Часовая экспазіцыя “Цана вайны”, прымеркаваная да 80-годдзя заканчэння Другой сусветнай, працуе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Як адзначыў падчас урачыстага адкрыцця выставы першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін, мы шмат гаворым аб героях, баявых дзеяннях, партызанскім руху, але не павінны забываць, што вайна — гэта яшчэ і супрацьстаянне эканамічных сістэм. Савецкі Саюз быў краінай без фондавага рынку, якая мела пэўную абмежаванасць інструментаў прыцягнення грашовых сродкаў для фінансавання расходаў, але, тым не менш, здолела забяспечыць практычна ў поўным аб’ёме свае ваенныя патрэбы.
Дырэктар музея Уладзімір Варапаеў, у сваю чаргу, нагадаў, што агульныя чалавечыя страты ў самай разбуральнай у гісторыі чалавецтва вайне, у якую былі ўцягнутыя 62 дзяржавы, склалі некалькі дзясяткаў мільёнаў чалавек, а фінансавыя выдаткі краін-удзельніц — больш за 15 трыльёнаў долараў.
ПАЎТЫСЯЧЫ ЭКСПАНАТАЎ

Як распавяла намеснік галоўнага захавальніка фондаў Святлана Прыбыш, гэтая экспазіцыя ўнікальная, бо ўпершыню ў гісторыі айчыннай музейнай справы ў яе аснову пакладзеныя прадметы з музейных калекцый баністыкі і нумізматыкі, якія пачалі фарміравацца ў музеі адпаведна ў 1948 і 1952 гадах. Сумарна ў гэтых калекцыях знаходзяцца каля 1600 адзінак, многія з іх упершыню шырока прадстаўлены на агляд публікі.
Экспазіцыя змяшчае грашовыя знакі, аблігацыі і манеты краін антыгітлераўскай кааліцыі — Савецкага Саюза, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі, а таксама “восі” — Германіі, Японіі, Італіі і акупаваных імі краін.

Яшчэ тут можна пабачыць уніформу, зброю, ваенную амуніцыю, што дапамагаюць уявіць, як былі экіпіраваныя ўзброеныя ўдзельнікі вайны. Агулам на выставе прадстаўлена больш за паўтысячы экспанатаў.

НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ГРОШЫ
Куратар выставы, загадчык аддзела рэчавых крыніц Людміла Пракапенка адзначыла, што да стварэння экспазіцыі падштурхнулі новыя паступленні за апошнія два гады. Так, напрыклад, у музей звярнуўся чалавек, які на добраахвотнай аснове перадаў у фонды амаль тры сотні артэфактаў — акцыі, аблігацыі, банкноты, манеты.

Любыя падзеі, якія адбываюцца ў свеце, у сваёй аснове маюць грошы, для вядзення любой вайны патрэбная фінансавая падушка, таму праз грашовыя знакі было вырашана паказаць, як забяспечвалася вайна. Большая частка выставы прысвечана менавіта банкаўскай сферы і фінансавым рэсурсам розных краін таго часу. Блокі адрозніваюцца па аб’ёме, бо ў перадваенны перыяд СССР, еўрапейскія краіны і ЗША знаходзіліся ў розных эканамічных сітуацыях.
Гэтая тэма спецыфічная і, магчыма, цікавая не надта шырокаму колу, але тое, як людзі жылі і якімі грашыма карысталіся ў гады вайны, — таксама частка гісторыі. Напрыклад, вывучаючы акцыі нямецкіх прадпрыемстваў, што пачыналі сваю гісторыю як цывільныя, але ў эпоху нацызму сталі працаваць на вермахт. Можна прасачыць перапляценне мірнага і ваеннага жыцця, убачыць перараджэнне гэтых прадпрыемстваў, бо яны пачалі выпускаць прадукцыю, якая несла смерць і разбурэнні.
Тут можна азнаёміцца і з гісторыяй сакрэтных аперацый па выпуску фальшывых грошай краін-саюзніц, што ладзіліся нацысцкімі спецслужбамі. А таксама — з такімі незвычайнымі плацёжнымі сродкамі, якія выпускаліся на тэрыторыях, кантраляваных партызанамі розных краін, альбо лагерныя грошы, што мелі хаджэнне ў створаных гітлераўцамі канцэнтрацыйных лагерах на тэрыторыі Еўропы.
ВАРТАСЦЬ ЖЫЦЦЯ

З адкрыццём экспазіцыі музейная калекцыя нумізматыкі папоўнілася новымі прадметамі, сярод іх — чатыры залатыя манеты, выпушчаныя ў 1995-м да 50-годдзя Перамогі, якія ў дар музею перадаў Белаграпрамбанк. Як адзначыў першы намеснік старшыні праўлення банка Павел Васілеўскі, тэма вайны самая чулая і патаемная ў сэрцы беларусаў, якія памятаюць аб генацыдзе народа, аб разбураных гарадах і спаленых вёсках.
Выстава “Цана вайны” — гэта крыху іншы погляд на падзеі таго часу, погляд на тое, што кожная вайна — гэта каласальныя фінансавыя выдаткі, і Другая сусветная не была выключэннем. Савецкі Саюз заплаціў за перамогу вялізную цану як чалавечымі ахвярамі, так і фінансавымі рэсурсамі.

Выстава прадстаўляе палітычны і эканамічны стан дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў Другой сусветнай, дазваляе пагрузіцца ў дэталі ваеннай эканомікі і ўсвядоміць маральна-этычныя аспекты вайны. Матэрыялы экспазіцыі адлюстроўваюць ролю банкаўскай сферы і фінансавага рынку ў забеспячэнні ваенных выдаткаў, а таксама прадпрынятыя ў фінансавым сектары меры па стварэнні неабходных умоў для матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння армій і вядзення ваенных дзеянняў.
Разам з тым выстава закліканая падкрэсліць каштоўнасць чалавечага жыцця, неабходнасць усведамлення вайны як найвялікшай трагедыі і важнасць захавання міру. Нездарма Другая сусветная зрабілася ўвасабленнем тых жахлівых злачынстваў, якія чалавецтва можа здзейсніць над сабой, і прымусіла свет паглядзець на жыццё як найвышэйшую каштоўнасць.
Выстава працягнецца да 22 снежня.
Антон РУДАК. Фота Ангеліны САРОКІ