Вызначаны лаўрэаты прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва.

Як паведамілі ў Цэнтральным камітэце, сёлета на ўдзел у васьмі намінацыях было пададзена 67 заявак, што значна болей, чым у мінулыя гады. Рашэннем пасяджэння камісіі на чале са старшынёй, рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталляй Карчэўскай, лаўрэаты былі выбраны аднагалосна. На Прэзідыуме, які прайшоў напярэдадні Дня работнікаў культуры ў Цэнтральным камітэце прафсаюза, прапанаваныя кандыдатуры атрымалі таксама аднагалосную падтрымку членаў Прэзідыума.

Так, найлепшым у намінацыі “Тэатральнае мастацтва. Экраннае, цыркавое мастацтва” прызнаны творчы калектыў установы культуры “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Магілёўскі абласны тэатр лялек”.

У намінацыі “Музыкальнае мастацтва” ўзнагароду атрымаў народны ансамбль народнай музыкі “Верхнядзвінскія музыкі” з Віцебшчыны.

Узорная студыя выяўленчага мастацтва “Мара” філіяла “Цэнтр дзіцячай творчасці і народных рамёстваў” з Бярозаўскага раённага Палаца культуры Брэстчыны стала лаўрэатам у намінацыі “Жывапіс, скульптура, графіка, дызайн і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

Найлепшым у намінацыі “Народная творчасць” прызнаны калектыў Маладзечанскага раённага цэнтра рамёстваў.

А ў намінацыі “Аматарская мастацкая творчасць” — Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва з Веткаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Гомельскай вобласці.

Сярод бібліятэкараў лаўрэатам стаў калектыў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага.

У намінацыі “Музейная справа” — калектыў Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава.

І нарэшце, калектыў рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” атрымаў узнагароду ў намінацыі “Літаратура. Журналістыка. Крытыка”.

Дырэктар нашай установы Наталля Кузняцова адзначыла, што за гэтай узнагародай стаіць карпатлівая праца журналістаў, фотакарэспандэнтаў, рэдакцыйных аглядальнікаў і іншых членаў калектыву, якія заўсёды імкнуцца быць моцнай, зладжанай камандай і даваць якасны кантэнт.
Ірына СТАНКЕВІЧ