Самае галоўнае ў жыцці

Апублiкавана: 28 кастрычнiка 2025 Стужка не указан Магілёў і вобласць Соцыум

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання ордэнам Маці адбылася 14 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі. Сярод уганараваных — шматдзетная мама Алеся Казубоўская з Магілёўшчыны. Разам з мужам Аляксандрам яны гадуюць пяцярых дзяцей і працуюць у Чэрыкаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзяржаўную ўзнагароду Алесі Васільеўне ўручыў Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын.

— Калі даведалася, што мне выпала ганаровая місія патрапіць на мерапрыемства такога маштабу, разгубілася, расхвалявалася, — дзеліцца ўражаннямі Алеся Казубоўская. — Але, дзякуючы мужу і дзецям, змагла ўзяць сябе ў рукі. Яны стараліся мяне падтрымліваць, а старэйшая дачка, Вікторыя, сказала: “Ведаеш, мамачка, я даўно марыла пра тое, каб ты атрымала ордэн, бо ты ў нас — найлепшая ў свеце!”

Алеся і Аляксандр знайшлі адно аднаго яшчэ ў падлеткавым ўзросце: яны хадзілі ў адну школу, у паралельныя класы. Пяшчотнае сяброўства з цягам часу ператварылася ў моцнае пачуццё, якое не пакідае іх дзесяцігоддзі.

— Напачатку мы ні аб чым гэткім не думалі, — распавядае гераіня. — Разам хадзілі на заняткі, наведвалі ўрокі музыкі. Пасля заканчэння 9 класаў я з’ехала вучыцца ў Магілёўскі музычны каледж. І вельмі здзівілася, калі праз два гады сюды ж паступіў і Саша.

Аляксандр Сяргеевіч — баяніст, выкладае спецыяльнасць у той жа Чэрыкаўскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе настаўнічае па класе домры Алеся Васільеўна. На просьбу расказаць пра жонку, адказвае коратка:

— Яна — найлепшая ў свеце!

З ПЯШЧОТАЙ І ЛАСКАЙ

Шлюб маладыя людзі ўзялі, калі ўжо сталі самастойнымі, скончылі каледж і размеркаваліся на працу. — Да таго мы сустракаліся недзе гадоў дзевяць, — узгадвае жанчына. — Ці думалі пра агульную будучыню? Думалі. Таму з дапамогай бацькоў яшчэ да вяселля распачалі будаўніцтва ўласнага дома: быццам загадзя адчувалі, што сям’я будзе вялікай.

У Казубоўскіх пяцёра дзетак — жаданых, любімых, запланаваных. Старэйшая Вікторыя нарадзілася ў 2003-м, а праз тры гады — Дзіяна. Дзяўчынкі падрасталі ў пяшчоце, калі бацькі вырашылі, што ім патрэбны хлопчык.

У 2018-м парадаваў бацьку і матулю з’яўленнем на свет Арцемій, а праз год — Цімафей.

Летась сям’я пабольшала яшчэ на аднаго чалавека — дачушку Сонечку, любіміцу ўсіх старэйшых.

— Каб вы ведалі, як браты яе апякаюць! — ухваляе сыноў маці. — Гуляюць з ёй, абараняюць, вучаць. І нават калі я іншым разам нешта строга скажу, заступаюцца.

 

НЕАСПРЭЧНЫ ЛІДАР

Алеся Васільеўна — строгая маці. Ва ўсялякім разе, такой яна сябе лічыць. А вось неаспрэчным лідарам у сям’і з’яўляецца бацька. Менавіта за Аляксандрам Сяргеевічам застаецца апошняе слова ў вырашэнні любых пытанняў. Жонка ганарыцца мужам: “Мне не трэба, як іншым жанчынам, угаворваць яго на ўчынкі. Ён — мужчына, і ўсё ведае сам”.

Для ўсіх пяцярых дзяцей тата — сапраўдны аўтарытэт. Старэйшыя дзяўчаты ўсур’ёз кажуць, што будуць шукаць сабе спадарожнікаў жыцця, падобных да бацькі. Хлопчыкі лічаць яго галоўным сваім сябрам, а маленькая Сонечка нават спаць не кладзецца без татавага пацалунка.

