Натхніць. Заўважыць. Падтрымаць

Апублiкавана: 16 кастрычнiка 2025 Стужка Афіцыйна Магілёў і вобласць Соцыум

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі працягвае рабочыя паездкі па рэгіёнах у рамках Адзінага дня інфармавання. Сустрэча ў Глуску стала не толькі значнай падзеяй для раёна, але і асаблівым падарункам для дзяўчынкі, якая атрымала ўнікальную магчымасць наблізіцца да сваёй мары — убачыць, як ствараецца кіно.

 

ВІЗІТ, ЯКОГА ЧАКАЛІ

У Глуску, што на Магілёўшчыне, міністру распавялі пра дзейнасць рэгіянальных фестываляў, прадэманстравалі работы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамеснікаў, экспазіцыі бібліятэк і гісторыка-краязнаўчага музея, а таксама дасягненні дзіцячай школы мастацтваў.

Руслан Іосіфавіч пагутарыў з работнікамі ўстаноў культуры і раскрыў тэму “Дзень народнага адзінства: значэнне міру і згоднасці”.

Пасля візіту кіраўніка ведамства дырэктар школы мастацтваў Марына Рудабелец адзначыла, што для невялікіх гарадоў увага такога высокага ўзроўню вельмі каштоўная для развіцця:

— Для нас прыезд міністра — знак даверу і стымул рухацца наперад. Такія мястэчкі, як наш Глуск, маюць патрэбу ў падтрымцы, і мы рады, што пра нас дбаюць і гатовыя пачуць, — падкрэсліла Марына Леанідаўна.

У цэнтры вялікай размовы пра будучыню краіны прагучала і гісторыя маленькай дзіцячай мары, якая раптоўна атрымала працяг.

 

З ЗАПАЛАМ У ВАЧАХ

Гаворка пра дзесяцігадовую Марыю Рэут — дзяўчынку, якая з ранняга ўзросту праяўляе жывы інтарэс да творчасці: вучыцца ігры на фартэпіяна, спявае ў вакальным ансамблі “Новыя галасы”, малюе, піша апавяданні і коміксы. Нядаўна ў школе мастацтваў стартаваў медыяпраект “Кошык навін”, у межах якога ствараюцца відэаролікі пра жыццё ўстановы. Марыя адразу стала вядучай гэтага фармату.

— Музыка, малюнкі, расказы — усё арганічна пераплятаецца ў яе жыцці, — расказвае мама дзяўчынкі, намеснік дырэктара школы мастацтваў Вольга Рэут. — І калі пачаліся здымкі школьных відэанавін, у дачкі літаральна загарэліся вочы. Яна бярэ інтэрв’ю, прыдумвае рэплікі, адчувае сябе на сваім месцы.

Так паступова ў юнай зорачкі з’явілася жаданне даведацца больш пра закуліссе медыясферы і кінатворчасці. І лёс ёй падарыў шанс наблізіцца да гэтага свету.

 

КРОК ДА МАРЫ

Аднойчы, неяк раніцай, Марыйка заўважыла, што маці старанна прыбіраецца на працу. Дзяўчынка зацікавілася нагодай. Як толькі пачула, што ў Глуск прыязджае “галоўны чалавек у культуры”, дачка адразу папрасіла маму ўзяць яе з сабой.

— Яна была ўражана, калі даведалася, што міністр не толькі кіраўнік галіны, але і акцёр тэатра і кіно, агучваў анімацыйныя фільмы. Тады яна вырашыла абавязкова пацікавіцца ў гэтага мнагаграннага чалавека асаблівасцямі яго працы і расказаць пра сваё запаветнае жаданне — убачыць закуліссе кінасвету, пазнаць, як ствараецца фільм і што адбываецца па-за кадрам, — успамінае Вольга Аляксан­драўна.

Простая дзіцячая мара зычна і кранальна адгукнулася ў размове падчас дня інфармавання. Міністр культуры з цеплынёй успрыняў словы дзяўчынкі і даручыў арганізаваць для яе візіт на нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм”.

 

МОМАНТ АДКРЫЦЦЯ

На наступны ж дзень Марыя разам з мамай адправілася ў Мінск, дзе ім пашчасціла патрапіць на здымкі карціны “Адно на дваіх” пра подзвіг пілотаў у Баранавічах.

— Убачылі, наколькі гэта складаная праца. Даведаліся ад рэжысёраў і студэнтаў, што кіно патрабуе не толькі таленту, але настойлівасці і цярпення. Нават тры хвіліны фільма могуць здымацца цэлы дзень. Для дзіцяці гэта стала сапраўдным адкрыццём, — дзеліцца ўражаннямі Вольга Рэут.

Марыя не разгубілася: яна смела задавала акцёрам прафесійныя пытанні. Менавіта жывая размова з прадстаўнікамі кінаіндустрыі дала ёй адчуванне, што яна належыць да гэтага свету — гаворыць на адной мове з тымі, хто прысвяціў сябе экраннаму мастацтву.

Нягледзячы на доўгую дарогу, дзяўчынка вярнулася дадому натхнёнай.

— Вельмі стамілася, але гэта прыемная стома. Хоць да выбару прафесіі і паступлення яшчэ сем гадоў, я ўжо разумею: хачу больш чытаць кніг, каб вучыцца пісаць сцэнарыі. Маю намер працягваць здымаць школьныя навіны, а потым, магчыма, і нешта больш сур’ёзнае, — прызнаецца Марыя.

У яе словах гучыць дарослая ўпэўненасць: мара набыла выразныя абрысы і канкрэтны кірунак.

 

НА ПАЧАТКУ ШЛЯХУ

Гісторыя Марыі Рэут — гэта не проста кранальны эпізод у афіцыйнай падзеі. Гэта прыклад таго, як увага да дзіцячых мар можа перарасці ў сур’ёзны імпульс для ўсёй сістэмы культурнага выхавання.

— Такія моманты нельга недаацэньваць. Калі дзіця атрымлівае падтрымку на самым пачатку шляху, яно ўжо інакш глядзіць на будучыню. Ганарымся Марыяй, але не менш ганарымся тым, што культура ў нашым маленькім горадзе становіцца сапраўды важнай часткай жыцця, — падкрэслівае дырэктар школы мастацтваў Марына Рудабелец.

Для Глуска візіт міністра стаў знакавай падзеяй. Для Марыі Рэут — першым крокам да выбару прафесіі. А для ўсіх нас — напамінам, што культура пачынаецца з іскры, якая загараецца ў маленькім сэрцы.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні