Урачыстае адкрыццё выставы “Андрэй Бембель. Шляхамі эпохі”, прымеркаванай да 120-годдзя з дня нараджэння народнага мастака БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, прафесара, скульптара, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Андрэя Ануфрыевіча Бембеля (1905–1986) адбудзецца 30 кастрычніка а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20, сяродкрыжжа).

— Шматгранная асоба Андрэя Бембеля паўнаважка выявілася ў мастацтве, педагогіцы, грамадскай дзейнасці. Пасля сябе ён пакінуў бясцэнную творчую спадчыну, якая ўвайшла ў скарбніцу айчыннай культуры: перш за ўсё манументальныя творы, напоўненыя героіка-грамадзянскім зместам, з уласцівай ім арыгінальнасцю мастацкіх рашэнняў, суровасцю і выразнасцю пластычных формаў, часам рамантычнай усхваляванасцю, зрэшты, апошняе больш характэрна, — адзначае куратар выставы Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст., захавальнік калекцыі “Беларуская скульптура”. — Ён узгадаваў не адно пакаленне скульптараў у сценах Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе выкладаў больш за 30 гадоў. Двойчы ўзначальваў Саюз мастакоў БССР і абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Андрэй Бембель набыў славу і афіцыйнае прызнанне і па праве лічыцца класікам беларускай скульптуры.
Выстава ахоплівае перыяды творчага жыцця майстра з 1940-х па 1980-я гады — з ваенных да апошніх гадоў жыцця. Нешматлікія захаваныя станковыя работы звязаны з асноўнымі этапамі шляху скульптара ў мастацтве і раскрываюць галоўныя напрамкі яго мастацкіх пошукаў.
Па словах арганізатараў, на выставе будуць экспанавацца творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і калекцыі сям’і мастака, унучкі Таццяны і праўнучкі Веры, а таксама дакументы і фотаздымкі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і сямейнага архіва, фотаздымкі і відэазамалёўкі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, фотаздымкі з фондаў філіяла “Літаратурны музей Петруся Броўкі” Дзяржаўнага музея гісторыі Беларускай літаратуры і архіваў Беларускага тэлеграфнага агенцтва.
Дапоўняць экспазіцыйную прастору жывапісныя, графічныя і скульптурныя партрэты Андрэя Бембеля і членаў яго сям’і, створаныя калегамі мастака па творчым цэху, са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, фондаў Беларускага саюза мастакоў і сямейнай калекцыі. Акрамя гэтага, можна будзе ўбачыць тры захаваныя работы скульптара Вольгі Дзядок, першай жонкі майстра, са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і калекцыі сям’і, прадметы інтэр’ера і побыту XX стагоддзя са збору Музея гісторыі горада Мінска, а таксама паслухаць радыёперадачу і паглядзець відэафільмы пра скульптара з фондаў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

Экспанаванне выставы пройдзе з 31 кастрычніка па 14 снежня ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 24, 4-ы паверх).
kultura-info.by