Красны Бераг: погляд праз дзесяцігоддзі. Частка першая

Сёння наш культурна-турыстычны маршрут пралягае ўздоўж трасы М-5 Мінск — Гомель: побач з ёй у Жлобінскім раёне знаходзіцца аграгарадок Красны Бераг.

Месца вядомае па адным з самых жахлівых эпізодаў Вялікай Айчыннай і эмацыйным мемарыяльным комплексе “Дзецям — ахвярам вайны”. Завітаем туды, каб аддаць даніну памяці ўсім пакутнікам ліхалецця…

Пасля працягнем падарожжа па іншых часах нашага мінулага — у наступным філіяле Жлобінскага гісторыкакраязнаўчага музейнага комплексу.

 

ГІСТОРЫЯ ПЕРШАЯ: СІМВАЛ ПАКУТ

Мемарыяльны комплекс і музей “Дзецям — ахвярам вайны” быў адкрыты ў 2007-м там, дзе ў гады Вялікай Айчыннай дзейнічаў зборны пункт і перасыльны дзіцячы лагер. Знакаміты архітэктар Леанід Левін ствараў мемарыял у суаўтарстве з дачкой Галінай. Комплекс узводзілі як сімвал памяці пра ўсіх нашых людзей, чыё маленства было апалена вайной, пра тых, хто выжыў, і тых, хто згінуў у жорнах трагічнай пары. Розныя элементы мясціны прысвечаны дзіцячым канцлагерам, рабскай працы, няспраўджаным марам…

 

ДЗІЦЯЧЫЯ СЛЁЗЫ І КРОЎ

За няпоўныя два месяцы існавання перасыльнага пункта праз яго прайшло амаль 2000 хлопчыкаў і дзяўчынак са Жлобінскага і з суседніх раёнаў. Красны Бераг быў зборным пунктам, куды ў чэрвені 1944 года на працягу некалькіх тыдняў немцы звозілі малых з усёй акругі.

Мылі, аглядалі, бралі кроў на аналіз, вешалі шыльдачкі, на якіх пісалі групу крыві. Потым адпраўлялі далей: частку як донараў — у шпіталі, частку — на працы ў Германію.

Мяркуецца, гэтыя дзеці папаўнялі і Саласпілс. Там быў донарскі канцлагер. Што датычыцца мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, усе 15 чалавек працавалі ў Германіі — хто ў памешчыкаў, хто на заводзе. Навукоўцы не выключаюць, што кроў бралі і для патрэб параненых афіцэраў, бо ў сядзібе непадалёк падчас вайны знаходзіўся нямецкі шпіталь.

Каб пазбегнуць перасыльнага лагера, дзеці ды іх бацькі хітравалі: націралі цела крапівой — з’яўляліся пухіры, падобныя на каросту. Хворыя, зразумела, для донарства не былі прыдатныя.

 

СЕМ ПРОМНЯЎ І АПОШНІ ШЛЯХ

Мемарыял створаны ў форме сонца, з якога выходзяць восем промняў. Сем скіраваны ў яблыневы сад — для Леаніда Левіна тое было прынцыпова. Як сцвярджаў архітэктар, гэтае дрэва — сімвал маладосці, радасці.

А адзін промень, выкладзены з цёмнашэрай пліткі, — нібыта шлях, які для многіх дзяцей вайны стаў апошнім. Ён вядзе да скульптуры аўтара Аляксандра Фінскага. Хударлявая дзяўчынка ўзняла рукі ўгору, закрываючыся ад чорнага варожага ліха. Схіліўшы галаву, праходзім міма статуі і трапляем у школьны клас. Ён пусты. Белыя парты і… цішыня. Гэта напамін пра тых, каго праглынула вайна. А на дошцы — ліст дзяўчынкі-падлетка з варожага палону да бацькі. Яна расказвае пра жахі, з якімі сутыкнулася, і просіць тату адпомсціць за яе і маці.

 

МАЛЮНКІ ЖЫЦЦЯ І БЕЛЫ ПАРУСНІК

За дошкай размешчана самая светлая і вясёлкавая частка мемарыяла — “Плошча Сонца”. У цэнтры — белы паруснік, што сімвалізуе мары, якім не наканавана было спраўдзіцца. Побач — 24 мальберты-вітражы, выкананыя па малюнках дзяцей.

Пры стварэнні экспазіцыі аўтар падымаў архівы пасляваенных дзіцячых дамоў, каб знайсці малюнкі той пары. Яны ўсе сапраўдныя. Варта ўгледзецца ў іх, каб зразумець, пра што марылі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія перажылі ліхалецце. Дарэчы, адзін з малюнкаў належыць Леаніду Левіну.

 

ЛЮДЗІ, ПАМЯТАЙЦЕ!

Лёсы большасці з 1990 дзяцей, якія прайшлі праз зборны пункт, невядомыя. Ёсць толькі звесткі, што мясцовыя, краснабярэжскія, вярнуліся дадому. Калі адкрыўся мемарыял і сюды сталі прыязджаць іншыя дзеці вайны, супрацоўнікі музея дапоўнілі архіў успамінаў. Цяпер тут захоўваецца важкая папка рукапісных і друкаваных аповедаў маленькіх ахвяр ліхалецця.

Але мемарыял у Красным Беразе не пра долю аднаго беларускага мястэчка. Ён — аб вялікай трагедыі, якую перажылі мільёны, а мільёны не змаглі перажыць…

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з сайтаў:
спецыяльнага праекта "Абеліскі вялікага подзвігу"
Выдавецкага Дома "Беларусь Сегодня"
і праекта "Музеі Беларусі разам з Белкарт"