У нашай краіне падрыхтоўку кадраў у сферы культуры праводзяць тры вышэйшыя навучальныя ўстановы і 19 сярэдніх спецыяльных. Пра тое, як стартаваў навучальны год, пагутарылі з начальнікам аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марынай Юркевіч.

— Марына Браніславаўна, найперш хацелася б даведацца, як прайшла ўступная кампанія.
— Яе ўпэўнена можна лічыць удалай. Калі казаць пра запатрабаванасць нашых устаноў, то тут варта падаць некаторыя лічбы, якія гавораць самі за сябе. Так, па адной з самых папулярных спецыяльнасцей — дызайне — зафіксаваны конкурс у сярэдніх спецыяльных навучальных установах ад 3,4 да 11,3 прэтэндэнта на месца. Ад 2,6 да 7,7 чалавека — сярод ахвотных займацца жывапісам, 2,2 — скульптурай, 4,5 — харэаграфіяй, амаль 3 — дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.

— Чым тлумачыце такія высокія конкурсы?
— Па-першае, якасцю адукацыі, якую прапаноўваюць нашы ВНУ і ССНУ. Па-другое — добрай прафарыентацыйнай працай. Са снежня навучальныя ўстановы праводзяць дні адкрытых дзвярэй, сустрэчы з будучымі абітурыентамі ў школах мастацтваў і агульнаадукацыйных школах, выступаюць на старонках газет. Да прыкладу, Акадэмія музыкі ў межах прафарыентацыйнай працы зладзіла праект “Музычны мост”.
— Апошнім часам шмат увагі надаецца мэтавым накіраванням. Як ідуць справы ў гэтым напрамку?
— І тут ёсць чым пахваліцца. Сёлета па мэтавых накіраваннях у нашы ўстановы адукацыі рознага ўзроўню залічана 160 першакурснікаў. З іх 40 — у ВНУ, што прыкладна ўдвая болей, чым летась. Парадаваў Мінскі мастацкі каледж імя А. Глебава, прыняўшы аж 14 мэтавікоў. У Акадэмію музыкі ўпершыню залічылі абітурыентаў з накіраваннямі, што таксама цешыць.
— А ці былі заўвагі з боку органаў, адказных за кантроль?
— Члены камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі, якая штогод ствараецца ўказам Прэзідэнта, назіралі за працэсам у кожнай навучальнай установе — прысутнічалі пры падачы дакументаў, на ўнутраных іспытах, залічэнні. З задавальненнем хачу адзначыць, што парушэнняў у нашых установах адукацыі не зафіксавана. Адносна афіцыйных зваротаў абітурыентаў і іх бацькоў: другі год запар не паступала ніводнай скаргі. Раней іх было таксама няшмат, усе пытанні вырашаліся хутка і па сутнасці.

— Распавядзіце, калі ласка, пра ўмовы, у якіх вучацца юнакі і дзяўчаты.
— Пашпарты гатоўнасці да 1 верасня былі падпісаны ва ўсіх установах адукацыі. Сёлета прыёмка будынкаў падведамасных арганізацый праходзіла пры непасрэдным удзеле супрацоўнікаў Міністэрства культуры. У навучальных карпусах і інтэрнатах праведзены касметычныя рамонты, абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база, харчаблокі папоўніліся тэхналагічным абсталяваннем, добраўпарадкаваны прылеглыя тэрыторыі.
— А што датычыцца ўстаноў, якія забяспечваюць не толькі спецыяльную, але і сярэднюю адукацыю? Да іх асаблівыя патрабаванні?
— Так. Нашаму міністэрству падобных падпарадкавана дзве: гэта Рэспубліканская гімназія-каледж пры Акадэміі музыкі, якая прымае дзяцей з другога класа, і Беларуская харэаграфічная гімназіякаледж, дзе навучаюцца з пятага. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў пашпарты гатоўнасці тут былі падпісаны яшчэ да 20 жніўня.
Больш за тое, усе нашы ўстановы адукацыі гатовы і да асенне-зімовага перыяду. Ужо прайшла прыёмка будынкаў, у тым ліку інтэрнатных, камісіямі з удзелам цеплавых, газавых, пажарных інспектараў, энерганагляду. Такім чынам, нават калі заўтра “прыцісне” мароз, педагогі і навучэнцы будуць адчуваць сябе камфортна.

— Марыя Браніславаўна, вы казалі пра рамонты. Калі ласка, прывядзіце прыклад.
— З задавальненнем. Сёлета здадзены будынак Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Некалькі гадоў там былі праблемы з дахам, але нарэшце ўдалося яго адрамантаваць. Абноўлены таксама навучальныя кабінеты. Сёння слухачы курсаў ужо займаюцца ў найлепшых умовах.

— За які кошт вядуцца працы?
— Яны фінансуюцца ў асноўным з рэспубліканскага і абласных бюджэтаў. На гэтую справу ідуць і грошы з пазабюджэтных фондаў адукацыйных устаноў — сродкі, заробленыя на платных паслугах.
— Давайце яшчэ спынімся на кадравым пытанні.
— Забяспечанасць кадрамі прафесарска-выкладчыцкага складу даволі высокая, хаця не стапрацэнтная. У асобных установах ёсць вакансіі, але гэта, як правіла, па 0,25 ці 0,5 стаўкі, што кампенсуюцца ў межах працоўнага заканадаўства дадатковай нагрузкай на педагогаў. Такім чынам, навучальны працэс не псуецца.

— А што наконт школ мастацтваў?
— Не магу сказаць, што ва ўстановах сярэдняй адукацыі адчуваецца крытычны недахоп кадраў. Нават калі існуюць вакансіі, яны закрываюцца з дапамогай сумяшчальнікаў ці студэнтаў старэйшых курсаў, якія вучацца па мэтавых накіраваннях. Гэта несумненны плюс і для школ, і для студэнтаў, і для дзяцей. У выніку станаўленне ў якасці спецыяліста атрымліваецца больш мяккім, маладыя людзі прызвычайваюцца да патрабаванняў працадаўцы, а будучыя калегі і вучні — да новых настаўнікаў.

— Наколькі сёння выкладчыкі адпавядаюць запытам часу?
— Поўнасцю. Педагогі ўстаноў усіх ступеней рэгулярна пацвярджаюць свой узровень, праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі і займаюцца самаадукацыяй. Прывяду толькі адну лічбу: сёлета прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” адзначаны 13 нашых педагогаў. Пагадзіцеся, гэта пра многае кажа.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў устаноў адукацыі