Творчы шлях васямнаццацігадовага скрыпача Уладзіслава Баевіча адзначаны мноствам прэстыжных узнагарод. Дастаткова сказаць, што наш герой — чатырохразовы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Аддаваць максімум сіл любімай справе, каб у выніку стаць прызнаным артыстам, — такі жыццёвы сцэнарый абраў малады выканаўца.

— Улад, як вы пазнаёміліся са светам гукаў і нот?
— Ён атачаў мяне з маленства. Бацькі — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: тата — баяніст, працуе акампаніятарам, мама — педагог па класе акардэона. Нават старэйшы брат прайшоў праз музычную школу, хаця і абраў справай жыцця архітэктуру. Малодшая сястра таксама працягвае сямейную традыцыю: вучыцца ў каледжы па класе скрыпкі. Здаецца, мой лёс быў прадвызначаны! Тым не менш іграць я пачаў толькі ў сем гадоў — запознена па мерках нашай сферы.
— І вы ўзяліся за скрыпку, якая нязменна трапляе ў рэйтынг самых складаных для асваення інструментаў...
— Мой выбар — рэха яркага дзіцячага ўражання, калі ўпершыню пачуў яе чароўнае гучанне. Яно цалкам пакарыла — і я адразу ж заявіў бацькам аб жаданні іграць. Цікава, што маці калісьці таксама марыла аб скрыпцы, але праз збег акалічнасцей выбрала акардэон. Магчыма, гэтая схільнасць перадалася мне на генетычным узроўні. Да таго ж мой стрыечны дзядуля — скрыпач-самавук. Ёсць у гэтым нешта сімвалічнае.
— Калі вы пазнаёміліся са сцэнай?
— Зусім нядаўна, дарэчы, у памяці ўсплыў вобраз аднаго з першых выступленняў: іграў на праслухоўванні да канцэрта з сімфанічным аркестрам. Усё адбылося настолькі хутка, што не паспеў нават усвядоміць, як набыў сцэнічны досвед.
— Што ў вашым рэпертуары?
— Імкнуся глыбока вывучаць музыку розных часоў, ад барока да савецкага перыяду: кожная гістарычная эпоха мае непаўторныя выканальніцкія нюансы, якія неабходна разумець прафесіяналу. Сярод любімых твораў — канцэрт Шастаковіча №1, эцюд у форме вальса Сен-Санса, варыяцыі Паганіні “Nel cor piu non mi sento”.
— Чым з нядаўніх дасягненняў асабліва ганарыцеся?
— Бронзай, што ўзяў на XVIII маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД у Сыктыўкары, і гран-пры II Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Я.А. Глебава.
— Апошнія тры гады запар вас удастойваюць прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Якія думкі і пачуцці ў сувязі з гэтым?
— Заўсёды прыемна, калі намаганні атрымліваюць прызнанне на высокім узроўні. Дзяржаўная падтрымка — важны фактар поспеху. Бязмерна шчаслівы, што ў нашых юных талентаў — мастакоў, музыкантаў, спевакоў, харэографаў — ёсць такая моцная апора.
— Што неабходна ў сабе культываваць, каб дасягаць значных вынікаў?
— Кожнаму артысту неабходныя высокая стрэсаўстойлівасць, упартасць і ўважлівасць. Галоўнае — навучыцца захоўваць спакой у любых абставінах: на сцэне заўсёды ўзнікае шмат яркіх, магутных пачуццяў і непрадбачаных сітуацый, пад уплывам якіх можна згубіцца, сфальшывіць, разбурыць эмацыйную аўру твора.
— Як вызначаеце для сябе, што выступленне ўдалося?
— Калі музычна выказаў усе свае думкі і эмоцыі, значыць, справіўся на “ўра”. Тэхнічная бездакорнасць тут не на першым плане, але, безумоўна, ад яе шмат чаго залежыць.

— Што вас натхняе і зараджае энергіяй?
— Геніяльная музыка і сам працэс яе выканання! Нішто не параўнаецца з момантам, калі адчуваеш водгук у сэрцы публікі. Ператварэнне асабістага перажывання ў агульную гісторыю праз мастацтва — гэта дзіўна і чароўна.
— Хто з музыкантаў для вас узор?
— Захапляюся скрыпачамі, якія дзякуючы таленту і высокаму майстэрству не толькі бліскуча выконваюць творы з тэхнічнага пункта гледжання, але і заахвочваюць слухача да глыбокіх разважанняў.
— Чаму аддаяце час, акрамя сцэнічнай дзейнасці?
— Запал да музыкі настолькі вялікі, што хочацца прысвячаць ёй усяго сябе, бесперапынна ўдасканальвацца і паглыбляцца ў тэарэтычную літаратуру, не распыляючыся на іншыя заняткі.
— Нядаўна адбылася нацыянальная прэм’ера фільма “Класная”, што прысвечаны педагагічнай справе. Цікава даведацца: бачыце сябе ў ролі настаўніка?
— Працэс навучання абавязвае педагога быць усебакова развітым: трэба знаходзіць да кожнага індывідуальны падыход, каб людзям з рознай псіхікай, неаднолькавым узроўнем самадысцыпліны і зацікаўленасці перадаваць максімум ведаў і ўменняў. Цяпер не адчуваю гатоўнасці да такой адказнай дзейнасці, але сама прафесія выклікае самыя цёплыя пачуцці. На шчасце, мой педагог Галіна Аляксееўна Агейчанка часам дазваляе праводзіць заняткі з яе вучнямі, дзякуючы чаму набіраюся вопыту і ўпэўненасці.
— І фінальнае пытанне: што ў планах на будучыню?
— Поўны рашучасці і далей укладваць усе сілы ў музычнае станаўленне, пашыраць гарызонты ведаў і адточваць кожную ноту. Мая мара — стаць жаданым госцем на любой сцэне, несці высокае мастацтва і годна прадстаўляць беларускую культуру як у сябе на Радзіме, так і ў свеце.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва героя