Моталь — край, дзе традыцыя дыхае ў кожным дні, песнях і хлебе. Гэта прастора творчасці, якую будуе народ. Фальклорны ансамбль “Мотальскія суседзі” амаль 40 гадоў захоўвае і перадае аўтэнтычную спадчыну Палесся, аб’ядноўваючы пакаленні. У год, калі Іванава носіць статус культурнай сталіцы, галасы калектыву гучаць асабліва моцна — як сімвал жывой нематэрыяльнай культуры рэгіёна.

ФАЛЬКЛОРНЫ ПАЧАТАК
— Ансамбль “Мотальскія суседзі” быў заснаваны ў 1985-м Вольгай Мацукевіч на базе літаратурнай гасцёўні сельскага Дома культуры аграгарадка Моталь, — расказвае Уладзімір Фалітарык, загадчык метадычнага аддзела Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый. — Праз год калектыў атрымаў званне народнага.
Гэта здарылася пасля ўдзелу ў І Беларускай тэатральнай дэкадзе ў Мінску, дзе маталяне паказалі гумарыстычную пастаноўку “З усмешкай і ўсур’ёз”. Гледачы і журы былі ў захапленні ад жывога фальклору, ад непадробнага палескага гумару.
Амаль 30 гадоў “Мотальскія суседзі” працавалі на чале з Вольгай Рыгораўнай, пакуль яна не пайшла на заслужаны адпачынак. За гэты час ансамбль добра ўзбагаціўся сапраўднымі перлінамі мясцовай традыцыйнай культуры. Хаця новага кіраўніка афіцыйна не прызначылі, ідэйнымі натхняльніцамі калектыву сталі Вольга Рацык і Жанна Міхалік. Сёння ў складзе гурта 14 чалавек — ад моладзі да ветэранаў працы. Розныя пакаленні яднае любоў да песні і вытокаў.

ТРАДЫЦЫЯ Ў РУХУ
У рэпертуары “Мотальскіх суседзяў” — беларускія і палескія народныя песні, танцы, прыказкі, жарты і абрады. Выступленні суправаджае жывая музыка: гучаць баян, барабан і шумавыя інструменты, што надаюць кожнаму нумару асаблівую аўтэнтычную сілу. Асноўная сцэнічная прастора для ансамбля — Мотальскі музей народнай творчасці, дзе традыцыя адкрываецца гледачам як частка сучаснага культурнага жыцця.
Менавіта праз выступленні “Суседзяў” наведвальнікам прадстаўляюць цэлы шэраг абрадаў. Для дзяцей распрацаваны цыкл музейна-педагагічных заняткаў “У гасцях у бабулі Алены” — захапляльнае падарожжа ў свет бытавых звычаяў нашых продкаў.
Дарослую аўдыторыю прывабліваюць экскурсіі “Жывы гук” паводле календара народных свят, а таксама лекцыі-экскурсіі “Вясельны каравай”, “Трэці дзень вяселля. Апошняя вясельная вячэра”, “Прыданы”. Кожны госць можа стаць удзельнікам праграмы: “уплесці” сваю долю ў святочны хлеб, павесці купальскі карагод, пакалядаваць, патанцаваць пад жывую музыку на мотальскіх зборышчах ці пачуць вясёлую гісторыю. — Каравайная традыцыя ў Моталі мае асаблівае значэнне, — падкрэслівае Уладзімір Віктаравіч. — Яшчэ ў 2016-м яна атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. І наш ансамбль — галоўны носьбіт гэтага элемента спадчыны. У 2019-м двойчы запісвалі абрад для тэлебачання, а сёлета — прадставілі на рэспубліканскім каравай-фэсце “Бацькава булка” ў Свіслачы.
Гурт актыўна дэманструе сваю творчасць на прэстыжных культурных пляцоўках. У мінулым годзе “Мотальскія суседзі” правялі майстар-клас па ўпрыгожанні каравая ў Мастацкім музеі Брэста, паўдзельнічалі ў VIII Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” ў аграгарадку Ляскавічы. Калектыў рэгулярна становіцца аздобай святочных канцэртаў Іванаўшчыны.

Асаблівае месца ў творчым календары “Суседзяў” займае міжнародны фестываль “Мотальскія прысмакі”, дзе сёлета ў яркай тэатралізаванай форме артысты прэзентавалі эпізоды мясцовага вяселля. Такія выступленні — сапраўдны тэатр народнага жыцця: кожны рух, песня і жарт дыхаюць аўтэнтычнасцю.
— Для нас галоўнае — каб людзі адчулі, што гэтыя песні, абрады не страцілі актуальнасці, што яны гучаць па-сучаснаму, — кажа суразмовец. — І што традыцыі сапраўды жывуць.
Моладзь у ансамблі не толькі пераймае вопыт ад старэйшых, але і ўплятае яго ў штодзённы лад.

ГОЛАС СПАДЧЫНЫ
У 2025-м калектыў чарговы раз пацвердзіў званне народнага. Гэта знак высокага мастацкага ўзроўню і адказнай місіі. У Іванаўскім раёне кожны гурт — носьбіт нацыянальнай ідэнтычнасці, жывы голас спадчыны. “Мотальскія суседзі” — сапраўдны культурны феномен, які сведчыць: звычаі не замыкаюцца на музейных вітрынах, яны дыхаюць у песнях, абрадах, памяці і штодзённасці.
— Моталь — край, дзе кожны каравай мае душу, дзе песня гучыць і ў сям’і, і на вяселлі, і на свяце. Пакуль існуюць такія калектывы, як “Мотальскія суседзі”, нашы традыцыі будуць жыць вечна, — падсумоўвае Уладзімір Фалітарык.
Ансамбль няспынна злучае пакаленні, звязвае мінулае і сучаснасць, вёску і горад. У гэтым яго сутнасць і каштоўнасць як аднаго з творчых сімвалаў сёлетняй культурнай сталіцы.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву