На хвалях натхнення

Апублiкавана: 26 лiстапада 2025 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

 

Калыска, біблейскі каўчэг, сімвал надзеі на выратаванне — так зазвычай у мастацтве трактуецца вобраз лодкі. А ў міфалогіі многіх народаў яна злучае свет жывых і памерлых. Разнастайнасць інтэрпрэтацый карабельнага матыву ў работах беларускіх аўтараў, як прафесійных, так і інсітных, прадэманстравала выстава “Традыцыі і сучаснасць: у адной лодцы”.

 

Павел Марціновіч.“У чаканні гарманіста”

 

Экспазіцыя была разгорнута ў мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці.

 

МАРА АБ СВЕТЛАЙ БУДУЧЫНІ

Павел Марціновіч.“У лодцы”

 

Як распавяла куратар праекта, вядучы спецыяліст па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Марыя Карпянкова, важную частку экспазіцыі складалі пяць маляваных дываноў Паўла Марціновіча з фондаў Любанскага музея народнай славы.

 

Павел Яўхімавіч нарадзіўся ў 1911-м у вёсцы Засмужжа на Любаншчыне, скончыў сямігодку. У калгасе займаў пасаду брыгадзіра, за добрасумленную працу і высокія паказчыкі быў нават дэлегаваны на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

Падчас Вялікай Айчыннай трапіў на фронт, атрымаў медаль “За перамогу над Германіяй”, а пасля працаваў паляводам, пастухом і мастаком-афарміцелем. Любіў спяваць і ўдзельнічаў у самадзейным хоры.

Меў трое дзяцей. Маляваць Павел Марціновіч пачаў яшчэ ў 1930-я, але найбольш запатрабаванымі яго работы сталі пасля вайны. Узнаўляліся разбураныя ліхалеццем вёскі, іх жыхары пасля жахаў акупацыі прагнулі прыгажосці ды мроілі аб светлым заўтра, імкнучыся аздобіць сціплыя інтэр’еры сваіх сялянскіх хат. Маляванкі былі даступным, дужа папулярным ды распаўсюджаным сродкам дадаць яскравых фарбаў у шэрую штодзённасць.

 

ПРЫГОЖА ЖЫЦЬ НЕ ЗАБАРОНІШ

Майстэрня мастака займала ў доме самы прасторны пакой, які называлі святліцай. На сценах было развешана шмат вялікіх дываноў. Яны ўражвалі багаццем колераў і экзатычнасцю пейзажаў, на якіх можна было пабачыць зусім не характэрныя для тутэйшых краявідаў горныя вяршыні і мноства яркіх мясцовых кветак.

Маляванкам уласцівае стварэнне ідэальнай карціны свету, своеасаблівага выраю, адлюстраванне гармоніі чалавека і прыроды. Дзяўчаты ды хлопцы з моднымі прычоскамі і ў прыгожым адзенні, якія з песнямі пад акампанемент музычных інструментаў плаваюць па азёрах у атачэнні лебедзяў, абавязковы палацык з калонамі на беразе — такім уяўлялася шчаслівае, бесклапотнае жыццё насельнікам беларускай пасляваеннай вёскі.

 

 

Натхненне Павел Марціновіч знаходзіў у паштоўках і рэпрадукцыях з кніг, а спецыяльнай адукацыі не меў.

Майстар памёр у 1981-м, і сёння адмыслоўцам вядомыя звыш двух дзясяткаў яго работ з пяццю сюжэтамі. Найбольшай папулярнасцю ў заказчыкаў карысталіся дываны з выявай лодкі, якія Павел Яўхімавіч пісаў у некалькіх тыповых варыяцыях. Маляваў ён таксама пейзажы і нацюрморты, што з задавальненнем дарыў з розных нагод сваякам ды знаёмым. Творы мастака дагэтуль можна знайсці ў вёсках Любаншчыны, а некаторыя траплялі і ў іншыя куткі Беларусі ды нават усяго Савецкага Саюза.

 

ПЕРАКЛІЧКА ПАКАЛЕННЯЎ

Маляваны дыван Вольгі Пілецкай

Як прыклад сённяшняга маляванага дывана і сімвал пераемнасці традыцый у праект уключана работа народнага майстра Рэспублікі Беларусь Вольгі Пілецкай, якую яна адмыслова падрыхтавала да выставы.

 

Анатоль Коцуб.“Лодка для дваіх”

 

Таксама тут прадстаўлены сучасны прафесійны жывапіс Антона Вырвы, Андрэя Карпянкова, Анатоля Концуба, Васіля Матусевіча і Юліі Мацура.

 

Юлія Мацура.“Час цішыні”

Апошняя падзялілася гісторыяй стварэння карцін з вобразам лодкі. Натхненне прыйшло да Юліі ў паездцы на Браслаўскія азёры. Асабліва аўтарку ўразіла найвялікшае возера, Дрывяты, з лодкамі, якія ранняй вясной умерзлі ў лёд. Такі сюжэт знайшоў адлюстраванне на адным з палотнаў, паказаных у экспазіцыі.

У 2017 годзе Юлія Мацура распачала працу над серыяй “Браслаўскія азёры”, дзе раскрывае вобразы лодак як жывых персанажаў з непаўторным шляхам.

 

Анатоль Коцуб.“Бясконцае плаванне”

 

У рамках выставы ладзіліся тэматычныя лекцыі і сустрэчы, кожны наведвальнік мог паспрабаваць зрабіць памятную паштоўку з лодачкай.

 

Андрэй Карпянкоў.“Празрыстае паветра”

 

Таксама быў арганізаваны майстар-клас па маляванцы пад кіраўніцтвам Вольгі Пілецкай: удзельнікі стваралі макатку — дэкаратыўны кілімок з элементамі маляванкі.

 

Васіль Матусевіч.“Апошні прычал”

Антон РУДАК