З натхненнем і радасцю

Апублiкавана: 14 лiстапада 2025 Стужка Цырк Віцебск і воблась Дата

Аўтар: Аўтары

Узорная цыркавая студыя “Фантазёры” адзначыла 20-годдзе. Юбілейная шоу-праграма “Падарожжа ў часе” стала сапраўдным святам натхнення, настальгіі і радасці.

 

Цыркавая студыя “Фантазёры” была створана ў 2005 годзе на базе Гарадскога Цэтра культуры “Перамога”. Яе заснавала Святлана Раўкоўская, артыстка цырка, педагог. З 2022-га да кіраўніцтва студыяй далучылася яе выхаванка Дар’я Башкова.

Калектыў упэўнена спалучае класічныя традыцыі цыркавога мастацтва з сучаснымі сцэнічнымі формамі, захоўваючы непаўторны стыль і творчы напрамак.

 

НА МАШЫНЕ ЧАСУ

Урачыстасць разгарнулася ў Аршанскім раённым Цэнтры культуры 17 кастрычніка. Падрыхтоўка да юбілею вялася з мая. Рэпетыцыі праходзілі ў інтэнсіўным рэжыме: выхаванцы адточвалі сінхроннасць, пластыку і акцёрскае майстэрства, педагогі — харэаграфію і візуальную выразнасць, а бацькі дапамагалі ў стварэнні дэкарацый і касцюмаў.

Сюжэт шоу-праграмы перанёс гледачоў у мінулае — у 1980-я і 1990-я. Галоўныя героі з дапамогай машыны часу адпраўляліся ў эпоху касет, дыска і першых відэакліпаў. Аднак машына часу згубілася, і персанажам трэба было прайсці займальнае падарожжа скрозь дзесяцігоддзі, каб знайсці яе і вярнуцца дадому.

Пад папулярныя мелодыі “фантазёры” выконвалі акрабатычныя, эквілібрыстычныя і паветраныя нумары, ствараючы атмасферу рэтрагламуру і добрай настальгіі. Тэатральная падача, жывыя эмоцыі і старанна падабранае музычнае суправаджэнне зрабілі прадстаўленне па-сапраўднаму відовішчным і захапляльным.

 

ЦЁПЛА І ЎРАЧЫСТА

Асаблівую цеплыню святу надала ўрачыстая частка. З прывітальнымі словамі выступілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама Марыя Шматава і начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Гарбачоў, якія адзначылі высокі ўзровень майстэрства калектыву, вернасць традыцыям і значны ўклад педагогаў у развіццё дзіцячай творчасці.

Ганаровай госцяй вечара стала Ірына Зайцава — дырэктар Усерасійскага творчага праекта “Дарога ў цырк” і Дабрачыннага фонду Юрыя Нікуліна “Цырк і міласэрнасць”. Яна падзякавала юбіляру за прафесіяналізм і адданасць цыркавому мастацтву, а таксама зачытала віншаванне Максіма Нікуліна, дырэктара легендарнага Маскоўскага цырка Нікуліна на Цвятным бульвары, і ўручыла памятны падарунак.

— Цыркавая студыя “Фантазёры” — гэта не проста калектыў, а сапраўдная школа жыцця, дзе дзеці вучацца верыць у сябе, пераадольваць цяжкасці і, нягледзячы ні на што, любіць цырк і дарыць радасць гледачам, — адзначыла Ірына Іванаўна.

Павітаць імяніннікаў прыехалі артысты Белдзяржцырка — клоўнскі дуэт “Chemonari” братоў Фурманавых. Прыбыў з Мінску і кіраўнік эстрадна-цыркавога ансамбля “Рамантыкі” Сяргей Ложкін з вучаніцай Ангелінай Пунтус. Іх выступленні і цёплыя словы сталі сапраўдным упры гожаннем свята. Дырэктар цырка-шапіто “Сірыус” Сяргей Кахновіч таксама прывёз падарунак і сказаў шмат прыемнага аб прафесіяналізме “фантазёраў”.

Віншавалі юбіляраў і цыркавая студыя “Монтэ-Карла” з Пінска, і “Цырк Фэст” з Гомеля, і школа цыркавога мастацтва “Fox” з Віцебска. Пацешылі відэапаштоўкі ад тых, хто не змог прысутнічаць асабіста, — прывітанні з вялікага экрана гучалі ад сяброў з розных куткоў свету.

 

УДЗЯЧНАСЦЬ І ЗАХАПЛЕННЕ

Кіраўнікі студыі Святлана Раўкоўская і Дар’я Башкова падзякавалі ўсім, хто на працягу 20 гадоў быў побач, — выхаванцам, іх бацькам, партнёрам, выпускнікам, гледачам. Тым, хто прычыніўся да падрыхтоўкі юбілейнага свята: узорнаму харэаграфічнаму калектыву “Весялушкі”, народнаму гарадскому аматарскаму тэатру... Асаблівая ўдзячнасць — Маскоўскаму цырку Юрыя Нікуліна.

— Цырк — гэта самы жывы напамін пра дзяцінства, радасць і свята. Няхай цыркавое мастацтва працягвае натхняць і аб’ядноўваць нас! — пажадала Святлана Раўкоўская.

Урачысты вынас эксклюзіўнага торта з запаленымі свечкамі, маляўнічы залп канфеці з гарматы і бурныя апладысменты гледачоў сталі эфектным фіналам вечара.

Захопленыя водгукі гасцей пацвердзілі: “Фантазёры” зноў здолелі здзівіць, крануць і натхніць. Публіка адзначала высокі ўзровень падрыхтоўкі, эмацыйнасць нумароў і адмысловую атмасферу цяпла і прафесіяналізму, якая вылучае гэты калектыў. Сёння “Фантазёры” — гэта не проста цыркавая студыя, а сапраўдная школа жыцця і натхнення, дзе дзеці вучацца верыць у сябе, пераадольваць цяжкасці і дарыць радасць людзям. Поспех калектыву — вынік шматгадовай працы педагогаў, падтрымкі бацькоў і садзейнічання дзяржаўных структур.

Юбілейная праграма “Падарожжа ў часе” стала сімвалам пераемнасці пакаленняў, творчай энергіі і любові да цыркавога мастацтва, якое ўжо 20 гадоў натхняе аршанцаў і пакарае гледачоў далёка за межамі Беларусі.

Арына ДАЎГІЛАВА. Фота Марыны ДАРОНІНАЙ