Адкрыць свет мастацтва ў гаваркой цішыні

Апублiкавана: 17 кастрычнiка 2025 Стужка Музеі Брэст і вобласць Соцыум

Аўтар: Аўтары

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” прадставілі ўнікальную экскурсію для наведвальнікаў з парушэннямі слыху.

 

— Новая экскурсійная праграма — сурдагід, распрацаваны спецыяльна для людзей з парушэннямі слыху, — стала новай старонкай гісторыі нашага музея-сядзібы, — расказала дырэктар Ангеліна Маруфенко. — Гэтым мы зрабілі важны крок да большай даступнасці і інклюзіўнасці.

Па словах кіраўніцы, праца вялася на працягу года сіламі валанцёраў, студэнтаў Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, спецыялістаў Рэспубліканскага Палаца культуры імя М.Ф. Шарко Грамадскага аб'яднання “Беларускае таварыства глухіх” (ГА БТГ), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў пад агульным кіраўніцтвам Ірыны Кузьмінічны Русаковіч, дацэнта кафедры карэкцыйна-развіваючых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— Атрымалася не проста адаптацыя старой экскурсіі, а зусім новы погляд на мастацтва і гісторыю, дзе галоўным інструментам становіцца мова, але не звычайная, а беларуская жэставая, — падкрэслівае Ангеліна Юр'еўна. — Экскурсія распрацавана ў рамках рэспубліканскага сацыяльна-адукацыйнага праекта “Ажыўшыя карціны”, яе ідэя была першапачаткова сфармулявана і апрабавана для Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Варта адзначыць, што сурдагід для музея-сядзібы “Пружанскі палацык” стаў першым рэгіянальным у Беларусі і першым маштабным сурдагідам, які ахоплівае ўсе экспазіцыі музейнага комплексу.

Як распавяла Ангеліна Маруфенко, для кожнай з іх распрацаваны асобны сюжэт, з ілюстрацыямі, у суправаджэнні субцітраў, агучвання і сінхроннага перакладу на беларускую жэставую мову.

— Ключавой асаблівасцю праекта стала тое, што для кожнай пастаяннай экспазіцыі музея зняты свае відэаролікі з субцітраваннем, спецыяльна падрыхтаванай нагляднасцю і агучкай, — тлумачыць кіраўніца. — У кожным з іх экскурсію вядзе не проста перакладчык, а гід са слабым слыхам, носьбіт жэставай мовы. У нашым выпадку гэта Вячаслаў Бярозкін, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага Палаца культуры глухіх імя М.Ф. Шарко ГА БТГ, адзін з галоўных спецыялістаў Беларусі ў гэтым напрамку. Экскурсія ў яго выкананні — інфармацыйна насычаная, яркая, экспрэсіўная, зразумелая і займальная.

Запуск такой экскурсіі не проста яшчэ адна паслуга.

— Гэта сігнал аб тым, што музей становіцца па-сапраўднаму адкрытай прасторай для ўсіх без выключэння, — рэзюмавала дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

kultura-info.by