Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі віншуе калег з прафесійным святам — Днём работнікаў культуры.

Паважаныя калегі!
Сардэчна віншую вас з прафесійным святам!
Работнікі культуры — гэта захавальнікі культурнай спадчыны і традыцый нашага народа. У сваёй творчасці вы ўвасабляеце сапраўдныя духоўныя каштоўнасці, прыгажосць роднай зямлі і выключнасць беларускай ідэнтычнасці. Дзякуючы вашай штодзённай працы і прафесіяналізму айчынная культура развіваецца не толькі ў сталіцы, але і ў самых аддаленых кутках нашай Радзімы. Шматграннасць вашага таленту і адданасць справе выклікаюць вялікую павагу. Ваш неацэнны ўклад прыкметны ў кожнай значнай падзеі, памятнай даце і культурным мерапрыемстве, якія знаходзяць водгук у сэрцах мільёнаў нашых суграмадзян. Вы натхняеце розныя пакаленні разумець і шанаваць унікальнасць нацыянальнай самабытнасці.
У гэты асаблівы год 80-годдзя Вялікай Перамогі трэба падкрэсліць асаблівую ролю работнікаў культуры ў захаванні памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа праз музыку, кіно, тэатр і музейныя экспазіцыі. Гэтае вялікае служэнне гістарычнай праўдзе ўмацоўвае патрыятызм і пачуццё яднання народа.
Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, невычэрпнай жыццёвай энергіі і натхнення! Няхай ваша праца прыносіць радасць і заслужанае прызнанне, а кожны дзень будзе напоўнены новымі дасягненнямі і яркімі падзеямі.