Ансамбль гарманістаў “Картузяне” дзіцячай школы мастацтваў у Бярозе — уладальнік спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі за ўклад у развіццё талентаў. Пад кіраўніцтвам музыканта і педагога Ігара Сірычніка, які больш за тры дзесяцігоддзі аддана працуе з калектывам, старадаўні гармонік з вёскі трапіў на вялікую сцэну, даказваючы сваю сучаснасць і здольнасць натхняць новыя пакаленні.

МУЗЫЧНАЯ АРХЕАЛОГІЯ
— Асновы ансамбля я заклаў яшчэ ў 1992-м і ад таго моманту прысвяціў гурту жыццё, — распавядае Ігар Сірычнік. — Спачатку гэта быў калектыў народных інструментаў: скрыпка, цымбалы, гармонікі. Паступова прыйшоў да рашэння засяродзіцца выключна на апошніх. Іменна тады з’явіліся “Картузяне” ў тым выглядзе, у якім іх ведаюць сёння.
У 2011-м ансамблю прысвоілі званне ўзор- нага. З цягам часу калектыў выпрацаваў уласны стыль і непаўторнае гучанне. Рэпертуару для падобных аб’яднанняў амаль няма, таму значную яго частку даводзіцца ствараць самастойна.
— Мае выхаванцы — баяністы, а гармонік для іх — дадатковы інструмент. Таму шмат што робім нанова: апрацоўваем беларускія мелодыі, танцы, песні, рыхтуем уласныя пералажэнні. Безумоўна, звяртаемся да спадчыны выбітных аўтараў — асабліва да набыткаў расійскага кампазітара Яўгена Дзярбенкі. Але аснова нашага гучання ўсё ж такі нараджаецца тут, у ансамблі, — заўважае Ігар Рыгоравіч.
Гонар гурта — захаванне мясцовых найгрышаў. Некалькі гадоў таму “Картузяне” зладзілі этнаграфічнае падарожжа па раёне.
— Час няўмольна ідзе наперад, і разам з ім змяняецца культурны ландшафт. Здзейснілі тур па вёсках, каб сабраць жывую каларытную музыку нашых продкаў, — расказвае педагог. — Запісвалі найгрышы, расшыфроўвалі, пераводзілі іх у ноты. Так удалося зберагчы, напрыклад, славутую спораўскую польку. Гэты танец насельнікі Спорава выконваюць і сёння, але саму мелодыю мы зафіксавалі дзякуючы мясцоваму гарманісту. Цяпер полька асталявалася ў нашым рэпертуары.
Вось як нараджаецца жывая традыцыя, што становіцца часткай нематэрыяльнай спадчыны краіны!
Аднак “Картузяне” не абмяжоўваюцца фальклорам. Іх рэпертуар уражвае разнастайнасцю: тут і беларускія, рускія, яўрэйскія народныя матывы, і нечаканыя інтэрпрэтацыі сусветных хітоў — ад Nirvana да Modern Talking. Сціплыя магчымасці гармоніка з яго 25 кнопкамі не перашкаджаюць артыстам граць рок, джаз і эстраду, ператвараючы кожны нумар у яркае адкрыццё для слухачоў.

ПРЫГОДЫ ЯК МАТЫЎ
Склад ансамбля абнаўляецца кожныя тры гады: выпускнікі сыходзяць, а іх месца займаюць навічкі. Малыя пачынаюць з лыжак і трашчотак, паступова асвойваючы гармонік. Сёння ў баявым страі — 12 удзельнікаў. У аснове калектыву — Данііл Сычык, Міхаіл Чарнагор, Іван Караткевіч, Давід Рудзь, Міхаіл Богуш. Гэта таленавітыя юныя музыканты, якія не толькі ўпрыгожваюць агульнае гучанне “Картузян”, але і ўпэўнена заяўляюць пра сябе ў сольных намінацыях.
— Заўсёды нагадваю вучням: публіка вас не толькі слухае, але і бачыць. Таму кожны нумар павінен быць маленькім шоу, — падкрэслівае Ігар Сірычнік. — Гармонік дазваляе выступаць стоячы, рухацца, рабіць відовішчныя трукі. Падкінулі інструмент над галавой, зайгралі нечакана правай рукой на левай клавіятуры — і зала ўжо апладзіруе.
Звычайныя рэпетыцыі адбываюцца двойчы на тыдзень, а па суботах гурт збіраецца на зводныя заняткі. Месяцы патрабуюцца на падрыхтоўку складаных твораў, але вынік таго варты. Акрамя ансамблевых нумароў, у рэпертуары ёсць дуэты і сольныя партыі, якія прыносяць выканаўцам сур’ёзныя поспехі на конкурсах.
Жыццё “Картузян” насычана падзеямі. Фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, “Творчасць юных” у Маскве, “Тульская гармоніка” ў Туле — на радзіме інструмента… І гэта толькі частка імпрэз за апошні год.
— Асобны гонар — рэспубліканскі радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”, — заўважае Ігар Рыгоравіч. — Гэта пляцоўка, дзе перамога адкрывае шлях да запаветнай прэміі Прэзідэнта. Канкурэнцыя каласальная: у адной намінацыі выступаюць цымбалы, домра, баян... Месцаў для пераможцаў вельмі мала. І тое, што нашы хлопцы здолелі стаць лаўрэатамі, — сапраўдны прарыў.
Але гастрольнае жыццё для “Картузян” — гэта не толькі сцэна. Кожная паездка ператвараецца ў маленькую прыгоду: дзесьці ўдаецца трапіць у цырк, дзесьці — сыграць разам з вулічнымі артыстамі. Для дзяцей гэта не менш важна, чым узнагароды.
— У моладзі шмат спакус — тэлефоны, гульні, спорт. Каб утрымаць яе ў музыцы, патрэбная яркая матывацыя. Таму заўсёды стараемся, каб кожная паездка станавілася падзеяй, якую выхаванцы запомняць на ўсё жыццё, — адзначае кіраўнік.

УЧОРА, СЁННЯ, ЗАЎТРА
Некаторы час гармонік заставаўся па-за ўвагай прафесійнай супольнасці: інструмент не быў прадстаўлены ў асобных намінацыях на прэстыжных конкурсах, а навучанне не мела належнага развіцця на спецыялізаваным узроўні.
— А між тым калісьці гармонік гучаў у кожнай вёсцы, гарманіст быў галоўнай асобай на вяселлях і народных святах. Пасля самабытны інструмент апынуўся пад пагрозай забыцця. Таму імкнуся актыўна прасоўваць яго ў адукацыйную і сцэнічную прастору, — падкрэслівае Ігар Сірычнік. — І ўжо ёсць станоўчыя зрухі: на конкурсах “ЛьВёнок” у Лідзе, “Пралескі” ў Брэсце, “Крынічка” ў Баранавічах з’явілася адпаведная намінацыя. “Картузяне” займаюць на гэтых творчых спаборніцтвах прызавыя месцы, даказваючы, што інструмент жыве і развіваецца.
За 42 гады працы ў школе мастацтваў Бярозы энтузіяст, выпускнік Баранавіцкага музычнага вучылішча і Мінскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў перадаў дзясяткам вучняў не толькі майстэрства, але і любоў да народнай музыкі, якая можа арганічна існаваць у сучасным свеце.

— Сваёй камандай паказваем: гармонік — яркі, выразны інструмент, годны найлепшых сцэн і высокага прызнання. Але галоўнае — ён павінен жыць у сэрцах новых пакаленняў, — падсумоўвае Ігар Рыгоравіч. Сёння ансамбль “Картузяне” — больш чым школьны калектыў. Гэта культурная з’ява, якая злучыла мінулае і будучыню ў адной гармоніі.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву