Прывітанне, любімы “Лістапад”!

Апублiкавана: 30 кастрычнiка 2025 Стужка Кіно Мінск Фестывалі

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

ХХХI Мінскі міжнародны фестываль “Лістапад” распачнецца заўтра. Што ў праграме?

 

“Гісторыя, што змяняе погляд” — пад такім слоганам разгорнецца сёлета галоўны кінафорум краіны. Восем конкурсаў прадэманструюць увесь спектр сучаснага кінамастацтва: на шырокіх экранах пакажуць звыш 150 карцін з Венесуэлы, Індыі, Ірана, Казахстана, Расіі, Францыі, іншых дзяржаў. Як расказала начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга, цырымонія адкрыцця фестывалю адбудзецца 31 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі. Шоу-праграма парадуе яркімі творчымі нумарамі, музыкай з беларускай, расійскай, савецкай і сусветнай кінакласікі. У чаканні канцэрта публіка ўбачыць на чырвонай дарожцы любімых акцёраў, рэжысёраў, а таксама членаў журы і здымачных груп. А дзякуючы інтэрактыўнай выставе “Беларусьфільма” кожны зможа “ўвайсці” ў сцэну з пэўнай стужкі, адчуць сябе датычным да стварэння карцін. Завершыцца ўрачыстая імпрэза праглядам айчыннай спартыўнай драмы “Пераломны момант”.

НЕ СПОЙЛЕР

“Пераломны момант” — кіно не толькі пра спорт, але і пра жыццё ў цэлым. Такое меркаванне аб новай карціне “Беларусьфільма” выказаў першы алімпійскі чэмпіён Беларусі — вясляр Сяргей Макаранка. У аснове сюжэта карціны, што адкрые конкурсныя паказы фестывалю “Лістапад”, — веславанне на байдарках. Гэта знакавы для нашай краіны від спорту, дзе беларускія атлеты дэманструюць найвышэйшыя вынікі. Спецыяльны прагляд працоўнай версіі стужкі прайшоў 10 кастрычніка ў сталічным кінатэатры “Масква”. Мерапрыемства з удзелам знакамітых спартсменаў і моладзевай фокус-групы зладзілі ў рамках пасяджэння Савета па развіцці кінематаграфіі.

Сяргей Макаранка, алімпійскі чэмпіён:

— Здымка вельмі высокай якасці. Артысты сыгралі цудоўна. Фільм выдатна раскрывае характары розных персанажаў.

Кацярына Карстэн, двухразовая алімпійская чэмпіёнка, старшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па веславанні РЦАП па вяслярных відах спорту:

— Прыемна, што “Пераломны момант” расказвае менавіта аб веславанні. Карціна пачынаецца з дастаткова драматычнай сітуацыі, але спорт жорсткі, таму падобнае магло адбыцца насамрэч. Наогул, акцёры — вялікія малайцы. За кароткі час здолелі сесці ў лодку, а некаторыя нават працягнулі займацца пасля здымак. Спадзяюся, стужка ўразіць гледачоў.

Сяргей Капорцаў, студэнт:

— Карціна надзвычайная, вельмі атмасферная. Абсалютна кожны кадр можна выкарыстоўваць у якасці вокладкі. Разам з тым стужка праўдзівая, рэалістычная. Думаю, яе чакае касавы поспех.

 

ЛІДАРЫ ПРАКАТУ

— Кіно застаецца крыніцай святла і чараўніцтва ў сучасным жыцці. Значнасць нашага форуму “Лістапад” бясспрэчная: ён умацоўвае сяброўства паміж народамі, прасоўвае ідэі міру і згоды, — упэўнены старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч.

Галоўныя пляцоўкі фестывалю — найстарэйшыя сталічныя кінатэатры. Так, сеансы асноўнага конкурсу ігравых фільмаў адбудуцца ў “Цэнтральным”. Паводле слоў праграмнага дырэктара Дзмітрыя Марыніна, там прэзентуюць унікальныя карціны, якія ўжо знайшлі прызнанне ў Канах, Венецыі, Сан-Себасцьяне.

— Пакажам, да прыкладу, надзвычай цікавую стужку “Сірат”, што здымалася ў мараканскай пустыні французскім рэжысёрам Оліверам Лашэ. Таксама ў праграме — лідары пракату Венесуэлы, Індыі, Кітая, Пакістана. Гэтае кіно ўжо вытрымала праверку часам, — распавёў Дзмітрый Віктаравіч. — Разам з тым чакаюцца дзве вялікія прэм’еры — “Тамерлан. Узыходжанне апошняга заваёўніка” і “Мой дзед”, дзе галоўную ролю геніяльна выканаў народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін. Фільм створаны расійскім рэжысёрам Святаславам Уласавым і вельмі блізкі нашай ментальнасці.

