Найлепшыя работнікі сферы культуры Беларусі сабраліся 13 кастрычніка на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прафесійнаму святу, у старэйшы тэатр нашай краіны – Купалаўскі.
Тут прайшла цырымонія ўзнагароджання тых, хто сваёй штодзённай працай захоўвае і прымнажае культурныя каштоўнасці Бацькаўшчыны, праслаўляе наш край за яго межамі і стварае добры настрой для суайчыннікаў.
Святочная атмасфера панавала ўсюды: у фае тэатра і яго калідорах, каміннай і глядацкай залах. Сустрэчы калег і аднадумцаў былі надзвычай шчырымі і кранальнымі, ім было што абмеркаваць і чым падзяліцца паміж сабой, а яшчэ — павіншаваць з прафесійным святам і ўзнагародамі.
Непасрэдна падчас урачыстасці з галоўнай сцэны тэатра прагучала шмат добрых слоў.

З афіцыйным паведамленнем да прысутных звярнуўся Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, які зачытаў віншаванне Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі да Дня работнікаў культуры. Уладзімір Барысавіч таксама ўручыў узнагароды найлепшым прадстаўнікам сферы ад імя Адміністрацыі Прэзідэнта.

Прывітальны адрас ад старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай зачытаў Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец. “Няхай і надалей ваш прафесіяналізм, стваральная энергія і бязмежная адданасць справе спрыяюць узбагачэнню нашага ўнікальнага культурнага здабытку і ўмацаванню гуманітарных сувязей беларусаў з брацкімі народамі”, — гаварылася ў віншаванні.
Шчырымі і кранальнымі былі словы віншавання калегам ад Міністра культуры Руслана Чарнецкага. Руслан Іосіфавіч звяртаўся да кожнага прысутнага ў зале: да бібліятэкараў, музейных работнікаў, акцёраў, музыкантаў, мастакоў, супрацоўнікаў клубных устаноў, майстроў, педагогаў…

— Культура заўсёды была вельмі магутным інструментам для таго, каб расказваць нам, беларусам, ды і ўсяму свету аб тым, хто мы, якія ў нас каштоўнасці і мэты, як мы жывём, — падкрэсліў кіраўнік ведамства.
Руслан Іосіфавіч уручыў Ганаровыя граматы Міністэрства, нагрудныя адзнакі, граматы і падзякі найлепшым супрацоўнікам галіны.
— Вельмі сімвалічна, што сёння, у такі прыгожы дзень, мы сабраліся ў гэтым цудоўным тэатры, — з такіх слоў распачала сваё прывітанне намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава. — Я далучаюся да тых віншаванняў, якія ўжо прагучалі з гэтай сцэны, і ад старшыні нашага прафсаюза Міхаіла Партнога.

Таццяна Філімонава ўручыла ўзнагароды тым, хто годна сумяшчае абавязкі па асноўным месцы працы і грамадскую дзейнасць. Падчас урачыстасці былі таксама агучаны імёны лаўрэатаў прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорта і турызма ў сферы культуры і мастацтва і ўручаны адпаведныя дыпломы.

Сапраўдным падарункам віноўнікам урачыстасці стала прэм'ерная пастаноўка спектакля “Дзядзечкаў сон” па аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага ад артыстаў Купалаўскага тэатра.
kultura-info.by