Міжнародны праект “Сатар Бахлулзадэ: творца ўяўных светаў” прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Гэта першая канцэптуальная выстава азербайджанскага жывапісу ў нашай краіне з калекцыі Азербайджанскага нацыянальнага музея мастацтваў.

Упершыню беларускі глядач можа ўбачыць каля 30 жывапісных і графічных работ аднаго з самых любімых мастакоў Азербайджана. Выстава, напоўненая яркім сонцам і фарбамі роднай зямлі майстра, працягнецца да 24 лістапада.

НАРОДНЫ МАСТАК
Сатар Бахлулзадэ (1909—1974) — найярчэйшы прадстаўнік азербайджанскага пейзажнага жывапісу XX стагоддзя. Як адзначыла дырэктар Азербайджанскага нацыянальнага музея мастацтваў Шырын Мелікава, гэты творца карыстаецца сапраўднай народнай любоўю.

— Многія мастакі маюць званні народных, але ён быў сапраўды любімы, — падкрэсліла Шырын Мелікава. — Калі нават цяпер вы паедзеце ў любы куток Азербайджана і спытаеце: “Хто ў вас самы вядомы мастак?” — вам адкажуць: “Сатар Бахлулзадэ”. Яго ведаюць усе — ад малога да старога.
Па яе словах, такая папулярнасць — вынік умення апець прыроду роднай зямлі так, як не пад сілу нікому іншаму. На выставе дэманструюцца графіка, жывапіс і мультымедыйныя матэрыялы, якія дапамагаюць глыбей зразумець творчасць майстра.
Дырэктар Азербайджанскага нацыянальнага музея мастацтваў адзначыла, што нават у рамках камернай экспазіцыі арганізатарам удалося паказаць розныя грані і перыяды творчасці Бахлулзадэ. А яго працы, поўныя святла і колеру, нагадваюць пра вясну ў пару восені.

ШЛЯХ І СТЫЛЬ
Сатар Бахлулзадэ, выпускнік Маскоўскага дзяржаўнага мастацкага інстытута імя В.І. Сурыкава, мае трывалую акадэмічную школу. Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Ганна Конанава заўважыла, што ён валодаў рэалістычным метадам выяўленчага мастацтва максімальна выразна і моцна.

— У выніку свайго цікавага і складанага творчага шляху ён набыў непаўторную, унікальную творчую мову, — сказала Ганна Уладзіміраўна. — І безумоўна, гэты стыль дробнага мазка перадае ўражанне ад прыроды, якая яго натхняла. Мастак вельмі захапляўся прыродай сваёй Радзімы, і практычна ўсе яго жывапісныя палотны і графічныя творы прысвечаны роднай зямлі.
Па словах Ганны Конанавай, Сатар Бахлулзадэ здольны не толькі перадаваць, але і ствараць новыя светы, што і адлюстравана ў назве выставы.
— Дзесьці мастак грунтуецца на ўбачаным, рэальным уражанні, а дзесьці ён цалкам стварае абсалютна новыя светы, — заўважае адмыслоўца. — Работы майстра напоўнены яркім азербайджанскім сонцам, святло якога пранізвае ўсе прадметы на палотнах.

АБМЕННЫ ПРАЕКТ
Экспазіцыя стала часткай актыўнага культурнага абмену паміж галоўнымі мастацкімі музеямі дзвюх краін. Шырын Мелікава распавяла, што супрацоўніцтва пачалося ў 2024 годзе з выставы сучасных мастакоў Беларусі ў рамках Дзён культуры ў Азербайджане. Затым, у сакавіку 2025-га, у Баку была прадстаўлена выстава “Якаў Кругер і Юдэль Пэн. Ля вытокаў мастацкай адукацыі Беларусі”, тады ж быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Менавіта ў той час і паступіў запыт на арганізацыю паказу работ Сатара Бахлулзадэ ў Мінску. Ганна Конанава пацвердзіла: цяперашні праект з’яўляецца абменным. Пасля яго завяршэння музеі, хутчэй за ўсё, наладзяцца на супрацоўніцтва ў галіне навуковай дзейнасці, якое ўжо абмяркоўвалася і ўяўляе ўзаемную цікавасць.

МАСТАЦКАЯ СПАДЧЫНА
Прадстаўленая ў Нацыянальным мастацкім музеі экспазіцыя ўключае каля 30 твораў, якія адлюстроўваюць дзівосныя прыродныя ландшафты Азербайджана. Гэта такія знакавыя творы, як “У блакітным небе”, “Квітнеючая айва”, “Рамантычныя горы”, “Каўказская гармонія”, “Більгя”, “Квітнеючы міндаль” і іншыя.
Галоўнымі крыніцамі натхнення для Сатара Бахлулзадэ на працягу ўсяго жыцця былі паэзія вялікага азербайджанскага паэта Мухамеда Фізулі, мастацтва тэбрызскай мініяцюры і азербайджанскае дыванаткацтва.
Асобнае месца ў творчасці майстра займаюць працы, прысвечаныя Фізулі і героям яго паэмы “Лейла і Меджнун”, што маюць глыбокі філасофскі і псіхалагічны характар. Яго пейзажы, якія выходзяць за рамкі стандартаў жанру, уяўляюць сабой чароўны свет, заснаваны на гармоніі тонкіх жывапісных адценняў. Мастак не проста захоўваў рэальнасць, а аднаўляў яе, прапускаючы праз прызму свайго ўяўлення. Яго працы перадаюць асабістае бачанне, думкі і пачуцці, а таксама дух самой прыроды.
Урачыстую цырымонію адкрыцця выставы ўпрыгожылі выступленні ансамбля азербайджанскага танца “Сары Гялін” і хору “Паліфоніка”.
Віктар ГАЎРЫШ. Фота аўтара