Таксама сярод удзельнікаў конкурсу — Фабрыс Араньё, вучань, паслядоўнік легендарнага рэжысёра XX стагоддзя Жан-Люка Гадара.

— Прадставім карціну Араньё “Возера” і зладзім майстар-клас у анлайн-фармаце. Гэта сапраўдны падарунак для ўсіх аматараў кіно і спецыялістаў галіны, — адзначыў праграмны дырэктар.

Увогуле ў рамках конкурсу прадэманструюць 17 стужак, ацэньваць якія будуць аўтарытэтныя прафесіяналы на чале з народным артыстам Расійскай Федэрацыі Карэнам Шахназаравым.

— З беларускага боку ў журы — вучань Віктара Турава, рэжысёр Іван Паўлаў, — паведаміў Дзмітрый Марынін. — Прыедзе Рустам Сагдулаеў, які праславіўся роляй Рамэа ў фільме “У бой ідуць адны «старыя»” Леаніда Быкава. Далучацца таксама Чжан Чжун з Кітая, пераможца леташняга форуму, ды італьянскі рэ­жысёр Фабіа Маса, які год таму прадстаўляў на “Лістападзе” карціну “Глабальная гармонія”.

 

ПА ЗЯМНЫМ ШАРЫ

Расчыніць дзверы для ўдзельнікаў фестывалю і абноўленая “Масква”, дзе правядуць паказы кароткаметражных і дакументальных стужак ды ўрачыстую цырымонію закрыцця. У праграме конкурсу неігравога кіно — 17 работ.

— Усе глыбокія, цікавыя, з цудоўнымі вострымі, сучаснымі тэмамі. Шмат прызёраў найбуйнейшых форумаў свету, што праходзілі на працягу года, — гаворыць праграмны дырэктар Сяргей Кацьер. — Будуць прадстаўлены фільмы, якія перамаглі на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі, з поспехам дэманстраваліся ў шырокім расійскім пракаце. Яны блізкія і нашаму гледачу.

Што да прэм’ер, прэзентуем карціну “Мікіта” Мікалая Бурляева і Дзмітрыя Чарняцова. Стужка прысвечана гісторыі жыцця і творчаму шляху Мікіты Міхалкова.

У ліку суддзяў — расійскі кіназнавец Аляксандр Семянюк і беларускі рэжысёр Ігар Бышнёў, а ўзначаліць калегію культуролаг і кіназнавец з Ірана Тахерэх Солгі.

Сёлетняе яркае новаўвядзенне — конкурс кароткаметражных фільмаў — аб’яднае работы працягласцю ад 26 да 52 хвілін. Катэгорыя — лідар па колькасці заявак: іх пададзена больш за 2200.

— Адабралі 13 карцін з 12 краін. Сярод іх і прызёры Берлінале, і намінанты на прэмію “Оскар”. Тэматыка розная: ёсць карціны для дзяцей і пра дзяцей, а таксама пра падлеткаў і больш дарослае пакаленне, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыі ўнікальныя, — паведаміла праграмны дырэктар Вольга Котава. — Наша падборка — гэта маленькае падарожжа па ўсім зямным шары. Што хвалюе кінематаграфістаў свету? Чым мы блізкія, а чым адрозніваемся? Спадзяюся, глядач атрымае адказы на сеансах.

 

ДУХОЎНАСЦЬ І ГУМАНІЗМ

Гасцінная “Перамога” прыме ўдзельнікаў конкурсу “Кіно маладых”, Дзён нацыянальнага кіно і прадстаўнікоў нацыянальных школ. Рэжысёры-пачаткоўцы прывязуць 10 карцін. Сярод іх — італьянская стужка аб важнасці сувязі з духоўным “Апошняя прыгожая рэч”, японская наватарская драма “Шчаслівы канец” Неа Соры, шчырая гісторыя-разважанне пра жыццё “Лоры ніколі не плачуць”, пераможца Берлінале ў катэгорыі “Найлепшы дэбют”.

— У параўнанні з праграмай 30-га форуму, дзе пераважала тэма пошуку сябе і сэнсу жыцця, сёлета на першы план выйшлі вечныя пытанні жыцця і смерці, — адзначыла праграмны дырэктар Яўгенія Габец. — Аўтары спрабуюць пераасэнсаваць страту, і кожны па-свойму падступаецца да гэтай праблемы. Хтосьці засяроджаны на сацыяльных бедствах, хтосьці рэфлексуе пра асабісты досвед. Паралельна разглядаюцца тэмы сям’і, пераемнасці пакаленняў, сяброўства, сталення.

