Скарбы Нясвіжа. Выпуск 9

Хто не чуў пра Чорную Панну Нясвіжа? Нам удалося ўбачыць яе! А яшчэ пашчасціла разгледзець “Трыумф Цэзара” і захапіцца майстэрствам сярэднявечных ткачоў. Аб чым размова? Зазірніце ў наш культурна-турыстычны алфавіт!

 

ЧОРНАЯ ПАННА

Чорная Панна — легендарны прывід, без якога цяжка ўявіць Нясвіжскі замак. Лічыцца, што гэта дух Барбары Радзівіл, каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай. Нарадзілася ў 1520-м, памерла ў 1551-м, праз паўгода пасля каранацыі.

Барбара была каханай жонкай Жыгімонта II Аўгуста, але іх шлюб аказаўся абцяжараны палітычнымі інтрыгамі.

Існуе гіпотэза, быццам нявестку атруціла каралева-маці, італьянка Бона Сфорца, якая баялася магутнасці сям’і Радзівілаў — прыхільнікаў поўнай незалежнасці Літвы ад Польшчы. Барбару пахавалі ў Вільні. На гэтым гісторыя заканчваецца і пачынаецца легенда.

Жыгімонт не змог змірыцца са смерцю каханай і з дапамогай алхімікаў выклікаў яе душу.

Падчас спірытычнага сеанса кароль парушыў забарону і з крыкам “Басенька мая...” дакрануўся да прывіду. З таго часу душа няшчаснай не можа знайсці спакой.

…Я патрапіла ў Нясвіжскі замак восеньскім падвячоркам. Змяркалася. Доўгія калідоры былі амаль пустымі, у залах — цішыня. Усё здавалася звычайным — пакуль я не спынілася ля партрэта Барбары Радзівіл.

Не ведаю, што здарылася насамрэч, але раптам пацягнула прахалодай і ў паўзмроку галерэі з’явіўся сілуэт далікатнай жанчыны ў чорным. Рухі яе былі плаўнымі, яна ступала бязважка, быццам і не дакраналася да падлогі. Спынілася каля акна, замерла — глядзела кудысьці ўдалячынь, туды, дзе на вячэрнім небе адбіваліся вежы замка. На яе бледным твары чыталіся не страх, не гнеў, а бясконцы сум чалавека, які шукае таго, каго ўжо не зможа знайсці…

Я баялася варухнуцца. Здавалася, уздыхну — разбурыцца танюткая мяжа паміж сусветамі. Але імгненне, лёгкі шоргат — і цень растварыўся, нібы яго ніколі і не было.

Музейны наглядчык сказала ціха:

— Бачылі, значыць... Гавораць, Чорная Панна з’яўляецца, калі ёсць аб чым перасцерагчы жывых. Апошні раз гэта здарылася напярэдадні моцнага пажару, які адбыўся ў замку ў 2002 годзе.

А я падумала: можа, Панна і не прадвяшчае бяду. Можа, хоча нагадаць нам, што нават праз стагоддзі каханне мацнейшае за смерць…

 

ШПАЛЕРЫ

Шпалеры насценныя дываны ручной работы, якія сёння маюць гітарычную і мастацкую значнасць, некалі былі прадметам асаблівага гонару ўладальнікаў Нясвіжскага замка. У мястэчку Карэлічы ў XVIII стагоддзі Радзівілы стварылі манфактуру, дзе ткалася багата габленаў найвышэйшай якасці. На жаль, праз войны і рабаванні раскіданы па ўсім свеце.

Тым не менш у Нясвіжы ёсць сапраўды ўнікальны экспанат насценныя дываны габелен "Трыумф Цэзара", самы старажытны з тых, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі!

Гэтае вялізнае, 3,3 на 4,85 метра, палатно ў другой палове XVI стгоддзя саткалі брусельскія майстры па матывах твораў вядомага італьнскага мастака Андрэа Мантэні. У цэнтры адлюстравана шматфігурная батальная сцэна. На паляне Цэзар у акружэнні сваіх войскаў адольвае легендарнага гіганта. На прамавугольным картушы надпіс латынню: "Тут Юлій Цэзар забіў гіганта, якога ніхто не мог перамагчы".

Майстэрства ткачоў сярэднявечнай Фландрыі ўражвае. Ім удалося дэталёва перадаць рухі персанажаў і моцныя чалавечыя эмоцыі: страх перад смерцю і радасць трыумфу.

Шпалера выканана ў насычанай каларыстычнай гаме з перавагай сіняга, зялёнага і вохрыстага адценняў. Асноўнымі матэрыяламі паслужылі шоўк і воўна, выкарыстоўваліся натуральныя мінеральныя фарбавальнікі.

Час не пашкадаваў унікальны экспанат, і за шматвяковую гісторыю яго не раз ратавалі руплівыя рукі рэстаўратараў. "Трыумф Цэзара" відавочны доказ таго, што клопат аб культурнай спадчыне Беларусі, імкненне да яе адраджэння з'яўляюцца самай галоўнай задачай для спецыялістаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", падкрэслівае старшы навуковы супрацоўнік установы Сяргей Чысцякоў.

Знаходзіцца рарытэт у Тэатральнай зале.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА,
графічныя ілюстрацыі Святланы Чэкалавай