— Ён вельмі адказны бацька і муж, — з пяшчотай гаворыць Алеся. — Дбае пра наш дабрабыт, мір і лад, пра тое, каб кожны член сям’і адчуваў спакой і ўтульнасць. Менавіта такім, лічу, і павінен быць галава сям’і.

 

КАЗУБОЎСКІЯ МУЗЫКІ

— Дарэчы, менавіта дзякуючы Сашы мы разам са сваякамі стварылі аматарскі гурт “Казубоўскія музыкі”, — працягвае жанчына. — Брат-блізнюк майго мужа Дзмітрый і яго жонка Алена — таксама музыканты. Яны і прапанавалі нам аб’яднацца ў творчасці.

Чацвёра дарослых і трое дзяцей — дочкі Вікторыя, Дзіяна і пляменніца Насця — неўзабаве сталі любімымі выканаўцамі на раённых мерапрыемствах. А з часам заявілі пра сябе і на больш шырокую публіку: сталі браць удзел у абласных святах і неаднойчы выступалі на Купаллі ў “Александрыі”.

Пра актыўнасць Казубоўскіх гавораць шматлікія граматы, дыпломы, пасведчанні. Сярод іх — узнагарода за першае месца ў раённым этапе конкурсу “Сям’я года — 2014”. На жаль, на абласны патрапіць не давялося — сужэнцы здавалі дзяржаўныя экзамены ва Універсітэце культуры і мастацтваў, дзе завочна атрымлівалі вышэйшую адукацыю.

 

ТРЭЦЯЕ ПАКАЛЕННЕ

— Калі мы вучыліся ва ўніверсітэце, нашыя дзяўчынкі былі яшчэ маленькімі, — успамінае Алеся. — І таму падчас сесій за імі прыглядалі нашы бацькі.

Ролю бабуль і дзядуль у выхаванні дзяцей цяжка пераацаніць: сваім прыкладам яны закладваюць асноўныя прынцыпы ўзаемадзеяння паміж пакаленнямі, сямейныя каштоўнасці, жыццёвую мудрасць.

— Я гэта зразумела, на жаль, позна, калі ўжо не стала Сашавых бацькоў, — уздыхае жанчына. — Таму цяпер, пакуль жывая мая мама, імкнуся да таго, каб хлопчыкі і Сонечка як мага больш бачыліся з ёй. Бо той досвед, які старэйшыя людзі перадаюць малым, насамрэч найкаштоўнейшы. Яго нельга губляць!

 

НАРАДЖЭННЕ ДЫНАСТЫІ

Старэйшыя дзяўчаты — Вікторыя і Дзіяна — працягваюць справу бацькоў. У свой час спачатку адна, а за ёй і другая пайшлі вучыцца ў той жа Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Віка атрымала дыплом і размеркаванне ў Чэрыкаўскую школу чатыры гады таму. Цяпер яна вучыць дзяцей ігры на фартэпіяна і паралельна атрымоўвае вышэйшую адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава.

— Дзеці яе любяць, — не без гонару кажа матуля. — І яна іх — таксама.

Маладым спецыялістам сёлета прыйшла ў школу, дзе працуюць бацькі і Дзіяна Казубоўская. Менавіта з гэтага года тут з’явілася тэатральнае аддзяленне, на якім і выкладае дзяўчына акцёрскае майстэрства.

— Не ўсё напачатку ўдаецца ладна ды гладка, але я заўсёды кажу: “Ты павінна трымаць унутраны стрыжань. Ты — настаўніца”.

Прыкладам для дачок з’яўляецца іх маці, якая, дарэчы, сёлета адзначыла яшчэ адну значную падзею ў жыцці — 25-годдзе педагагічнай дзейнасці — і стала ветэранам працы. Яна спадзяецца, што і малодшыя дзеткі пойдуць па слядах бацькоў, але, які б шлях яны ні абралі, галоўнае для таты з мамай, каб былі яны шчаслівымі.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва сям’