У Смаргонскім раённым цэнтры культуры адбылося свята, прысвечанае 25-годдзю яркага і добра вядомага ў рэгіёне і за яго межамі народнага ансамбля народнай песні “Хутарок”.

Чвэрць стагоддзя — гэта не проста значная лічба. Гэта велізарная гісторыя, напоўненая галасамі і мелодыямі, якія пакідаюць след у сэрцы, багаццем выступленняў і яшчэ большай колькасцю рэпетыцый, а таксама бляскам вачэй любімых слухачоў.

За гады творчасці “Хутарок” стаў сапраўдным сімвалам народнай культуры Смаргоншчыны, які гарманічна спалучае беларускія песні, традыцыі і наватарства.

Святочная праграма сабрала на сцэне цяперашніх удзельнікаў, былых салістаў і сяброў калектыву. Госці атрымалі асалоду ад старажытных песень у сучаснай апрацоўцы, танцавальных нумароў, прасякнутых энергіяй і запалам, тэатралізаваных замалёвак.

Зала была поўная прыхільнікаў народнай культуры, роднай мовы, звычаяў, бо творчасць “Хутарка” — гэта пра пульсаванне сэрца беларусаў і іх павагу да багатай культурнай спадчыны.

Ілона СМАГУР, загадчык сектара рэкламы і менеджменту Смаргонскага раённага цэнтра культуры