Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка сустрэўся з кіраўніком Рэспублікі Мардовія Расійскай Федэрацыі Арцёмам Здунавым. Гаворачы пра развіццё гуманітарнага супрацоўніцтва з гэтым расійскім рэгіёнам, Кіраўнік дзяржавы прапанаваў зрабіць акцэнт на сумеснай рабоце ў сферы кінавытворчасці.

"Вы ўмееце гэта рабіць. Мы былі б вельмі зацікаўлены ў абмене вопытам і дапамозе кадравай. Мы вялікую ўвагу цяпер удзяляем кінематаграфіі. Кіно — найважнейшае з мастацтваў, як гаварыў некалі класік", — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт расказаў аб тым, што ёсць задума зняць шматсерыйны фільм пра Лі Харві Освальда. Як вядома, у 1960-я гады гэты амерыканец прыехаў у Савецкі Саюз і пражыў у Мінску амаль два з паловай гады, працаваў токарам на Мінскім радыёзаводзе імя Леніна. "Былі б у гэтым вельмі зацікаўлены і маглі б прадаставіць свае паслугі, пляцоўку і заняцца пошукам фінансавання гэтага, упэўнены, вельмі цікавага фільма", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Упэўненасць у тым, што такое кіно будзе цяпер запатрабавана, надае тое, што тэма забойства Джона Кенэдзі і датычнасці да гэтага Лі Харві Освальда ў амерыканскім грамадстве і цяпер захоўвае актуальнасць і выклікае цікавасць. "Гэта тэма ў Злучаных Штатах Амерыкі цяперашнім Прэзідэнтам Дональдам Трампам актыўна ўзнімалася. Калі своечасова здымем гэты фільм, будзе дарэчы, актуальным будзе фільм", — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт не выключыў, што прадстаўнікі кінематографа з абодвух бакоў, магчыма, прапануюць для стварэння фільмаў і іншыя тэмы. "У беларуска-расійскім напрамку можна шмат агульных тэм знайсці з гісторыі, вельмі карысных для нас у тым ліку", — упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Крыніца: сайт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь