Жарсці па “Ядвізе”

Да чарговага Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі, што адбудзецца праз год, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску рыхтуецца ўжо цяпер. Тут паставілі “Ядвігу” Аляксея Дударава.

 

ПЕРАДГІСТОРЫЯ

Пры жыцці драматурга п’есу ставіў знакаміты Барыс Луцэнка. А сцэнаграфію і касцюмы прыдумляў цяперашні галоўны мастак Купалаўскага тэатра славуты Барыс Герлаван. Галоўнай метафарай спектакля 2008-га былі ланцугі, што звешваліся з-пад каласнікоў, вялізныя плямы крыві на задніку як сведчанне забойстваў пачатку ХVI стагоддзя, што пачаліся з дома сёстраў Русіноўскіх і ахапілі ўсё наваколле на Ашмяншчыне.

Дудараў абапіраўся на дакументальную навэлу “Зграя варон над гасцінцам” (другая назва — аповесць “Чорны шлях”) Канстанціна Тарасава. А той — на судовыя запісы ў архівах.

Дарэчы, дудараўская п’еса была не адзіным творам на гэты гістарычна-дэтэктыўны сюжэт. У 1990-м з’явілася опера Уладзіміра Солтана “Пані Ядвіга” на лібрэта Святланы Клімковіч — паводле ўсё тых жа тарасаўскіх нататак, што спярша друкаваліся ў СМІ. І ва ўсіх гэтых крыніцах — свая версія трагічных падзей. Але між п’есай і операй ёсць відавочныя паралелі.

Зразумела, з’яўляюцца дадатковыя персанажы. Цікава, што ў абодвух выпадках іх клічуць Ярашамі, хаця яны і зусім розныя. Але галоўнае — у тэатральных творах гераіня мае куды больш высакароднае аблічча, чым было насамрэч. Калі ў оперы Ядвіга змяняецца пад уздзеяннем кахання, хаця і працягвае ўзначальваць бандыцкую хеўру, дык у п’есе — ператвараецца ў ахвяру, што выпадкова перавысіла самаабарону, а потым падверглася шантажу.

 

ТЭАТРАЛЬНАЯ РЭАЛЬНАСЦЬ

Не стаў выключэннем і цяперашні спектакль. Ён не толькі працягнуў паляпшаць чалавечыя якасці цэнтральнай гераіні, але і надаў ёй самаахвярнасці. У п’есе Ядвіга абвяргала дараванае ёй жыццё пад уздзеяннем гетмана, які пераканаўча даводзіў, што гэтай княжай ласкай яна перакрэсліць кар’еру суддзі Вальковіча.

У спектаклі Ядвіга самастойна робіць няпросты маральны выбар (амаль як у творах Васіля Быкава) — прымае смяротнае пакаранне, бо не даруе самой сабе. І разумее, што не зможа жыць без каханага, з якім усё роўна будзе разлучана, адправіўшыся на катаргу.

Малады рэжысёр Ганна Мацюшкова адказна паставілася да ўскладзенай на яе задачы. На леташнім фестывалі тэатр абраў менавіта яе эскіз магчымай пастаноўкі аднаго з твораў Дударава, і нядаўняя студэнтка, сёлетняя выпускніца нашай Акадэміі мастацтваў, апраўдала давер калектыву. Ды што казаць, калі на спектакль працавалі нават яе родныя-блізкія! Бацька зрабіў вялізны стол-трансформер, здольны ператварацца і ў ложак, і ў турэмную камору.

У параўнанні з колішнім эскізным варыянтам быў знойдзены добры рэжысёрскі ход: Ядвіга (Марыя Дарагабед) атрымала свайго двайніка — міфалагічную Любаславу (Аліса Юшкевіч), якую ўсе лічаць прывідам-забойцам. На гэтую ідэю героя-двайніка працуе нават некаторае знешняе падабенства дзяўчат, асабліва на адлегласці, са сцэны.

Атмасфера містычнасці і сямейных таямніц, гэткіх “шкілетаў у шафе” ствараецца самымі простымі сродкамі — святло, люстэрка, сцэнічны дым-туман, напаўпразрыстая тканіна з мноствам сімвалічных адценняў. І з дапамогай фантазіі! Таму спектакль, жанрава азначаны як “даследаванне”, ад самага пачатку бярэ ў палон. І не адпускае да фіналу, нават калі ведаеш п’есу.

То містычна-філасофскімі, то кранальнымі ў выяўленні схаваных пачуццяў успрымаюцца пластычныя сцэны, пазбаўленыя слоў. Адзін толькі спуск герояў па лесвіцы, тое, як Вальковіч (Дзмітрый Тужакоў ці Даніл Данілаў) трымае Ядвігу за руку, гаворыць пра нараджэнне іх кахання больш, чым маглі б сказаць самыя красамоўныя фразы. Многае дагаворвае музыка, а песня “Ластаўка” Ганны Пінгінай становіцца своеасаблівым семантычным абагульненнем.

 

НАПЕРАДЗЕ ШЧАСЛІВЫ ЛЁС

Пастаноўка зроблена на два склады, акцёрскія працы будуць шліфавацца на працягу рэгулярных паказаў. Але ўжо цяпер відавочна: абрана даволі рэдкая на сёння і вельмі прыцягальная для гледача натуральная манера маўлення — быццам у кіно з яго рэалістычнасцю, без залішняга тэатральнага пафасу, хаця ў некаторых момантах і хацелася б крыху больш эмацыйнасці.

Пры ўсёй сваёй дэтэктыўнасці, спектакль вымушае найперш задумацца. Спраецыраваць учынкі герояў на сябе, адшукаць іншыя, больш спрыяльныя магчымасці развіцця падзей. І ўсё гэта без аніякага штучнага асучаснівання, хіба праз сцэнічныя строі, дзе акцэнтавана не гістарычная дакладнасць і адпаведнасць пэўнай эпосе, а некаторая “канцэртнасць” — тыя ж бліскучыя вячэрнія сукенкі гераіні (мастачкі Ева Каляда і Аляксандра Чвірава).

Бо гістарычная дакументальнасць, што стала штуршком да мастацкіх абагульненняў, тут ператворана ў пазачасавую прыпавесць, надзвычай актуальную і сучасную па ўзнятай праблематыцы. Пра цяжкую жаночую долю, калі шлюб без кахання. Пра сапраўдны гонар і беспадстаўную ганарлівасць. Пра чалавечую годнасць і права на яе не толькі мужчын, але і жанчын. Пра сямейны гвалт, што прыкрываецца вонкавай дабрадзейнасцю. Пра маленькія злачынствы, што спараджаюць усё больш вялікія: як працытавана ў праграмцы, “з кроплі крыві, з адной толькі кроплі — мора бязмежнае”. Пра безвыходнасць, з якой абавязкова знойдзецца выйсце, калі захаваць у сабе чалавечнасць, спагаду, сумленне, уменне дамаўляцца, а не дзейнічаць сілай.

Відавочна, наперадзе ў “Ядвігі” доўгі шчаслівы лёс. Не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі: невыпадкова ж спектакль пастаўлены ў рускамоўным перакладзе, з надзеяй на паспяховыя гастролі.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра