Жыццё педагога — у яго вучнях

Апублiкавана: 17 лiстапада 2025 Стужка Музыка Мінск На сваім месцы

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Уладальнік узнагароды “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, прафесар кафедры спеваў і музычна-тэатральнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прафесар Міхаіл Зданевіч прысвяціў вакальнаму мастацтву ўсё жыццё. Больш за 60 гадоў ён спявае сам і вучыць гэтаму юнае пакаленне.

— Міхаіл Аляксандравіч, якімі якасцямі трэба валодаць, каб стаць прафесійным вакалістам?

— Безумоўна, музычным слыхам, голасам і вялікай працаздольнасцю. Спецыяльная адукацыя таксама патрэбная, але выпадкі бываюць розныя. І я таму прыклад. Спяваць стаў у 1960-м, калі скончыў дзесяцігодку і пайшоў працаваць рулявым матарыстам на цеплаход.

— І як з тэхнічнай сферы вы трапілі ў творчую?

— Вельмі любіў спевы. Аднойчы мой сябар Фёдар Богдан — дарэчы, выдатны барытон, які вучыўся у Брэсцкім музычным вучылішчы, — пачуў мой голас і навёў на думку паспрабаваць сябе ў вакале. Я ж зусім не валодаў нотнай граматай, не ведаў нават, дзе якую ноту пісаць. Але рызыкнуў. І што дзіўна, паступіў!

— Цяжка было вучыцца?

— У мяне быў цудоўны педагог — Меліціна Іванаўна Арэнская, уладальніца дзівоснага сапрана. Займалася яна з усімі галасамі — ад самых высокіх да басоў.

Потым у 1963-м мяне прызвалі ў войска. Ізноў пашчасціла — тры гады служыў у ансамблі песні і танца пад кіраўніцтвам вядомага ў свой час Ігара Раеўскага. Гэта была сапраўдная школа жыцця і вакалу! І выканаўцы побач шыкоўныя: Віктар Вуячыч, Уладзімір Мулявін, Аляксандр Рудкоўскі, Аскольд Сухін, Віктар Стральчэня, іншыя выбітныя вакалісты… Я ў іх вучыўся.

І паступленне пасля дэмабілізацыі ў кансерваторыю стала заканамерным. Іншых варыянтаў нават не разглядаў.

— Пэўна, і ў ВНУ вам пашанцавала на выкладчыкаў?

— Вядома! Я ўвогуле шчаслівы чалавек. Трапіў у клас да Сяргея Дзмітрыевіча Асколкава. Ён цудоўны педагог! Шмат чаго мне даў: і як выканаўца, і як настаўнік, і як чалавек. Цяпер яго выпускнікі спяваюць па ўсім свеце, маюць высокія ўзнагароды і званні. Некаторыя, як і я, працуюць выкладчыкамі і працягваюць яго дзейнасць.

— Міхаіл Аляксандравіч, а што вы любіце спяваць?

— І акадэмічную музыку, і добрую эстраду. Маладзейшым я Бабаджаняна шмат спяваў, іншых. І цяпер люблю, калі мае студэнты бяруцца за эстраду — падкрэсліваю: якасную. З трэцяга курса кансерваторыі пачаў працаваць у оперным тэатры. Там, зразумела, рэпертуар іншы: выконваў партыі Барыса Гадунова, Мефістофеля, Лепарэла, Грэміна.

З сучасных — Старажова ў оперы Хрэннікава “У буру”. Вельмі любіў гэту партыю. У той час акадэмічная музыка выйшла на першае месца, а эстрада засталася для душы.

Шмат гастраляваў. Усяго ў оперным тэатры адпрацаваў на вядучых ролях каля 15 гадоў.

— Чаму ж пайшлі з яго?

— Па стане здароўя. Так здарылася, што, будучы хворым, выйшаў на сцэну. Перанапружыў звязкі — і… Карацей кажучы, доўга потым лячыўся — і ў Маскве, і ў Ленінградзе. Здароўе вярнуць удалося, але праз пэўны час — рэцыдыў, і давялося адмовіцца ад вялікіх партый. Вось тады і змяніў від дзейнасці.

— Раскажыце, як гэта адбылося.

— У той час рэктарам Акадэміі музыкі быў мой даўні знаёмы Ігар Лучанок. Ён паклікаў да сябе і кажа так безапеляцыйна: “Прыходзь да мяне загадчыкам кафедры опернай падрыхтоўкі”. Адказваю: “Я ж ніколі не быў, не ведаю, як што рабіць!” А ён: “Я таксама не ведаў, як быць рэктарам, — навучыўся. І ты навучышся”. І вось 29 гадоў — як адзін дзянёк!..

З цягам часу пачаў браць вучняў. Спачатку аднаго, потым яшчэ аднаго, потым яшчэ і яшчэ… І вось ужо колькі гадоў працую ў якасці прафесара на кафедры.

— Колькі цяпер у вас студэнтаў?

— На гэты навучальны год пяцёра. Два трэцякурснікі, два другакурснікі і аднаго ўзяў сёлета. Старанны такі хлопец, Іван Нікалаеў. Прыехаў у Беларусь вучыцца з Самары, бо наша акадэмія ў іх лічыцца за лепшую. Пакуль ён, так бы мовіць, “сыры матэрыял”, але з добрым патэнцыялам. Усе ў маёй пяцёрцы — здольныя, і ўсе любімыя.

Дарэчы, займацца са студэнтам — справа гонару і іспыт на годнасць педагога. Ты ставіш голас, вучыш працаваць мышцамі гартані, кіраваць голасам — і адказваеш за яго будучыню.

— Раскажыце, як вы выбіраеце для сябе падапечных?

— Нельга сказаць, што я ці хтосьці з іншых педагогаў выбіраюць сабе найлепшых. Іншым разам здаецца, што абітурыент слабы, але бачыш патэнцыял і разумееш: з яго можна зрабіць прафесіянала. З такімі працаваць асабліва прыемна. Наўмысна не буду называць прозвішчы, каб не пакрыўдзіць каго, але скажу: такія сярод выпускнікоў ёсць.

— Міхаіл Аляксандравіч, а хто самыя любімыя?

— Ведаеце, яны ўсе розныя і ўсе любімыя — як уласныя дзеці. Кожны са сваёй разыначкай. Тут галоўнае знайсці падыход і развіваць асабістыя здольнасці.

Калі ж вы пытаеце пра выпускнікоў-выдатнікаў, то не магу не назваць студэнта з Кітая Цдзя Сінь. Мы займаліся з ім сем гадоў. Цяпер малады вакаліст вярнуўся на радзіму, выконвае вядучыя оперныя партыі. Днямі даслаў мне свае фота і кавалачак відэа з пастаноўкі. Шыкоўны голас, шыкоўнае выступленне!

Шмат добрых слоў можна сказаць пра выпускнікоў Антона Карчэўскага і Кірыла Кучынскага. Гэта сапраўдны гонар. Яны маюць шыкоўныя галасы і галоўнае — умела імі валодаюць. Запомніце іх імёны: у спевакоў вялікая будучыня.

— А ў чым бачыце будучыню педагога?

— У вучнях. Напрыклад, я сёння згадаў Меліціну Іванаўну, іншых сваіх настаўнікаў — вось і працягнулася іх будучыня. Крышачку, але працягнулася. А мая будучыня, адпаведна, у руках маіх вучняў.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА