Хто не чуў пра Чорную Панну Нясвіжа? Нам удалося ўбачыць яе! А яшчэ пашчасціла разгледзець “Трыумф Цэзара” і захапіцца майстэрствам сярэднявечных ткачоў. Аб чым размова? Зазірніце ў наш культурна-турыстычны алфавіт!

ЧОРНАЯ ПАННА

Чорная Панна — легендарны прывід, без якога цяжка ўявіць Нясвіжскі замак. Лічыцца, што гэта дух Барбары Радзівіл, каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай. Нарадзілася ў 1520-м, памерла ў 1551-м, праз паўгода пасля каранацыі.

Барбара была каханай жонкай Жыгімонта II Аўгуста, але іх шлюб аказаўся абцяжараны палітычнымі інтрыгамі.

Існуе гіпотэза, быццам нявестку атруціла каралева-маці, італьянка Бона Сфорца, якая баялася магутнасці сям’і Радзівілаў — прыхільнікаў поўнай незалежнасці Літвы ад Польшчы. Барбару пахавалі ў Вільні. На гэтым гісторыя заканчваецца і пачынаецца легенда.

Жыгімонт не змог змірыцца са смерцю каханай і з дапамогай алхімікаў выклікаў яе душу.

Падчас спірытычнага сеанса кароль парушыў забарону і з крыкам “Басенька мая...” дакрануўся да прывіду. З таго часу душа няшчаснай не можа знайсці спакой.

…Я патрапіла ў Нясвіжскі замак восеньскім падвячоркам. Змяркалася. Доўгія калідоры былі амаль пустымі, у залах — цішыня. Усё здавалася звычайным — пакуль я не спынілася ля партрэта Барбары Радзівіл.
Не ведаю, што здарылася насамрэч, але раптам пацягнула прахалодай і ў паўзмроку галерэі з’явіўся сілуэт далікатнай жанчыны ў чорным. Рухі яе былі плаўнымі, яна ступала бязважка, быццам і не дакраналася да падлогі. Спынілася каля акна, замерла — глядзела кудысьці ўдалячынь, туды, дзе на вячэрнім небе адбіваліся вежы замка. На яе бледным твары чыталіся не страх, не гнеў, а бясконцы сум чалавека, які шукае таго, каго ўжо не зможа знайсці…

Я баялася варухнуцца. Здавалася, уздыхну — разбурыцца танюткая мяжа паміж сусветамі. Але імгненне, лёгкі шоргат — і цень растварыўся, нібы яго ніколі і не было.
Музейны наглядчык сказала ціха:
— Бачылі, значыць... Гавораць, Чорная Панна з’яўляецца, калі ёсць аб чым перасцерагчы жывых. Апошні раз гэта здарылася напярэдадні моцнага пажару, які адбыўся ў замку ў 2002 годзе.

А я падумала: можа, Панна і не прадвяшчае бяду. Можа, хоча нагадаць нам, што нават праз стагоддзі каханне мацнейшае за смерць…
ШПАЛЕРЫ

Шпалеры — насценныя дываны ручной работы, якія сёння маюць гітарычную і мастацкую значнасць, — некалі былі прадметам асаблівага гонару ўладальнікаў Нясвіжскага замка. У мястэчку Карэлічы ў XVIII стагоддзі Радзівілы стварылі манфактуру, дзе ткалася багата габленаў найвышэйшай якасці. На жаль, праз войны і рабаванні раскіданы па ўсім свеце.
Тым не менш у Нясвіжы ёсць сапраўды ўнікальны экспанат насценныя дываны габелен "Трыумф Цэзара", самы старажытны з тых, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі!

Гэтае вялізнае, 3,3 на 4,85 метра, палатно ў другой палове XVI стгоддзя саткалі брусельскія майстры па матывах твораў вядомага італьнскага мастака Андрэа Мантэні. У цэнтры адлюстравана шматфігурная батальная сцэна. На паляне Цэзар у акружэнні сваіх войскаў адольвае легендарнага гіганта. На прамавугольным картушы надпіс латынню: "Тут Юлій Цэзар забіў гіганта, якога ніхто не мог перамагчы".
Майстэрства ткачоў сярэднявечнай Фландрыі ўражвае. Ім удалося дэталёва перадаць рухі персанажаў і моцныя чалавечыя эмоцыі: страх перад смерцю і радасць трыумфу.
Шпалера выканана ў насычанай каларыстычнай гаме з перавагай сіняга, зялёнага і вохрыстага адценняў. Асноўнымі матэрыяламі паслужылі шоўк і воўна, выкарыстоўваліся натуральныя мінеральныя фарбавальнікі.
— Час не пашкадаваў унікальны экспанат, і за шматвяковую гісторыю яго не раз ратавалі руплівыя рукі рэстаўратараў. "Трыумф Цэзара" — відавочны доказ таго, што клопат аб культурнай спадчыне Беларусі, імкненне да яе адраджэння з'яўляюцца самай галоўнай задачай для спецыялістаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", — падкрэслівае старшы навуковы супрацоўнік установы Сяргей Чысцякоў.
Знаходзіцца рарытэт у Тэатральнай зале.
Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА,
графічныя ілюстрацыі Святланы Чэкалавай