Працягваем падарожжа ў аг. Красны Бераг. Сёння наведаемся ў наступны філіял Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музейнага комплексу.

ГІСТОРЫЯ ДРУГАЯ: ЗАМАК СА СНОЎ
Сядзіба XIX стагоддзя Козелаў-Паклеўскіх не была пашкоджана ў 1941— 1945-м. Як сцвярджаюць супрацоўнікі тутэйшага музея, у яе не трапіла ніводная бомба — ні нямецкая, ні савецкая. Такім чынам, будынак, пакоі, іх афармленне і нават большасць экспанатаў аўтэнтычныя.
Падобны на замак з дзіцячых сноў маёнтак Красны Бераг быў узведзены ў 1893 годзе. Сёння можна ўбачыць і сам дом, і флігель, і гаспадарчыя пабудовы, і цудоўны парк. Вонкавае аблічча сядзібы ўпрыгожваюць вежы, мансардавыя дахі, гаргуллі на галоўным уваходзе.

А залы спалучаюць элементы больш як 10 стыляў: гатычнага, раманскага, ракако, маньерызму, барока, класіцызму…
ЗРУЧНАСЦЬ У ДРОБЯЗЯХ

Па волі заможнага гаспадара над загараднай рэзідэнцыяй працаваў запрошаны з Пецярбурга архітэктар Віктар Шротэр. Дойлід улічыў усе пажаданні заказчыка — атрымаўся вельмі зручны для пражывання, хай і часовага, дом.
Больш удалага праекта той пары знайсці немагчыма. Тут прадумана ўсё да дробязей: залы для прыёму гасцей і для адпачынку, зімовы сад, парадны ўваход прывабліваюць шыкоўнасцю.

Схаваная ад пабочнага вока лесвіца вядзе на другі паверх, дзе знаходзіцца бацькоўская спальня, кабінет гаспадара, месца для вольнага часу гаспадыні.

Праз лесвічную пляцоўку — дзіцячыя пакоі: асобна для сыноў і для дачкі. Побач памяшканне для нянькі і гувернантак. Так, малыя заўсёды заставаліся пад наглядам дарослых.

Надзвычай прыгожы і зімовы сад, які мае выхад у парк.

Непадалёк расце вялізны, у некалькі абхватаў, ясень, што з’явіўся яшчэ падчас закладкі парку. Кажуць, калі побач з гэтым дрэвам загадаць запаветнае жаданне, яно спраўдзіцца.
А яшчэ існуе павер’е, быццам ясень дапамагае ў каханні: адзінокім прарочыць сустрэчу, а тым, хто ў пары, дорыць паразуменне і пяшчоту.
АБЯРЭГ АД ЗЛЫДНЯЎ
Дарэчы, муж і жонка Козелы-Паклеўскія былі надзвычай прымхлівымі, верылі ў розныя прадказанні і забабоны.

Менавіта каб пазбегнуць нападкаў на сядзібу нячыстай сілы, гаспадары ўсталявалі каля галоўнага ўвахода на вежках постаці гаргулляў.
Калі трапіць у будынак праз парадныя дзверы, не абмінеш адмысловы калідор: справа і злева ад лесвіцы адно насупраць аднаго знаходзяцца вялізныя, некалькі метраў вышынёй, люстэркі. Козелы-Паклеўскія верылі, што той, хто мае намер пракрасціся ў дом з нядобрай задумай, не пераадолее гэты “тунэль”, бо ён уцягне ў сябе непрыяцеля.
Абаронай ад злога вока служаць і элементы дэкору. Да прыкладу, у ляпных аздобах як абярэг ужыты трыліснікі і вінаградная лаза. Такія ж вобразы можна знайсці і на столі.
ТОНКАЕ МАСТАЦТВА
Дарэчы, столі заслугоўваюць асаблівай увагі — зрэшты, як і падлога. Уявіце: у будынку каля паўсотні пакояў, а ніводзін малюнак паркету не паўтараецца!

Тое ж можна сказаць і пра столі. Яны ўпрыгожаны разьбой па дрэве (пераважна гэта спецыяльна апрацаваны дуб) і сусальным золатам. Кожны элемент створаны ўручную і прымацаваны ў строгім геаметрычным парадку. Столі перажылі рэвалюцыю і дзве вайны! Прычым — не рэстаўраваліся.
Не аднаўлялі і многія іншыя прадметы: мэблю, дзіцячыя цацкі, музычныя інструменты і нават аўтэнтычны абраз “Прыбаўленне розуму”, прывезены ў сядзібную малельню для дзяцей гаспадароў.
САВІНЫ КАМЕНЬ З ВАЧЫМА
У англійскім парку, разбітым па праекце Францішка Шаніёра на плошчы каля чатырох гектараў, захаваліся аксаміцісты клён, лістоўніца, піхта, граб, дуб, серабрыстая таполя і дрэвы іншых відаў, пасаджаныя яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя.
Парк абмежаваны з трох бакоў высокай цаглянай сцяной, а з чацвёртага — ракой Добаснай. Калі гуляць па дарожках, адна з іх выведзе да ракі, другая — да загадкавага “савінага каменя” — валуна з дзвюма трыкутнымі адтулінамі-вачыма. Лічыцца, што ён таксама здзяйсняе жаданні — толькі ўжо ў прафесійнай сферы.
ВАРТА НАВЕДАЦЬ

Чаму яшчэ трэба зазірнуць у сядзібу Козелаў-Паклеўскіх у Красным Беразе? Яна ўваходзіць у турыстычны маршрут “Залатое кальцо Гомельшчыны”. Маёнтак занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, а парк — у пералік помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.

Сюды ёсць сэнс завітаць дзеля таго, каб прагуляцца па маляўнічых алеях, наталіцца прыгажосцю архітэктурнага шэдэўра, захапіцца талентам яго стваральніка і ўявіць, як стагоддзе таму тут цякло жыццё.
Ірына СТАНКЕВІЧ.
Фота аўтара і Музея-сядзібы XIX ст. Козелаў-Паклеўскіх