Пройдзены вялікі шлях. Наперадзе — новыя дасягненні

Апублiкавана: 04 кастрычнiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск Дата

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Паўвекавы юбілей адзначыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

 

У верасні 1975 года загадам № 234 Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР № 139 быў адкрыты Мінскі інстытут культуры.

 

ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ

У маі 1975-га, пасля выхаду пастановы Савета Міністраў БССР, пачалося ўзвядзенне будынка, у якім і сёння знаходзіцца галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

З архівам дакументаў і фотаздымкаў, якія акумулююцца ў тутэйшай бібліятэцы, знаёміць яе кіраўніца Алена Прыходзька:

— Загадам было вызначана засяродзіць падрыхтоўку кадраў з вышэйшай адукацыяй для культурна-асветных устаноў рэспублікі ў адной навучальнай установе. Таму новаму інстытуту перадаваўся кантынгент студэнтаў з факультэтаў “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія” і “Культурна-асветная работа” педагагічнага інстытута імя Горкага, “Культурна-асветная работа” тэатральна-мастацкага інстытута.

У 1975-м першакурснікамі інстытута сталі 575 абітурыентаў. Заняткі для іх напачатку ладзіліся ў карпусах па вуліцы Кірава. У той час будынак на Рабкораўскай быў яшчэ не гатовы.

Дарэчы, перад яго адкрыццём увесь верасень студэнты і выкладчыкі прыходзілі сюды, каб дапамагчы: падфарбоўвалі лесвіцы і падлогу, мылі лямпы і вокны, рабілі стэнды і насценныя газеты. Адным словам, рыхтаваліся да ўрачыстасці.

Нарэшце яна настала. Адкрыццё адбылося ў першыя дні кастрычніка з удзелам высокіх гасцей з Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, Цэнтральнага і гарадскога камітэтаў Камуністычнай партыі БССР, вядомых дзеячаў культуры.

— Прадстаўнікі будаўнічага трэста, які ўзводзіў корпус, перадалі новапрызначанаму рэктару інстытута Аляксандру Петрашкевічу сімвалічны ключ, які і цяпер захоўваецца ва ўстанове, — расказвае Алена Міхайлаўна. — На старых фотаздымках бачна, што Аляксандр Лявонавіч даволі лёгка падымае яго. На самай справе выкананы з металу сімвал важыць пад дзясятак кілаграмаў.

Дарэчы, інстытут стаў 31-й у Беларусі і 14-й у Мінску ўстановай вышэйшай адукацыі. Заняткі для студэнтаў праводзілі 189 выкладчыкаў, з якіх 42 мелі званне кандыдата навук. Першы выпуск налічваў 445 юнакоў і дзяўчат, якія паступалі яшчэ ў тэатральна-мастацкі і педагагічны інстытуты. А ўсяго за пяць гадоў пасля заснавання Мінскі інстытут культуры падрыхтаваў больш за 2500 высокакваліфікаваных спецыялістаў. Ці гэта не добры старт?

 

ТВОРЧАЯ АТМАСФЕРА

Праз паўстагоддзя БДУКМ пашырыўся да чатырох факультэтаў, на якіх займаецца больш за 3000 студэнтаў. Пры ім працуе Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, ёсць свая мастацкая галерэя і спартыўна-культурны цэнтр. Установа забяспечвае поўны цыкл вышэйшай адукацыі — ад падрыхтоўкі абітурыентаў на спецыялізаваным аддзяленні і да самай дактарантуры, уключаючы бакалаўрыят, магістратуру, аспірантуру; дзейнічае два саветы па абароне дысертацый.

Пра тое, чым сёння жыве вядучая ВНУ ў сферы культуры, распавядае рэктар Наталля Карчэўская:

— Мы ладзім навучанне па 16 спецыяльнасцях бакалаўрыята і па пяці — магістратуры, у тым ліку на англійскай мове для замежных студэнтаў. У скарбніцы ведаў рэалізоўваецца шмат праектаў — як агульнаўніверсітэцкіх, так і тых, што выходзяць за рамкі ўстановы. Дарэчы, тут зарэгістравана аж 28 творчых калектываў.

Аднак, як адзначае Наталля Уладзіміраўна, кожная група пры кафедрах-выпускальніцах — таксама аб’яднанне творцаў, якія яшчэ ў студэнцтве могуць выступаць рэжысёрамі, у тым ліку галоўнымі, асобных нацыянальных свят ды іншых мерапрыемстваў.

— Асноўныя задачы — у забеспячэнні практыка-арыентаванага ўсебаковага навучання і выхавання грамадзян, якія шчыра любяць сваю краіну і імкнуцца прыносіць ёй карысць, — заўважае рэктар. — А ў юбілейны год нельга не згадаць тых нашых калег, што былі ля вытокаў, шмат прыўнеслі ў станаўленне і развіццё ўніверсітэта і дагэтуль перадаюць веды і жыццёвую мудрасць моладзі. Скажу шчыра: нашы выкладчыкі — таленавітыя і апантаныя творцы. У іх ліку нямала лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, спецыяльнага фонду Прэзідэнта.

Сярод таленавітых педагогаў рэктар упамінае загадчыка кафедры культуралогіі Аляксандра Смоліка, па чыёй ініцыятыве тры гады таму была адкрыта спецыялізацыя “сіналогія”. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Святлана Гуткоўская доўгі час узначальвала кафедру харэаграфіі, працуе на ёй і цяпер. Шмат гадоў аддала ўніверсітэту Вера Касап — прафесар кафедры інфармацыйных рэсурсаў і камунікацый. А яшчэ — прафесар кафедры педагогікі сацыяльна-культурнай дзейнасці Людміла Казлоўская, загадчык кафедры дэкара- тыўна-прыкладнога мастацтва, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Рыгор Шаура, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі мастацтва Ларыса Густова-Рунцо, дацэнт кафедры музычна-тэарэтычных дысцыплін Рыма Каленька.

— Цяжка назваць усіх заслужаных педагогаў нашага ўніверсітэта: іх шмат, кожны варты добрых слоў, — падкрэслівае рэктар.

Наталля Карчэўская, рэктар БДУКМ:

— Віншую з юбілеем усіх, хто мае дачыненне да ўстановы, — студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў, іншых работнікаў, партнёраў. Я не буду казаць, што ўніверсітэт — наш дом, хаця тое насамрэч так. Гэта месца, дзе мы выраслі, пасталелі, дзе многія з нас правялі істотную частку жыцця. Хачу пажадаць шчасця ў штодзённай працы, натхнення на творчасць у сценах універсітэта і за яго межамі. Зычу поспехаў на рэспубліканскай і міжнароднай арэне: нам, дзеячам культуры і мастацтва, выпала магчымасць сваім талентам праслаўляць любімую Беларусь. Для ўстановы гэта першы значны юбілей. Упэўнена, іх будзе яшчэ шмат, як будзе шмат здзяйсненняў і перамог.

 ЛЯ ВЫТОКАЎ

Факультэт бібліятэказнаўства і бібліяграфіі пад іншай назвай — факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый — і з пашыранай структурай існуе і цяпер. Пра яго працу распавяла дэкан Юлія Галкоўская, якая, дарэчы, з’яўляецца равесніцай універсітэта.

— Наш факультэт быў заснаваны напрыканцы ліпеня 1944 года, адразу пасля вызвалення Мінска, — расказвае Юлія Мікалаеўна. — У той час палічылі важнай дзяржаўнай справай аднаўляць дзейнасць бібліятэк і тым самым падымаць адукаванасць беларусаў.

Па словах дэкана, на факультэце, як і ва ўсім універсітэце, існуюць добрыя традыцыі. Найперш гэта пераемнасць выкладчыцкіх пакаленняў. Старэйшыя, больш мудрыя перадаюць веды, вопыт, шматгадовыя напрацоўкі маладым педагогам. Такім чынам тут захоўваецца няўлоўная для пабочнага вока душэўнасць, амаль сямейнасць.

— Гэтак, дарэчы, здарылася і са мной, — распавядае Юлія Мікалаеўна. — Калі я была студэнткай, нас вучылі цудоўныя выкладчыкі. Менавіта яны і паўплывалі на маё рашэнне пасля выпуску вярнуцца на факультэт ужо ў якасці педагога. Паміж аднадумцаў мне надзвычай утульна працаваць і займацца навукай.

Сярод традыцый, што нарадзіліся ў апошнія гады, дэкан згадвае пасвячэнне ў студэнты, у якім удзельнічаюць выпускнікі ўніверсітэта. Гэта дае магчымасць учарашнім школьнікам упэўніцца ў правільнасці выбранага кірунку. Калі не хлопцы і дзяўчаты, якія сёння ўваходзяць у прафесію, то хто раскажа першакурснікам пра вучобу, патрабаванні педагогаў? Пра тое, на што трэба звярнуць больш увагі, каб, прыступіўшы да працы, адчуваць сябе годна?..

Дзелячыся досведам, Юлія Мікалаеўна гаворыць:

— Тут я ў сваім асяроддзі. Старэйшыя выкладчыкі, якія выхоўвалі мяне, — добрыя мудрыя дарадцы. Паплечнікі — сябры, з якімі заўсёды можна абмеркаваць самыя спрэчныя пытанні і разам знайсці аптымальныя рашэнні тых ці іншых задач. Студэнты і маладыя калегі — падапечныя, за будучыню якіх адчуваю адказнасць. Універсітэт — гэта маё жыццё.

 У ІНТЭРНЭТ-ПРАСТОРЫ

Яшчэ адна равесніца ўстановы, загадчыца кафедры інфармацыйных тэхналогій у культуры Таццяна Жылінская, распавяла сваю гісторыю:

— Па спецыялізацыі я педагог — матэматык-інфарматык, — тлумачыць Таццяна Сцяпанаўна. — Яшчэ школьніцай марыла пра настаўніцтва, вось і пайшла ў педагагічны. Ці думала ў той час, што давядзецца выкладаць ва ўніверсітэце культуры? Дакладна — не. Аднак я тут больш за 20 гадоў — і ніколькі не шкадую.

На пачатку, як прызналася спецыяліст, прыстасавацца да творчых студэнтаў было няпроста: Таццяна Жылінская прывыкла весці да ведаў па строгім алгарытме. Выкладанне ў БДУКМ не заўсёды ўпісвалася ў рамкі матэматыка.

— І раптам я зразумела: перад творчымі людзьмі трэба ставіць задачу і азначаць канчатковы пункт. Усё астатняе яны зробяць самі! Хтосьці ідзе прасцейшым, звыклым шляхам, хтосьці — праз пакуты, сумненні і натхненне. У любым выпадку — вынік ёсць. Іншым разам нават лепшы за прадказальны.

Кафедра, якую ўзначальвае Таццяна Сцяпанаўна, — адна з самых маладых. Сёлета яна таксама святкуе юбілей — 30-годдзе. Гэта своеасаблівы сімбіёз інфармацыйных тэхналогій і культуры. Задача выкладчыкаў — з усёй ІТ-сферы выбраць і данесці да студэнтаў менавіта тыя напрамкі, якія могуць ужывацца ва ўстановах нашай галіны.

Значную частку заняткаў навучэнцы праводзяць за камп’ютарамі, даследуючы лічбавізацыю. Яна сёння шырока прымяняецца, напрыклад, у музеях — для стварэння дапоўненай рэальнасці. Дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям можна ўбачыць, як жылі нашы продкі, “прайсціся” па залах палаца, якога ўжо не існуе, ці адчуць жахі ваеннага ліхалецця…

— Спецыфіка кафедры такая, што новае з’яўляецца амаль кожны дзень, — заўважае загадчыца. — Таму мы адказна ставімся да павышэння кваліфікацыі і самаадукацыі, каб быць на адной хвалі з моладдзю.

 ПА СЛОВАХ СТУДЭНТАЎ

Першакурсніцы Віялета Рак, якая атрымала 100 балаў на ЦЭ па беларускай мове, і выдатніца Паліна Паўлючэнка паступалі ва ўніверсітэт мэтанакіравана.

— Гэта вядучая ВНУ краіны ў сферы культуры, — адзначае Паліна. — Я марыла трапіць на факультэт культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці. За тыя дні, што правяла тут, ужо ад- крыла для сябе шмат новага і цікавага. Упэўнена: усе гады ва ўніверсітэце будуць такімі ж карыснымі.

— Мне таксама тут вельмі падабаецца, — падтрымала сяброўку Віялета. — Я паступіла на рэжысуру тэатра, таму што лічу яго хаця і няпростым, але надзвычай цікавым. Педагогі пад- купляюць шчырасцю, прыязнасцю, талентам! Сказаць, што я шчаслівая, — нічога не сказаць. Планую звязаць жыццё з культурай. І гэта ўсвядомленае рашэнне.

Чацвёртакурснік Аляксей Пінчук з вышыні студэнцкага вопыту шмат чаго можа параіць малодшым: быць актыўнымі, працавітымі, не баяцца эксперыментаваць у творчасці. Як лідар універсітэцкага саюза моладзі, хлопец заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

— Мой выбар ВНУ таксама асэнсаваны, — гаворыць юнак. — Праз тры гады смела магу сцвярджаць, што ён правільны. Асалоду прыносіць не толькі навучанне, але і камунікацыя з таленавітымі і мудрымі выкладчыкамі, крэатыўнымі студэнтамі, творчыя працэсы, у якіх штодня задзейнічаны ўсе мы. А яшчэ я веру: досвед, здабыты тут, дапаможа ў жыцці, дзе б я ні быў і дзе б ні працаваў.

 Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
і з архіва ўніверсітэта культуры і мастацтваў