Госці Ашмянскага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры маюць магчымасць пагрузіцца ў атмасферу народнай творчасці. Выстава “Карагод лялек”, прымеркаваная да Дня беларускай лялькі, які адзначаўся 16 лістапада, стала святам для ўсіх, хто шануе традыцыі і любіць мастацтва.

Беларуская лялька не проста цацка, а жывы сімвал памяці, мастацкі вобраз, які перадае настрой свята і дух традыцый.

Аўтары экспанатаў — майстры цэнтра Марыя Заянчкоўская і Вольга Кавалеўская. Іх работы — гэта і мастацкія творы, і своеасаблівы летапіс народнага календара.
Вялікай цікавасцю ў наведвальнікаў карыстаецца “Кола свят”, кожнае з якіх прадстаўляюць лялькі ў парах, што сімвалізуе гармонію.
Асаблівай ўвагі заслугоўвае і велічная “Берагіня зямлі Ашмянскай” – лялька вышынёй каля метра! Яна складаецца з пяці вобразаў — ад дзяўчынкі да бабулі, увасабляючы пераемнасць пакаленняў і сувязь чалавека з роднай зямлёй.
Не менш цікавая і самая маленькая лялечка — “Ашмяначка”. У ёй нібы сканцэнтраваны дух рэгіёна: традыцыйны строй, а таксама дробныя дэталі, якія адлюстроўваюць мясцовыя асаблівасці.

Усяго ў экспазіцыі каля 60 экспанатаў, што дазваляюць убачыць разнастайнасць беларускіх свят і абрадаў, адчуць, як праз ляльку можна перадаць настрой моманту.
“Карагод лялек” — выдатная магчымасць дакрануцца да жывой традыцыі, убачыць, як праз простыя матэрыялы і ўмелыя рукі майстроў нараджаецца гісторыя. Выстава нагадвае: лялька ў беларускай культуры — сімвал і сведка народнай памяці.
Выстава працягнецца па 24 лістапада.
Марта БАГДАНОВІЧ. Фота аўтара