Вікторыя Алешка: жыццё ў тэмбры кантральта

Апублiкавана: 19 кастрычнiка 2025 Стужка Музыка Мінск Зорны час

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Ад камерных канцэртаў да маштабных фестываляў — паўсюль гучыць яе голас. Вікторыя Алешка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэмій "Песня года Беларусі—2024" і "Шансон года—2023", даўно стала ўлюбёнкай публікі.

Яе выхад на сцэну заўсёды чакаюць, яе тэмбр пазнаюць з першых нот. Але за святочным вобразам — штодзённая праца, унутраная засяроджанасць і непахісная адданасць мастацтву.

9.00

ЗВЫЧКІ РАНІШНЯГА РЫТМУ

— Прачынаюся і першай справай выпіваю дзве шклянкі вады. Сняданак для мяне звычайна — яйкі ў розных варыянтах, свежыя салаты. І, вядома, кава… Стараюся абмяжоўваць яе колькасць, ды ранішні кубак застаецца абавязковым рытуалам. Без яго цяжка запусціць дзень, — усміхаецца спявачка.

Пачатак кожнага дня Вікторыі ніколі не бывае аднолькавым: усё вызначае гастрольны рытм. Часам трэба падняцца на світанку, каб паспець на цягнік ці самалёт, а часам можна дазволіць сабе раскошу паспаць да адзінаццаці.

— Я па натуры “сава”, і калі няма тэрміновых спраў, люблю даўжэй заставацца ў ложку. Галоўнае — добра адпачыць, асабліва перад канцэртам. Ідэальна — хаця б восем гадзін сну, — адзначае спявачка.

Вандроўкі-пераезды накладаюць свае абмежаванні. Трымацца здаровага рацыёну няпроста, і артыстка не хавае, што гэта сапраўдны выклік.

— Рэжым харчавання для мяне — складаная тэма. Перакусы часта непазбежныя, і прычына тут не ў страху набраць лішнія кілаграмы. Ёсць прадукты, якія мне катэгарычна нельга: здароўе патрабуе дысцыпліны. Таму адносіны з ежай даволі няпростыя, — прызнаецца артыстка.

13.00

МІЖ СВЯТАМІ І БУДЗЁННАСЦЮ

Гледачы прывыклі бачыць спявачку ў яркіх канцэртных касцюмах, з бездакорным макіяжам і старанна прадуманай прычоскай. У паўсядзённасці Вікторыя — без сцэнічнага глянцу, але ж такая ж прывабная і адкрытая.

— Па-за рамкамі выступленняў люблю зручнасць. Джынсы, спартыўныя касцюмы, мінімум касметыкі, а часцей і зусім яе адсутнасць. Валасы павінны адпачываць ад складаных укладак, твар — ад грыму. Таму мяне часта не пазнаюць, і гэта мне нават на руку: магу спакойна прагуляцца, зайсці ў кавярню, зрабіць пакупкі як звычайны чалавек, — прызнаецца Вікторыя.

Творчы вобраз для яе не маска, а інструмент, арганічна ўплецены ў музыку.

— На сцэне ёсць стыль, амплуа, адпаведнасць жанру. Кожная дэталь — ад валасоў да ўбору — падпарадкоўваецца майму рэпертуару.

16.00

САПРАЎДНЫ СПАДАРОЖНІК

Перамога ў конкурсе “Песня года Беларусі — 2024” стала для Вікторыі Алешка адметнай вяхой.

— Летась мяне адзначылі як выканаўцу года, а сёлета мая песня “Не здраджвай” названая найлепшай. Гэта асаблівы гонар, бо галасуюць і слухачы, і прафесійнае журы. Адчуваеш падвойнае прызнанне, — падкрэслівае спявачка.

Вікторыя прытрымліваецца выразнага прынцыпу: творчасць павінна ісці ад сэрца да сэрца. Менавіта так нараджаецца сапраўдны дыялог паміж артыстам і залай — адкрыты, шчыры, які не губляецца з часам. Узнагароды — красамоўнае сведчанне, што яе песні сапраўды жывуць у душах людзей.

Для Вікторыі музыка — верны спадарожнік, які заўсёды побач.

