Святочныя канцэрты, творчыя праграмы, музейныя экскурсіі — у Беларусі разгарнуўся Тыдзень бацькоўскай любові. Прысвечаныя Дню маці і Дню бацькі мерапрыемствы ахапілі ўсю краіну з 13 да 26 кастрычніка.

Сярод цэнтральных падзей — форум “Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава”, які адбыўся на пачатку тыдня пры ўдзеле Савета Рэспублікі.

У пятніцу форум “Час сямейных каштоўнасцей” сабраў моладзь: на інтэрактыўных пляцоўках з экспертамі абмяркоўвалі псіхалогію адносін, рэпрадуктыўнае здароўе і сямейны бюджэт.
Свята “З татам разам!” запрасіла дзяцей і бацькоў на майстар-класы з актыўнасцямі. Школьнікаў і студэнтаў прывабіў рэспубліканскі конкурс “Гісторыя маёй сям’і”, заўсёднікаў інтэрнэт-прасторы — марафон сямейных ролікаў у TikTok.
А сацыяльная рэклама на тэлеканалах, білбордах і ў грамадскім транспарце нагадвае кожнаму, што ўсё пачынаецца з сям’і!

Асобную праграму падрыхтавала сфера культуры. Так, Вялікі тэатр Беларусі 18 кастрычніка адкрыў дзверы ў “Тэатральную раніцу для ўсёй сям’і”. Канцэрты юных талентаў і салістаў оперы, інтэрактыўная экспазіцыя, прэзентацыя дзіцячых спектакляў, майстар-класы па стварэнні эскізаў касцюмаў персанажаў балета, вырабе капялюшыкаў, ігры на ўдарных інструментах. Да таго ж урокі класічнага танца і этыкету, акцёрскі трэнінг, рэверанс-прывітанне, музычныя віктарыны, конкурсы, загадкі і шмат іншых цікавінак чакае вялікіх і маленькіх наведвальнікаў Вялікага.
У Палацы Рэспублікі — шоу-праграма “Як маці сказала”, у Маладзёжным тэатры эстрады — канцэрт “Песні для самай галоўнай” і шоу “Мужчынскі гараж”. Нацыянальны гістарычны музей падрыхтаваў тэматычны фотапраект, Віцебскі абласны краязнаўчы музеі — выставу работ выхаванцаў дзіцячага садка і школы мастацтваў.
Асаблівай папулярнасцю традыцыйна карыстаюцца акцыі “Усёй сям’ёй у музей!” і экскурсіі па кінастудыі “Беларусьфільм”.
А артысты Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы не сталі чакаць гасцей: самі выйшлі на вуліцы горада, каб павіншаваць жанчын з Днём маці.
Цікавыя падзеі праходзяць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Гэта і ўрачыстасці з уганараваннем шматдзетных маці, і акцыі з цёплымі назвамі “Няма даражэй за цябе”, “Бацька — адказная пасада”, і тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі, і вечарыны, і ранішнікі…

Тыдзень бацькоўскай любові становіцца па-сапраўднаму вялікім святам, якое зноў зацвердзіць нашы галоўныя каштоўнасці: шлюб, сям’ю, мацярынства, бацькоўства, дзяцінства.
kultura-info.by. Фота з Тэлеграм-канала “Большой театр Беларуси/Bolshoi Theatre of Belarus???? “
і іншых адкрытых крыніц