Гэтага чалавека ў Беларусі называлі «патрыярхам беларускага выяўленчага мастацтва», а ў Савецкім Саюзе — «унікальным беларускім і савецкім скульптарам».

Заір Азгур быў не толькі выбітным скульптарам-манументалістам, але яшчэ і арыгінальным партрэтыстам, мастацтвазнаўцам, тэатразнаўцам, гісторыкам мастацтва і публіцыстам. Заір Ісакавіч — аўтар рэльефу помніка-абеліска на плошчы Перамогі ў Мінску (1954), скульптурнага ансамбля помніка Якубу Коласу на аднайменнай плошчы ў Мінску (1972), помнікаў К. Марксу і У.І. Леніну (перад будынкам ЦК КПБ у Мінску), помніка Пятру Машэраву ў Віцебску. Акрамя таго, ён быў аўтарам больш як 500 публіцыстычных артыкулаў па праблемах выяўленчага мастацтва.
Адразу трэба адзначыць, што творчасць іншых беларускіх скульптараў не была так высока ацэнена ўрадам Беларусі і Савецкага Саюза, як наробак Заіра Азгура. Удумайцеся толькі ў гэтыя ганаровыя званні: Герой Сацыялістычнай Працы (1978), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1939), член Саюза мастакоў БССР (1940), народны мастак БССР (1944) (пасведчанне №1), народны мастак СССР (1973), заслужаны дзеяч мастацтваў Дагестанскай АССР, двойчы лаўрэат Сталінскай прэміі другой ступені (1946, 1948), правадзейны член Акадэміі мастацтваў (1958), член Саюза мастакоў СССР.
У 1995 годзе сумесна з іншымі акадэмікамі Акадэміі мастацтваў СССР Заір Азгур быў выбраны правадзейным членам Акадэміі навук Беларусі (сёння — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі).
Нягледзячы на выхад шасці тамоў мемуараў Заіра Азгура, кнігі і дзясяткаў газетных і часопісных артыкулаў аб яго жыцці і творчасці, да сёння не выдадзена біяграфія майстра. Мэта артыкула — раскрыць некаторыя з малавядомых старонак жыццяпісу Заіра Азгура. У гэтым аўтару дапамогуць розныя крыніцы, у тым ліку фонды архіваў і музеяў Беларусі і Расіі, матэрыялы перыядычнага друку Беларусі 1930—2022 гадоў, а таксама інтэрв’ю аўтара з Заірам Ісакавічам у 1988 годзе.
На вялікі жаль, некаторыя кнігі, энцыклапедычныя і даведачныя выданні дапускаюць недакладнасці і замоўчванне творчых заслуг Заіра Азгура. Так, першы том «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Мн., 1993) замоўчвае той факт, што ўжо ў 1939 годзе Заір Азгур стаў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР.
Першы том «Беларускай энцыклапедыі» (Мн., 1996) апусціў звесткі пра тое, што ў 1948 годзе Заір Ісакавіч быў удастоены Дзяржаўнай (Сталінскай) прэміі СССР, а ў 1995 годзе быў выбраны акадэмікам Беларускай акадэміі навук, з’яўляўся заслужаным дзеячам мастацтваў БССР. Даведачнае выданне «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур» (Мн., 2008) сцвярджае, што З.І. Азгур 20 гадоў быў дэпутатам (хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе — Вярхоўнага Савета БССР). Насамрэч ён з’яўляўся дэпутатам гэтага вышэйшага органа ўлады БССР 39 гадоў (1947—1967 і 1971—1990).
Да таго ж гэтае выданне не згадвае, што Заір Азгур быў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, акадэмікам Беларускай акадэміі навук, правадзейным членам Акадэміі мастацтваў СССР, членам Саюза мастакоў БССР і СССР.
У гэтай жа кнізе падкрэсліваецца, што імем Заіра Азгура названа вуліца ў яго родным горадзе Сянно. На самай справе творца нарадзіўся ў вёсцы Маўчаны Машканскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Сенненскага раёна Віцебскай вобласці). Так, малая радзіма Заіра Азгура — вёска Маўчаны (сёння ў межах вёскі Застадолле Сенненскага раёна Віцебскай вобласці).

Тут 15 студзеня 1908 года ў яўрэйскай сям’і беднага ламавога рамізніка Ісака Азгура і батрачкі Сары Рубер пачаўся яго жыццёвы шлях. Патрэба прымусіла бацьку Заіра пераехаць у Віцебск і прывяла яго на бровар, дзе ён стаў працаваць грузчыкам і рамізнікам. Калі памёр Ісак Азгур, 23-гадовая ўдава Сара Маісееўна засталася з трыма дзецьмі: 4-гадовым Заірам, 2-гадовым Барысам і Фаінай, якой не было яшчэ года. Гэтая мужная жанчына бралася за любую падзённую работу, але выйсці з цяжкай патрэбы не ўдавалася.
У 1918 годзе Сара Рубер вярнулася ў вёску. Малодшых дзяцей яна забрала з сабой, а 10-гадовага Заіра была вымушана пакінуць у дзіцячым доме, аб якім ён успамінаў добрымі словамі. (Жыццё жанчыны абарвалася падчас Вялікай Айчыннай вайны: у 1942 годзе нацысты і іх памагатыя закапалі жыўцом Сару Рубер разам з іншымі яўрэямі-аднавяскоўцамі.)
У канцы 1920 года дзіцячы дом расфарміравалі. І тады Заір адправіўся да маці ў вёску. Давялося прайсці пешшу 35 кіламетраў. І вось з 12 гадоў пачалося самастойнае жыццё Заіра.
Ужо з самага ранняга дзяцінства маленькі Заір апантана ляпіў з гліны маленькіх чалавечкаў і жывёл. У Віцебску Заір Азгур вучыўся ў Школьна-слабадской сінагозе ў равіна «Шолома сердитого», а потым стаў падмайстрам ганчара Піліпа Патапенкі.
У пачатку 1920-х 13-гадовы падлетак вучыўся ў прыватнай майстэрні-студыі акадэмічнага мастака Юдаля Пэна, а затым без іспытаў паступіў у Мастацка-практычны інстытут пад кіраўніцтвам Марка Шагала. Заір Азгур паспеў падыхаць паветрам вольных эксперыментаў левага мастацтва, хоць і вельмі нядоўга.
Асноўным напрамкам далейшай вучобы (1922—1925) стаў добра засвоены акадэмічны рэалізм. У 1925-м 17-гадовы юнак скончыў Беларускі мастацкі тэхнікум у Віцебску (сёння Віцебскае мастацкае вучылішча). Усё жыццё Заір Ісакавіч з удзячнасцю ўспамінаў свайго настаўніка — беларускага скульптара і педагога, будучага заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Міхаіла Аркадзевіча Керзіна і беларускага графіка і жывапісца Саламона Барысавіча Юдовіна, якія выкладалі ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (Керзін у 1923—1932, Юдовін — у 1918—1923 гадах).

У 1988 годзе ў інтэрв’ю аўтару гэтых радкоў Заір Азгур адзначаў, што ўжо з юнацтва адчуваў уплыў на сваю творчасць лекцый і практычных заняткаў з Юдовіным і Керзіным, што творам Міхаіла Керзіна былі ўласцівы высокая культура формы, дасканаласць мадэліроўкі, адухоўленасць вобраза. Што датычыцца Саламона Юдовіна, Заір Ісакавіч нагадаў, што ён быў «замечательным художником и изумительной доброты человеком», «преподавательницы называли его "человеком с бархатной душой"», работы Саламона Барысавіча вылучаліся экспрэсіяй, глыбокім рэалізмам, а ў цыкле ксілаграфіі «Былое» адлюстраванне мастаком местачковага побыту непарыўна звязана з нацыянальнай глебай, элементы фантастыкі арганічна пераплятаюцца з пластыкай кубізму.
Дэбют Заіра Азгура на рэспубліканскай выставе ў БССР адбыўся ў 1925-м. Юнаку тады было толькі 17. У тым жа годзе Заір пераехаў у Ленінград, дзе ў 1928-м скончыў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут (ВХУТЕІН), дзе яго настаўнікамі сталі Усевалад Лішаў і Мацвей Манізер. Мала каму вядома, што студэнту ленінградскага Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута Заіру Азгуру на працягу ўсіх трох гадоў вучобы матэрыяльна дапамагаў народны паэт Беларусі Якуб Колас. Кожны месяц Заір атрымліваў на пошце грашовы перавод ад яго на 40 рублёў. На жаль, да сённяшняга дня мы не можам дакладна назваць, хто перасылаў гэтыя грошы — ці сам пясняр, ці яго жонка Марыя Дзмітрыеўна, ці яго швагер Аляксандр Каменскі.
У 1928—1929 гадах Заір Азгур працягнуў вучобу ў Кіеўскім і Тбіліскім мастацкіх інстытутах, дзе на яго будучую творчасць аказалі пэўны ўплыў выбітныя савецкія скульптары першай паловы ХХ стагоддзя Якаў Нікаладзэ і Яўген Лансэрэ. Заір Ісакавіч у юнацкім узросце здолеў прайсці найвыдатнейшую школу на тэрыторыі Савецкага Саюза — у той час, калі паездкі за мяжу былі ўжо немагчымыя. У 1994 годзе Заір Азгур канстатаваў: «А я асабіста і дасюль адчуваю цяпло далоні грузінскага майстра Якава Нікаладзэ. Мне і сёння грэюць душу вершы ягонага земляка Тыцыяна Табідзэ. Я помню веліч хараства Сандро Ахметэлі. Але я не зведаў і хвіліны, каб мая павага да грузінскіх мастакоў перашкаджала б мне захапляцца дыяментам слоў Максіма Багдановіча, каларытным тэатральным талентам Уладзіслава Галубка, вытанчанай музычнай чуласцю Рыгора Шырмы або чароўным спевам Ларысы Александроўскай. Арганічная злучнасць з беларускай культурай не замінае мне любіць радасці творчасці Мендэле Мойхер-Сфорыма і Саламона Міхоэлса, Перэца Маркіша і Майсея Тэйфа…» (З. Азгур. «Тое, што помніцца…» Кніга пятая, с.6).

У 1930-м 22-гадовы Заір Азгур вярнуўся ў Мінск, якога не пакідаў ужо ніколі, апрача часу нямецкай акупацыі горада (1941—1944). Аналіз яго біяграфіі дае ўсе падставы вызначыць, што 1930-я — перыяд яго творчага станаўлення ў станковай і манументальнай скульптуры. Менавіта тады Азгур стварыў цыкл партрэтаў класікаў марксізму-ленінізму і дзяржаўных дзеячаў СССР (К.Маркса, Ф.Энгельса, Я.Свярдлова, У.Леніна, І.Сталіна) і псіхалагічных партрэтаў прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі (унікальнага тэатральнага дзеяча, першага народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка, урача-псіхіятра Кандрата Манахава, опернай спявачкі Ларысы Александроўскай, скульптара-манументаліста Абрама Бразера, народнага артыста БССР Міхаіла Рафальскага, пісьменніка Змітра Бядулі, народных паэтаў БССР Янкі Купалы і Якуба Коласа, прымаў актыўны ўдзел у першых буйных урадавых заказах — дэкараванні інтэр’ераў Дома ўрада БССР, Беларускага тэатра оперы і балета, Палаца піянераў, Дома афіцэраў у Мінску. Напрыклад, для Дома ўрада Заір Ісакавіч стварыў бюсты Г.Бабёфа, Ф.Дзяржынскага, А.Мяснікова.
Мала каму вядома, што ў 1930-м Заір Азгур аформіў спектаклі «Першы штандар» (разам з Іванам Ахрэмчыкам) у Беларускім дзяржаўным цэнтральным тэатры рабочай моладзі і «Дыктатура» І.Мікітэнкі ў Беларускім дзяржаўным вандроўным тэатры. Акрамя скульптурных партрэтаў дзеячаў тэатральнага мастацтва Ларысы Александроўскай, Генрыха Грыгоніса, Уладзіміра Дзядзюшкі, ён стварыў бюст Янкі Купалы для БДТ-1 (1928), помнік-бюст Янкі Купалы (у 1949—1972 гадах стаяў у скверы каля Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, потым перанесены ў Вязынку).
Нельга забыць пра створаныя Заірам Ісакавічам бюсты Уладзіміра Крыловіча, Ісідара Балоціна, Рыты Млодэк, Міхаіла Дзянісава, Уладзіслава Галубка, Міхаіла Рафальскага, Паўла Малчанава, Леаніда Рахленкі, Расціслава Янкоўскага.
У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны газета «Звязда» — орган ЦК Кампартыі Беларусі — пачала выпускаць плакат пад загалоўкам «Раздавім фашысцкую гадзіну». Першы нумар «РФГ» выйшаў у Гомелі 29 чэрвеня 1941 года (потым на аснове гэтага плаката-газеты быў створаны часопіс «Вожык»). У арганізацыі гэтага выдання прыняў самы чынны ўдзел Заір Азгур, тут ён працаваў ілюстратарам. Пазней удзельнічаў у выпуску баявых сатырычных выданняў у Сібіры, перадусім у Томску.
У 1942 годзе Азгур прыязджае ў Маскву і пачынае напружана і плённа працаваць над скульптурнымі партрэтамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Партрэты Герояў Савецкага Саюза лётчыкаў В.Талаліхіна і М.Гастэлы былі паказаны ў 1942 годзе на Усесаюзнай выставе «Вялікая Айчынная вайна» разам з партрэтамі военачальнікаў Чырвонай Арміі генерал-палкоўніка А. Яроменкі і генералмаёра А. Крывашэіна.
У 1943 годзе Заір Ісакавіч стварыў каля 40 партрэтаў герояў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку генерала арміі К.Ракасоўскага, героя Сталінграда генерал-маёра А.Радзімцава, маёра А.Малодчага, партызанаў Ц.Бумажкова, М.Сільніцкага, «Бацькі Міная» — П.Шмырова, камандуючага партызанскімі злучэннямі Мінскай вобласці В.Казлова.
За серыю партрэтаў, створаную ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у 1944 годзе Заіру Азгуру было прысвоена ганаровае званне «Народны мастак БССР». Пасля вызвалення БССР ад нямецкіх акупантаў Заір Ісакавіч вяртаецца ў Мінск і працуе галоўным мастаком Дома ўрада.
У фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь мне ўдалося знайсці цікавы дакумент. Гэта пастанова СНК БССР і ЦК КП(б)Б «Об увековечении памяти воинов Красной Армии и партизан, павших в боях за освобождение Родины на полях Белоруссии» ад 23 студзеня 1945 года. У ёй адзначаецца: «4. Для организации работ по увековечению памяти погибших воинов Красной Армии и партизан в Великой Отечественной войне за освобождение Белоруссии, за свободу и независимость нашей Родины создать комиссию в составе т.т. Наталевича Н.Я.(председатель), Ильюшина И.М., Зимянина М.В., Пестрака Ф.С., Азгура З.И., Ахремчика И.О., Поликарповича К.М. и Воинова А.П.» (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф.4п.Воп.61. Спр.119.Л.15-16). Аналіз гэтага дакумента сведчыць аб павышэнні аўтарытэту Заіра Ісакавіча і прызнанні яго як выдатнага, высокапрафесійнага скульптара на ўрадавым узроўні.
Менавіта на пасляваенныя гады прыпадае росквіт таленту Заіра Азгура. Працуючы над партрэтамі ваеннага цыкла «Генерал-палкоўнік П.І. Батаў», «Партызан В.І. Талаш» (1947), мастак працягвае пачатую яшчэ ў гады вайны серыю партрэтаў расійскіх палкаводцаў П.І. Баграціёна (1946), М.Б. Барклая дэ Толі (1947). За партрэты Герояў Савецкага Саюза А.І. Малодчага, А.І. Радзімцава і М.Ф. Сільніцкага, створаныя ў 1943 годзе, у 1946-м яму была прысвоена Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР, а ў 1948 годзе — такая ж прэмія — за партрэт Ф.Э. Дзяржынскага.

У пасляваенныя гады Заір Азгур працягнуў цыкл партрэтаў Герояў Савецкага Саюза (К. Заслонаў, 1947) і пачаў новую серыю партрэтаў дзеячаў беларускай культуры (Францыск Скарына і Цётка, абодва — 1947, Францішак Багушэвіч — 1959). У цыкл партрэтаў прадстаўнікоў літаратуры і мастацтва БССР увайшлі выявы Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Сяргея Селіханава, Уладзіміра Дзядзюшкі (усе 1949). Разам з тым ён стварыў серыі партрэтаў Герояў Сацыялістычнай Працы Е.А. Кухаравай і Т.І. Шкурко (1948), К.П. Ляснічай (1949) і лідараў камуністычных партый (Мао Цзэ-Дуна, Кім Ір Сена, Хо Шы Міна, Далорэс Ібаруры, Пальміра Тальяці, Марыса Тарэза (усе — 1950).