— Мелодыя суправаджае мяне ўсюды — у кавярні, у краме, проста на вуліцы. Песня не паглынае, а натуральна існуе разам са мной. Калі канцэрт у Мінску — паспяваю яшчэ і паўсядзённыя хатнія справы зрабіць. А вось на гастролях ужо іншы рытм: дарога, падрыхтоўка, сцэна, зноў дарога, — расказвае вакалістка. Хобі ў яе як такіх няма, ды яна і не імкнецца запаўняць жыццё “для галачкі”. Больш за ўсё цэніць магчымасць правесці час з блізкімі.

— Я не шыю, не вяжу. У вольны час люблю проста сустрэцца з сябрамі. Часам гэта самае каштоўнае, — прызнаецца Вікторыя

19.00

ЦІШЫНЯ ПЕРАД САФІТАМІ

Перад выступленнямі салістка не любіць мітусні — галоўнае для яе ў гэты момант унутраная засяроджанасць.

— За кулісамі стараюся менш размаўляць. Патрэбна крыху адасобіцца, увайсці ў патрэбны стан. Мне важна, каб публіка адчула сапраўдную, шчырую эмоцыю. Не магу проста пажартаваць і адразу выйсці спяваць, бо сцэна патрабуе асаблівай падрыхтоўкі, — тлумачыць Вікторыя.

У той жа час спявачка падкрэслівае: сустрэча з аўдыторыяй адбываецца не толькі дзякуючы яе ўласнай сіле.

— Кожны мой выхад — агульная справа ўсёй каманды. Побач заўсёды тыя, хто дапамагае стварыць настрой, святло, гук, атмасферу. І толькі разам мы можам падараваць сапраўднае ўражанне. Адзін у полі не воін, — упэўнена артыстка.

 

21.00

СІЛА АДНАЎЛЕННЯ

Пасля канцэртаў Вікторыя асабліва шануе простыя радасці: дзень цішыні без тэлефанаванняў, спакойны вечар перад тэлевізарам ці нават прыемную ляноту. Але ўжо назаўтра яна зноў гатовая пагрузіцца ў сцэнічны рытм.

— Вядома, здараюцца і стома, і выгаранне, але энергію мне вяртаюць прыхільнікі. Часам дастаткова аднаго дня адпачынку — і ты зноў у поўным узбраенні, — прызнаецца артыстка.

Менавіта публіка становіцца галоўнай крыніцай яе натхнення.

— Тыя, хто чакаюць мяне, вераць і падтрымліваюць, — дзеля іх я працягваю сваю справу. Нават калі запісваю песню, думаю пра тое, як яна будзе ўспрынята. Менавіта людзі задаюць настрой, — адзначае суразмоўца.

 

23.00

МІСІЯ БЕЗ ФАНФАР

Калі сафіты гаснуць, застаецца тое, што вядзе чалавека наперад, — яго мары.

— Калі перастану, як спяваецца ў маёй песні, “верыць у цуды” — перастану жыць эмацыянальна. Гэта вельмі асабістае, але менавіта надзея на новыя ідэі трымае ў руху.

Творчасць для артысткі — сродак перадаць тое, што цяжка выказаць словамі. Частачка сэнсу, як яна лічыць, нараджаецца менавіта ўнутры гэтага імкнення да мастацтва.

— Слова “місія” гучыць занадта ўзнёсла. Проста раблю сваю справу шчыра, ад душы. Часам песня прыходзіць нібыта звыш, быццам хтосьці яе табе пасылае. Так, напрыклад, з’явілася кампазіцыя “Памятайце”, прысвечаная героям Вялікай Айчынай вайны. Яна стала асаблівай для многіх, хаця ў той момант у мяне не было думкі ўнесці лепту ў захаванне гістарычнай праўды. Было толькі ўнутранае жаданне выканаць яе тут і цяпер.

З гэтага глыбокага разумення нараджаецца і парада маладым выканаўцам. Вікторыя Алешка ўпэўненая: сцэна не прабачае фальшу, а поспех патрабуе сумленнасці і цярпення.

— Галоўнае — верыць у сябе і не апускаць рукі. Саманадзейнасць можа нашкодзіць, але здаровая ўпэўненасць — гэта рухавік. Ідзіце крок за крокам. Калі адны дзверы зачыняюцца — гэта не канец, а пачатак новага шляху.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні