Мелодыі святочнага горада

Апублiкавана: 20 кастрычнiка 2025 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Іх можна было пачуць і… убачыць у галерэі Міхаіла Савіцкага: прайшла персанальная выстава народнага мастака Беларусі Уладзіміра Тоўсціка “Мелодыі святочнага горада”, зладжаная сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў.

 

ЛЕТАПІС ЭПОХ

Уладзімір Тоўсцік нарадзіўся ў Мінску ў 1949 годзе. У 1966—1972-м вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў Натана Воранава, а ў 1973—1976-м — у творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у Баку пад кіраўніцтвам Мікаіла Абдулаева. Член Беларускага саюза мастакоў з 1978 года, у 1990-м атрымаў званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”, а ў 1994-м — Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь за жывапісную серыю “Святло і цені”.

У 2011 годзе Уладзіміру Тоўсціку прысвоілі ганаровае званне “Народны мастак Беларусі”, а ў 2019-м ён быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Работы аўтара знаходзяцца ў музеях і ў прыватных зборах па ўсім свеце.

 

ПАРТРЭТЫ БЛІЗКІХ

Музыка з’яўляецца лейтматывам палотнаў Уладзіміра Іванавіча — ад партрэтаў і нацюрмортаў да алегарычных кампазіцый, для якіх характэрнае спалучэнне традыцый Рэнесансу і рамантычнага гістарызму XIX стагоддзя. Як адзначае сам мастак, кожны твор — гэта пэўны сюжэт, складзены з дзясяткаў фрагментаў, што маглі быць пабачаны ў розныя моманты ў розных мясцінах. Купляючы карціну і прыносячы яе дадому, чалавек прычыняецца да блізкай сабе аўры, таму выява, як абраз, мусіць дапамагаць і абараняць.

Уладзімір Тоўсцік лічыцца адным з найлепшых прадстаўнікоў сучаснай беларускай школы жывапісу. Перш за ўсё вядомы як майстар партрэта, што шукае новы канон у гэтым жанры.

У галерэі Уладзіміра Іванавіча — і творцы-сябры, і тыя мэтры, якія паўплывалі на яго: Марк Шагал, Фердынанд Рушчыц, Казімір Малевіч, Леанід Шчамялёў, Валерый Славук…

Аўтар не проста перадае знешняе падабенства, а раскрывае ўнутраны свет герояў праз персаніфікаваны антураж.

У экспазіцыі таксама — партрэты жонкі і ўнукаў.

Карціна “Мая акадэмія” прысвечана Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе Уладзімір Тоўсцік выкладае амаль 50 гадоў. На гэтым палатне ён адлюстраваў калег і сяброў, з якімі працаваў раней і працуе сёння: Анатоля Анікейчыка, Міхаіла Баразну, Анатоля Бараноўскага, Гаўрылу Вашчанку, Васіля Шаранговіча і іншых.

ВОБРАЗ СТАЛІЦЫ

У творах Уладзіміра Іванавіча, прысвечаных урбаністычнай тэме, спалучаюцца рэальныя падзеі і прывідныя ўспаміны.

Шматпланавыя калажныя палотны складаюцца з элементаў пейзажаў, партрэтаў і абстракцый, перадаючы з фатаграфічнай дакладнасцю рысы архітэктурных славутасцей і характары жыхароў горада.

Сярод больш як трох дзясяткаў карцін, прадстаўленых на выставе, можна знайсці выявы помнікаў Віцебска, Нясвіжа, Венецыі, Вільнюса, Кракава альбо Парыжа. Але галоўнае месца, вядома, займаюць краявіды беларускай сталіцы і партрэты яе насельнікаў.

Так, на трыпціху “Мінская вясна. Квітнеюць каштаны” можна пазнаць фрагменты такіх знакамітых і знакавых будынкаў, як Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе, архікафедральны касцёл на плошчы Свабоды і касцёл Святога Язэпа на вуліцы Кірыла і Мяфодзія.

У серыі “Мінск. Мелодыі святочнага вечара” да гэтых помнікаў дадаюцца дом пад шпілем на Камуністычнай вуліцы, балюстрады з белымі вазамі ля парку імя Янкі Купалы, калоны Палаца прафсаюзаў і скульптура “Хлопчык з лебедзем” з першага гарадскога фантана ў Аляксандраўскім скверы.

Строгія абрысы сучасных гмахаў арганічна спалучаюцца з кварталамі старой забудовы на карцінах “Аднойчы ў горадзе” і “Бела-блакітны дзень”, гэтаксама як выяўленыя разам у святочным натоўпе мінчукі розных эпох на палатне “Мінск, 2012 год. Свята горада”.

Цікаўнасць аўтара да слядоў мінулага і нацыянальных традыцый, адлюстраваная ў работах “Вербніца” і “Таямніца народнага свята”, пераклікаецца з надзвычай удалымі вобразамі сённяшніх маладых гараджан.

Недарма творы Уладзіміра Тоўсціка добра знаёмыя сталічнай публіцы: іх пабачыш не толькі ў музеях, галерэях і прыватных зборах калекцыянераў, але і на сценах Нацыянальнай бібліятэкі, ратушы і канцэртнай залы “Верхні горад”.

На гэтых карцінах, што ўяўляюць сабой своеасаблівы летапіс, можна сустрэць краявіды ды сцэны са штодзённага жыцця Мінска розных эпох, выдатныя постаці яго гісторыі.

Антон РУДАК. Ілюстрацыі: фота аўтара