Расійская мастацтвазнаўца Ф.С. Рагінская, напрыклад, так пісала пра адліты з бронзы партрэт К.П. Ляснічай: «Ох ужо і бой-баба перад намі! Якая вясёлая і яршыстая гатоўнасць да адпору, якая ўпэўненасць у тым, што яна дык даб’ецца ўсяго, што трэба для поспеху даверанай ёй справы! І ўсё гэта выяўлена без націску, дакладнымі мімічнымі дэталямі — вострым, хуткім позіркам, крыху наравістай, высунутай ва ўсмешцы ніжняй губой і нават дражлівай ямінкай на ўсё яшчэ прыцягальным твары. Кожны штрых гэтага твару дыхае жыццём, адлюстраваны скульптарам з любоўю і крыху з гумарам».
Самым значным дасягненнем беларускіх скульптараў 1950-х стаў завершаны ў 1954 годзе велічны ансамбль плошчы Перамогі ў Мінску з абеліскам-помнікам салдатам Чырвонай Арміі і партызанам, якія загінулі ў баях з фашызмам. Яго аўтары — скульптары З. Азгур, А. Бембель, А. Глебаў, С. Селіханаў, архітэктары У. Кароль і Г. Заборскі.
Прыкладам тонкага разумення сутнасці асобы з’явіліся партрэты кітайскага пісьменніка Лу Сіня (1953) і індыйскага пісьменніка Рабіндраната Тагора (1956). За партрэт апошняга ў 1958 годзе Заір Ісакавіч быў удастоены залатога медаля Міністэрства культуры СССР і сярэбранага медаля на Сусветнай выставе ў Бруселі.
Унікальны талент скульптара Заіра Азгура яскрава праявіўся ў помніках-бюстах першаму ў СССР двойчы Герою Савецкага Саюза С.І. Грыцаўцу (1951), Янку Купалу і Ф.Э. Дзяржынскаму (1953) у Мінску, дзеду Талашу ў Петрыкаве (1951), М.В. Фрунзэ ў Кахоўцы (1958), Якубу Коласу ў Мінску (1972).
Творчасць Азгура разнастайная. Мы сустракаем у ёй, акрамя партрэтаў і помнікаў, тэматычныя рэльефы («Слава павшим в борьбе за Родину»), сімвалічныя ўвасабленні («Калыханка» — абагульнены вобраз мацярынства), камерныя лірычныя творы (дзіцячыя вобразы). Але заўсёды ў цэнтры творчасці чалавек, яго духоўны свет, непаўторная пабудова асобы, характэрнасць знешняга вобліку, які ўвасабляе дзеянні, думкі, захапленні.
З 1980 года З.І. Азгур кіраваў Творчай майстэрняй скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску (з 1991 года — Творчая акадэмічная майстэрня скульптуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь).
Заір Азгур даволі актыўна і шмат займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю. Як адзначалася вышэй, амаль 40 гадоў ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. Заір Ісакавіч выбіраўся намеснікам старшыні рэспубліканскага Камітэта абароны міру, старшынёй Камісіі садзейнічанню Савецкаму фонду міру. Ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Дружбы народаў і Чырвонай Зоркі, многімі медалямі, у тым ліку «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені, Францыска Скарыны і Залатым медалём Італьянскай акадэміі прыгожых мастацтваў.

Творы скульптара знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура ў Мінску, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Астраханскай абласной карціннай галерэі, Малдаўскага мастацкага музея ў Кішынёве, у прыватных калекцыях многіх краін свету.
Яго не стала 18 лютага 1995 года. Заір Ісакавіч Азгур пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Пасля смерці Заіра Ісакавіча спецыяльным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1996) аб ушанаванні яго памяці імем Заіра Азгура названы былая Трактарная вуліца ў Мінску і ў раённым цэнтры Сянно Віцебскай вобласці, таксама яго імя прысвоена сярэдняй школе ў горадзе Сянно. У Мінску на фасадзе дома № 13 па праспекце Незалежнасці, у якім жыў Заір Азгур, устаноўлена мемарыяльная шыльда ў памяць аб унікальным скульптары.
У 2008 годзе Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў памятную манету да яго стагадовага юбілею.
У будынку былой Творчай акадэмічнай майстэрні скульптуры Міністэрства культуры быў адкрыты Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (2002), выдадзеныя альбомы і кнігі ўспамінаў. Хочацца спадзявацца, што беларускія навукоўцы-мастацтвазнаўцы яшчэ створаць аб’ектыўную і дастойную манаграфію жыцця і творчасці «патрыярха беларускага выяўленчага мастацтва» Заіра Азгура.
Эмануіл ІОФЕ. Фота з архіва Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура