Бібліятэка раскрывае турыстычны патэнцыял Магілёўскай вобласці

Сусветны дзень турызму адзначаюць у Беларусі 27 верасня. Раскрыць турыстычны патэнцыял Магілёўшчыны ўзяліся спецыялісты Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна.

 

Турызм у кожнай краіне — гэта не толькі адзін з прыярытэтных сектараў эканомікі, але і магутны інструмент сацыяльна-культурнага прагрэсу, выхавання патрыятызму, умацавання міжнародных сувязяў, а таксама фарміравання адкрытага і талерантнага грамадства.

У Беларусі распрацавана Нацыянальная стратэгія развіцця турызму да 2035 года, якая накіравана на максімальна поўную рэалізацыю турыстычнага патэнцыялу краіны. Кожны месяц 2025 года прысвечаны аднаму з відаў турызму: напрыклад, студзень адукацыйнаму, сакавік прамысловаму, чэрвень гісторыка-культурнаму і г.д.

 

МК "Буйніцкае поле", Палац князя Пацёмкіна ў Крычаве, Свята-Мікольскі жаночы манастыр у Магілёве, мемарыяльны комплекс Паўночнай вайны ў вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна, Бабруйская крэпасць — знакамітыя турыстычныя аб’екты Магілёўшчыны. Аднак магілёўская зямля валодае значна большай колькасцю гістарычных славутасцяў, малавядомых нават у межах Беларусі, але пры гэтым цікавых і вартых увагі.

Раскрыць турыстычны патэнцыял рэгіёна ўзяліся спецыялісты Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна. У гэтым ім дапамагаюць лічбавыя тэхналогіі, у прыватнасці, стварэнне электронных рэсурсаў: баз даных, віртуальных экскурсій і відэаролікаў. Бібліятэкары асвоілі сучасны трэнд турыстычнай сферы лічбавы турызм, калі для выбару месцаў наведвання і планавання паездак выкарыстоўваюцца магчымасці інтэрнэту і сацыяльных сетак.

Першым досведам стала стварэнне віртуальнага рэсурсу "Малая Радзіма. Вёсачкі з вялікай гісторыяй", які знаёміць з матэрыяльнай і духоўнай спадчынай, пакінутай нам продкамі, з населенымі пунктамі са сваёй асаблівай атмасферай, дзе захаваліся радавыя сядзібы, унікальныя храмы і манастыры, жывапісныя прыродныя ландшафты, аўтэнтычныя абрады і традыцыі.

Віртуальны музей палацава-паркавага ансамбля Булгакаў "Жыліцкі Версаль" дазваляе здзейсніць экскурсію па палацы, убачыць арыгінальную архітэктуру і кесонныя столі, багатыя інтэреры залаў, пашпацыраваць па сцяжынках і алеях парку.

Інфармацыйны рэсурс "Турыстычная карта Магілёўшчыны" знаёміць з архітэктурнымі славутасцямі, прыроднымі помнікамі, культурай і традыцыямі кожнага рэгіёна вобласці. Матэрыялы згрупаваны па раёнах, а мясціны, здольныя зацікавіць і нават заінтрыгаваць, прадстаўлены ў пяці раздзелах, якія дапоўнены каардынатамі размяшчэння аб’екта на Яндэкс-карце Магілёўскай вобласці, фатаграфіямі і спісам літаратуры.

 Напрыклад, у раздзеле "Архітэктура" змяшчаюцца звесткі аб адноўленых або зноў пабудаваных праваслаўных храмах і манастырах, велічных палацах і дваранскіх сядзібах, мемарыяльных комплексах.

Традыцыі і абрады краю, шэдэўры вуснай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, народныя майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія ствараюць унікальныя вырабы ручной работы, адлюстроўваюцца ў раздзеле "Традыцыі".

Раздзел "Культура" ўключае інфармацыю пра музеі, выставачныя залы, тэатры, фестывальны рух. Ён знаёміць з рэгіянальнымі святамі, што дазваляе прымеркаваць паездкі да наведвання канкрэтнага мерапрыемства, дзеля якога яны адпраўляюцца ў падарожжа. Гэтыя звесткі даюць штуршок да развіцця падзейнага турызму, які накіраваны на атрыманне яркіх уражанняў, звязаных з падзеяй.

 

Кулінарныя традыцыі Магілёўскай вобласці прадстаўляе база даных "Гастранамічны турызм": яна ўключае інфармацыйны матэрыял, фотаздымкі, відэаматэрыялы, спісы літаратуры, якія знаёмяць з мясцовымі стравамі, асаблівасцямі іх прыгатавання, а таксама аўтэнтычнымі рэцэптамі, сабранымі ў старажылаў.

Аўтарытэт спецыялістаў Магілёўскай абласной бібліятэкі ў галіне стварэння электронных рэсурсаў, прысвечаных тэме малой радзімы, пацверджаны на дзяржаўным узроўні: у 2021 годзе аўтарскі калектыў у складзе І.У. Малініна і Ю.А. Касцюк адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Наперадзе — новыя праекты, якія будуць садзейнічаць прадстаўленню Магілёўскай вобласці ў віртуальным асяроддзі як цікавага і прывабнага рэгіёна Беларусі.

Галіна ДЗЯТЛАВА, вядучы спецыяліст Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна