З 6 па 15 лістапада Брэст зноў стане цэнтрам высокага выканальніцкага мастацтва дзякуючы традыцыйнаму фестывалю “Музычная восень”. Арганізатары — упраўленне культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта і Брэсцкая абласная філармонія — падрыхтавалі насычаную праграму, якая абяцае здзівіць слухачоў новымі яркімі, арыгінальнымі праектамі, разнастайнасцю жанраў, стыляў і зорных імёнаў.

Так, 6 лістапада ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа фестываль адкрыецца канцэртам-эксклюзівам “Каралеўскае трыа. Арфа, сапрана, арган”. Лаўрэаты міжнародных конкурсаў прапануюць творы розных стыляў — ад класікі да неакласікі.

9 лістапада ў зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра з праграмай “Шчасце там, дзе ты” выступіць эстрадна-джазавы ансамбль “Экспрэс-бэнд” пад кіраўніцтвам Юрыя Беланогава (Пенза, Расія). Прагучаць работы расійскіх і замежных аўтараў, хіты сусветнай музыкі і шлягеры савецкай эстрады.

10 лістапада ў зале Брэсцкай абласной філармоніі адбудзецца сольны канцэрт Льва Бакірава “Шапэн. Чайкоўскі”. 14-гадовы рускі піяніст-віртуоз — уладальнік гран-пры і лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят Міжнароднага дабрачыннага фонду С. Рахманінава — адкрые публіцы чароўныя вобразы з твораў вялікіх кампазітараў.

12 лістапада ў залу філармоніі запрашаюць на каларытны праект з атмасферай гарачай Іспаніі “Магія фламенка”.

13 лістапада ў камернай зале Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р. Шырмы пройдзе канцэрт ансамблевай музыкі “Дыялогі” дзвюх скрыпак і двух раяляў з удзелам скрыпічнага дуэта Pokrovsky-Duo (Масква) і фартэпіяннага дуэта Con Anima (Мінск).

15 лістапада ў гасцінай Брэсцкай абласной філармоніі запланаваны заключны фестывальны канцэрт “ГАЛА / Беларусь, Арменія — Расія, Туркменія, Кітай”. Будзе прадстаўлена яскравая разнажанравая праграма: сусветныя шэдэўры оперы, аперэты і інструментальнай музыкі; балетны дывертысмент; залатыя хіты традыцыйнай кітайскай музыкі ад вядучых салістаў тэатраў, філармоніі, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, якія ўваходзяць у склад прафесійных арганізацый выдатных музычных дзеячаў.
Не прапусціце яркія музычныя імпрэзы!
kultura-info.by