Усе нумары тут — эксклюзіў

Апублiкавана: 13 лiстапада 2025 Стужка Цырк Гомель і вобласць Соцыум

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Насычаны і цікавы шлях пераадолеў праект “Парад Вялікай Перамогі”, перш чым апынуцца перад беларускім гледачом: больш за год падрыхтоўкі, сотні рэпетыцый, мноства прэм’ерных паказаў у розных гарадах Расіі і мора станоўчых водгукаў захопленай публікі.

 

— “Парад Вялікай Перамогі” — даніна памяці тым, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць Радзімы, — адзначыла генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага цырка Анастасія Сарасека. — Ён нагадвае аб гераізме, стойкасці і самаадданасці воінаў-пераможцаў. Праграма напоўнена шчырай любоўю да Айчыны, тымі вечнымі каштоўнасцямі, што аб’ядноўваюць пакаленні і абуджаюць гонар за нашу гісторыю.

 

ПА-ЗА РАМКАМІ

“Увага, гаворыць Масква! Перадаём важнае ўрадавае паведамленне. Грамадзяне і грамадзянкі Савецкага Саюза, сёння ў 4 гадзіны раніцы без усялякай аб’явы вайны германскія ўзброеныя сілы атакавалі межы Савецкага Саюза...” — легендарным і нетыповым для манежа радыёзваротам адкрываецца “Парад Вялікай Перамогі”.

— Для многіх цырк — сінонім свята і забаў, феерверк колераў і смеху. Ваенная тэматыка здаецца тут недарэчнай. Але менавіта цыркавое мастацтва здольнае аб’яднаць людзей, бо гаворыць мовай, якую разумеюць усе сэрцы, — падкрэсліла мастацкі кіраўнік і рэжысёр-пастаноўшчык Дар’я Касцюк. — Гэты спектакль — магутны пасыл, звернуты да будучыні: ён фарміруе светапогляд юных гледачоў, даступна транслюе ім найважнейшыя духоўныя каштоўнасці. Шоу ўключае і драматычныя, і відовішчныя эпізоды, бо без радасці, узаемадапамогі, любові і падтрымкі перамога была б немагчымай.

Апавяданне разгортваецца нібыта серыя карцін, кожная з якіх адлюстроўвае пэўны этап вайны: ад першых залпаў, вестачак з дому і канцэртаў на перадавой да вырашальнага штурму Рэйхстага і легендарнага Парада на Краснай плошчы.

— Сярод маіх праектаў “Парад Вялікай Перамогі” — любімы. Усе нумары тут — эксклюзіў. У ранейшых пастаноўках яны заўсёды былі на пярэднім плане. Гэты спектакль нібы вытанчаныя каралі, дзе кожны элемент — каштоўнасць, — адзначыла Дар’я Касцюк. — Падчас рэпетыцый артысты імгненна прасякаліся яго атмасферай, перадавалі пачуцці з неверагоднай дакладнасцю. Напэўна, патрыятызм глыбока ўкаранёны ў свядомасці нашага народа, быццам закладзены ў самой прыродзе.

 

ГЕРОЯМ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

Асобную ўвагу стваральнікі праграмы надалі жыццю і подзвігу франтавых брыгад. Рэалістычныя дэкарацыі, архіўная хроніка на вялікім экране, аўтэнтычныя вайсковая форма, зброя і тэхніка, у прыватнасці рарытэтны матацыкл “УРАЛ М-72” і ўзноўлены самалёт “У-2”, ствараюць непаўторную атмасферу, якая цалкам захапляе гледача.

— У “Парадзе Вялікай Перамогі” знаходжу адлюстраванне і сваёй асабістай гісторыі. Мой дзядуля Леанід Сямёнавіч, эквілібрыст і заснавальнік цыркавой дынастыі, у гады Вялікай Айчыннай вайны быў сапёрам. Вярнуўся з фронту без раненняў, — расказала Дар’я Касцюк. — Так прыемна, што гледачы, асабліва дзеці, дзякуючы спектаклю пачынаюць цікавіцца біяграфіяй продкаў, якія абаранялі Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адзін з самых напружаных момантаў пастаноўкі — нумар “Штурм Рэйхстага”. Канатаходцы Красновы выконваюць на 8-метровай вышыні складаны трук, занесены ў Кнігу рэкордаў Расіі.

— Ён патрабуе вялізных фізічных і эмацыйных намаганняў. Музыка гучыць з неверагоднай сілай, а гімнасцёркі моцна абмяжоўваюць свабоду рухаў, — расказаў артыст Філіп Красноў. — Наша задача не проста бездакорна выканаць акрабатычныя элементы, а ўзнавіць атмасферу і эмоцыі, якія перажылі салдаты, калі ўзнімалі Сцяг Перамогі.

 

МОЦ ДРЭСУРЫ

Асаблівае месца ў новай праграме займаюць нумары з жывёламі. Гэта “Чыкага” Надзеі Чэбат з сабакамі, “Гульнятэка” Людмілы Чугуновай з марскімі львамі, атракцыён “Лабірынт” Наталлі Волкавай з мядзведзямі.

— Мы прывыклі, што касалапыя артысты часцей за ўсё катаюцца на роварах, скачуць і куляюцца. У нашым спектаклі яны яшчэ і разгадваюць галаваломку, — расказала рэжысёр-пастаноўшчык. — Сапраўдная перліна праграмы — знакаміты конны атракцыён імя народнага артыста Расіі Тамерлана Нугзарава, які спалучае ўнікальныя жанры — “вышэйшая школа верхавой язды”, “конная пошта” і “джыгітоўка”. Адначасова на манежы задзейнічана 18 коней!

Чым яшчэ здольны здзівіць неверагодны свет цыркавога чараўніцтва, дзе гістарычная рэканструкцыя спалучаецца з акрабатыкай, гімнастыкай і дрэсурай? Адказ шукайце на гомельскім манежы.

Магчымасць паглядзець неверагодны спектакль можна па 30 лістапада.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы