IX Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў праходзіць у Брэсце з 25 па 29 верасня.

Пасля дванаццацігадовай паўзы фестываль вярнуўся ў абноўленым фармаце, захаваўшы галоўную місію — папулярызацыю беларускага кінематографа.

Цырымонія адкрыцця адбылася 25 верасня ў кінатэатры "Беларусь". Са сцэны прагучалі прывітальныя адрасы ад Міністра культуры, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Руслана Чарнецкага і старшыні Брэсцкага гарвыканкама Сяргея Лабадзінскага.
Былі ўручаны спецыяльныя ўзнагароды. Прыз за асаблівы ўклад у развіццё беларускай кінематаграфіі атрымаў народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін. Спецыяльны прыз Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі і дыплом "За выдатны ўклад у развіццё беларускага фестывальнага руху і міжнароднага кінафоруму «Залаты Віцязь»" быў прысуджаны члену Прэзідыума Беларускага саюза кінематаграфістаў, выканаўчаму дырэктару кінафестывалю Валянціне Сцяпанавай.

Стартам кінафоруму стаў фільм "Класная" вытворчасці кінастудыі "Беларусьфільм".

Галоўныя пляцоўкі фэсту — кінатэатры "Беларусь", дзе дэманструюцца ігравыя, неігравыя і анімацыйныя фільмы,

і "Мір", які прыцягвае аматараў тэлевізійных і студэнцкіх карцін.
Акрамя работ рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", у спаборніцтве ўдзельнічаюць праекты беларускіх прадзюсараў, тэлерадыёкампаній і ўстаноў адукацыі, створаныя з 2020 па 2025 год. Асаблівая ўвага ўдзелена тэме 80-годдзя Перамогі. Многія карціны ўключаны ў конкурсную праграму менавіта з улікам гэтай знакавай даты.
Упершыню работы ацэньваюцца асобнымі экспертнымі групамі для кожнага напрамку, у якія ўваходзяць беларускія спецыялісты і вядомыя замежныя кінематаграфісты.

Таксама ў праграме фестывалю — майстар-класы і творчыя сустрэчы, круглы стол "Вялікая Айчынная вайна ў беларускім кінематографе" і прэзентацыя кнігі "Глядзі і памятай", рэтраспектыўныя паказы, прысвечаныя 80-годдзю Вялікай Перамогі, стагоддзю беларускага кіно і юбілеям майстроў, выставы "Беларускае кіно ў абʼектыве Міколы Гнісюка", "Вялікая Айчынная вайна ў кінафотадакументах", экспазіцыя "Беларусьфільма", якая расказвае пра айчынныя стужкі, што знаходзяцца на стадыі вытворчасці.