Ацэньваць карціны будуць узбекскі рэжысёр і прадзюсар Юсуп Разыкаў, айчынны рэжысёр Кірыл Халецкі і сербская актрыса, рэжысёр, лаўрэат спецпрэміі Прэзідэнта Беларусі Івана Жыган.

У конкурсе нацыянальных школ 25 твораў прадэманструюць студэнты кінематаграфічных ВНУ.

— Нам даслалі звыш 200 заявак з больш як 20 краін. Самыя актыўныя ўдзельнікі — расіяне. Ёсць таксама стужкі з Беларусі і Казахстана, — распавяла праграмны дырэктар Алена Радзевіч. — Часта моладзь папракаюць, маўляў, павярхоўная, прывыкла да хуткай змены яркіх вобразаў. Мы дакажам, што гэта памылковая думка, і пакажам глыбока гуманістычныя, філасофскія работы. І асабліва чакаем на сеансах беларускіх студэнтаў! Ім карысна пазнаёміцца са здабыткамі аднагодкаў.

 

РЭЖЫСЁРСКІ ДЭБЮТ

Фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі ў рамках конкурсу “Лістападзік” прадставяць у “Піянеры”. Спаборнічаюць шэсць стужак з пяці краін.

— Большасць карцін — лаўрэаты розных міжнародных кінафестываляў. Праграма невялікая, але даволі яркая і насычаная, — расказала дырэктар конкурсу Кацярына Тамковіч-Латута.

— У складзе журы — заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Ірына Шаўчук, актрыса Алена Дуброўская, лаўрэат ХХІХ фестывалю “Лістапад” індыйскі рэжысёр Маніш Цівары.

Хлопчыкі і дзяўчынкі па традыцыі абяруць уладальніка прыза глядацкіх сімпатый. Побач разгорнецца нацыянальны конкурс. Прэзентуюць 20 фільмаў з Брэсцкай вобласці, Гомеля, Магілёва і Мінска.

— Усе стужкі прэм’ерныя. Большасць — дакументалістыка, хоць ёсць і анімацыйныя ды ігравыя творы. Работы даслалі як прафесійныя рэжысёры, так і пачаткоўцы. Самаму маладому канкурсанту ўсяго 16 гадоў. Гэта яго дэбют, — заявіў праграмны дырэктар Аляксандр Пятровіч. — Многія карціны прысвечаны тэме Вялікай Перамогі і ў цэлым маральна-патрыятычнай праблематыцы, асабліва важнай сёння.

 

ШМАТГРАННАСЦЬ

Аматараў анімацыі сустрэне кінатэатр “Беларусь”. Чакаюцца 47 фільмаў хронаметражом ад 5 да 27 хвілін, якія падзелены на пяць тэматычных праграм: “Дзецям аб важным”, “Дзецям аб розным”, “Год за годам”, “Адценні гумару” і “Аб усім на свеце”.

— Пакажам амерыканскую стужку “Піяніна”, знятую ў рэдкай для сучаснага кіно класічнай дыснееўскай стылістыцы, работу “Начныя чаравікі” ў тэхніцы ігольчастага экрана, што атрымала галоўны прыз у катэгорыі кароткаметражных фільмаў на Міжнародным фестывалі анімацыі ў Ансі, — адзначыў праграмны дырэктар Канстанцін Андрушачкін. — Прадставім беларускую карціну “Даходнае месца” Аляксандра Максімава, што нядаўна вярнулася з “Анімаёўкі”. Будуць і прызёры галоўнага расійскага анімацыйнага форуму “Суздальфэст” — “Алёшачка” Дзмітрыя Гелера і “Апошні кінасеанс” Рыма Шарафутдзінава.

 

ДЛЯ ЎСІХ І КОЖНАГА

Па традыцыі рыхтуюцца культурна-асветніцкія мерапрыемствы. Гэта, у прыватнасці, Дні нацыянальнага кіно, цікавыя сустрэчы і майстар-класы для студэнтаў творчых ВНУ сталіцы, рэтраспектыўныя паказы фільмаў аб Вялікай Айчыннай вайне з залатой калекцыі краін СНД.

— Сеансы пройдуць і ў рэгіёнах, дзе таксама любяць і чакаюць “Лістапад”. Гэта фестываль, які сапраўды аб’ядноўвае ўсю нашу краіну, — падкрэсліла Ірына Дрыга. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на афіцыйным сайце форуму. Да хуткіх сустрэч у кіназалах!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