Пра моманты штодзённага жыцця

Апублiкавана: 12 кастрычнiка 2025 Стужка Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: Аўтары

У межах Тыдня бацькоўскай любові 13 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь распачынае працу выстава “Сямейная гісторыя. Фотаздымкі з калекцыі Савы Сіўко”.

Фатограф Сава Уладзіміравіч Сіўко (1888—1978) нарадзіўся ў вёсцы Сенна каля беларускага мястэчка Любча і працаваў у гэтым рэгіёне больш за 30 гадоў. І калі размаўляць пра жанравы складнік творчай працы фатографа, можна прасачыць перавагу партрэтаў ва ўсёй яго разнастайнасці.

Фатаграфічная спадчына Савы Сіўко — гэта перш за ўсё збор важных і каштоўных візуальных дакументаў, якія праз адлюстраванне асноўных этапаў чалавечага жыцця, праз абліччы і вобразы людзей, што жылі ў той час, даюць магчымасць прасачыць змену эпох.

На выставе прадстаўлены фотаздымкі самых характэрных момантаў штодзённага жыцця беларускага мястэчка, унікальнай і надзвычай цікавай з’явы нашага мінулага, якое арганічна спалучае ў сабе рысы вясковага і гарадскога жыцця. Наведвальнікі выставы змогуць пабачыць кранальныя сямейныя гісторыі: сямейныя партрэты, вяселлі, фотаздымкі немаўлят і выпускнікоў школ.

Сава Сіўко, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні, бачыў прыгажосць і гармонію ў простых імгненнях штодзённага жыцця і сваім майстэрскім рамяством рабіў яе яшчэ прыгажэйшым.

Гістарычныя эпохі змяняюць адна адну, але бацькоўская любоў — нязменная. Сям’я была і застанецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў.

Выстава працуе па 2 лістапада.

Па інфармацыі аддзела інфармацыйна-выставачнай работы
Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь