Адкрыццё персанальнай выставы "Мая творчасць" майстра са Скідзеля Віктара Урбаша адбылося ў аддзеле традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Мастоўскага раённага Цэнтра культур. Мерапрыемства сабрала шмат знаўцаў народнага мастацтва і стала сапраўдным святам для ўсіх аматараў прыгожага.

Віктар Урбаш не проста майстар, а сапраўдны захавальнік традыцый. Вучыўся тонкасцям рамяства ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы, а цяпер перадае свае веды маладому пакаленню — выкладае разьбу па дрэве ў мясцовай школе мастацтваў.

Ён член Саюза майстроў Беларусі, удзельнік шматлікіх выстаў і пленэраў, таленавіты і рознабаковы ўмелец: віртуозна валодае мастацтвам чаканкі па метале, разьбой па дрэве і жывапісам.
Адзін з найбольш уражлівых напрамкаў дзейнасці майстра — чаканка па метале. На выставе можна ўбачыць пано "Зубр", якое ўражвае дэталізацыяй і моцай сімвала беларускай прыроды. Прыцягваюць увагу вытанчаныя і функцыянальныя шкатулкі і вазы. Кожны выраб напоўнены цяплом рук майстра.

Цудоўная і калекцыя работ па дрэве. Пано з выявай ваўка, пугача і савы дэманструе тонкае разуменне аўтарам прыроды. Скульптуры лесуна, вадзяніка, музыкаў, а таксама вобразы філосафа і вандроўніка пераносяць гледача ў свет казак і легенд. Сярод драўляных работ таксама прадстаўлены разнастайныя лыжкі і міскі, шкатулкі і вазы, кожная з якіх нясе адбітак унікальнага стылю майстра.

Талент Віктара Урбаша праяўляецца і ў жывапісе. Захапляюць краявіды, на якіх — прыгажосць зімы, абуджэнне зямлі ўвесну і шчодрасць восені.
Першыя наведвальнікі не толькі сталі сведкамі дзіўнай прыгажосці экспанатаў, але і атрымалі магчымасць пагутарыць з аўтарам.
Асаблівым сюрпрызам для іх стаў майстар-клас, праведзены Віктарам Мікалаевічам. Гэта была ўнікальная магчымасць убачыць, як нараджаюцца шэдэўры, задаць пытанні і атрымаць ад прафесіянала каштоўныя парады.

Горад Масты з гонарам прыняў таленавітага майстра, паказаўшы, што сапраўднае мастацтва заўсёды знаходзіць водгук у сэрцах людзей.
Галіна МІКАНАВА, метадыст па народных мастацкіх рамёствах,
традыцыях, абрадах, фальклоры