЯ СПАДЧЫНА

Ірына Дашчынская нагадала, што агулам у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключана шэсць беларускіх элементаў: святочны зімовы абрад “Калядныя цары”, урачыстасць у гонар шанавання іконы Маці Божай Будслаўскай “Будслаўскі фэст”, вясновы абрад “Юраўскі карагод”, культура бортніцтва, саломапляценне Беларусі і выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы. Таксама чакаецца разгляд унясення ў спіс Няглюбскай тэкстыльнай народнай традыцыі Веткаўскага раёна, а ў сакавіку 2024 года ў ЮНЕСКА было накіравана новае намінацыйнае дасье “Культура беларускай дуды”, абарона якога чакаецца ў 2027 годзе.
ПРЫРОДНЫ ЗДАБЫТАК

Навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” Антон Кузьміцкі распавёў, як праходзіць будаўніцтва міжнароднага навукова-даследчага цэнтра вывучэння дзікай прыроды, які ствараецца на базе навуковага аддзела парка і будзе аснашчаны сучаснымі лабараторыямі для правядзення даследаванняў сусветнага ўзроўню, для гэтага ўзводзіцца асобны двухпавярховы корпус. Гатоўнасць аб’екта складае ўжо 50%, а колькасць супрацоўнікаў мусіць павялічыцца ўдвая. Стварэнне цэнтра дапаможа ўзмацніць існуючыя навуковыя напрамкі і развіваць новыя, ён зробіцца лакаматывам рэгіянальнай навукі, задасць новы тэмп развіцця прыкладным навуковым даследаванням і будзе працаваць як навукова-даследчы інстытут, накіраваны на забеспячэнне прыродаахоўнай дзейнасці нацыянальнага парка.
Для эфектыўнага кіравання паркам вучоныя распрацавалі план на 10 гадоў, які прадугледжвае выкананне доўгатэрміновых мэт, што дапамагаюць падтрымліваць статус аб’екта ЮНЕСКА.
У плане стаяць такія задачы, як захаванне прыроднай спадчыны Белавежскай пушчы ў натуральным выглядзе, працяг навуковых даследаванняў прыродных экасістэм і іх кампанентаў, развіццё турызму ў рэгіёне пушчы.

За апошнія 10 гадоў доля турызму ў эканоміцы ўстановы вырасла з 10 практычна да 50%.
Акрамя таго, важна фарміраванне экалагічнай свядомасці і беражлівых адносін да прыроды, у тым ліку ў маладога пакалення. Дзякуючы дакладна сфарміраваным мэтам і задачам нацыянальны парк мае бачанне, якім ён павінен быць праз 50 гадоў. Згодна з планам, штогод выконваецца каля 80 мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне рэдкіх відаў, аднаўленне гідралагічнага рэжыму і развіццё навукі.
Антон РУДАК. Фота аўтара, прэс-цэнтра Дома прэсы,
Святланы Чэкалавай і з архіва ўстаноў