Скарбы Нясвіжа. Выпуск 6

Шпацыр па парках вакол замка і экскурс у гісторыю самай старажытнай ратушы Беларусі — працягваем вывучаць адметнасці радзівілаўскай сталіцы.

 

ПАРКІ

Паркаў у архітэктурным ансамблі XVI—XIX стагоддзяў некалькі: Замкавы, Стары, Японскі, Англійскі і Марысін. Агульная плошча складае 66 гектараў. І прагульвацца тут — асаблівае задавальненне ў дадатак да экскурсійных праграм!

 

Першыя ж крокі па заснаванні паркаў былі зроблены ў часы Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, калі ля замка разбілі невялікі італьянскі сад. Пры Міхале Казіміру Рыбаньку недалёка ад палаца заклалі французскі парк “Кансаляцыя” (“Суцяшэнне”), а вакол замкавых сцен стварылі сады.

 

У 1878 годзе дзякуючы намаганням Марыі Дароты дэ Кастэлян пачалося мэтанакіраванае фарміраванне паркавага комплексу. Саджанцы дастаўлялі з лясніцтва пад Клецкам і з-за мяжы. На замкавых валах разбілі кветнікі з руж, пабудавалі тэрасы і альтанкі для адпачынку.

 

— Ад закладкі паркаў да 1912-га, на працягу 34 гадоў, задумы Марыі дэ Кастэлян рэалізоўваў галоўны садоўнік — выхадзец з сялян Андрэй Пастарэмчык, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Сяргей Чысцякоў. — Майстэрству ён вучыўся ў Расіі і Еўропе. Школай Пастарэмчыка і вызначылася кампазіцыйнае адзінства вялікага і складанага ансамбля.

 

Замкавы парк уключае алеі ўздоўж дамбы і берага абарончага рова.

 

На паўночным усходзе ад палаца размяшчаецца Стары парк. Уявіце: на момант яго закладкі на гэтай тэрыторыі… расла толькі адна таполя! Праўда, вышынёй аж 28 метраў. Сёння аб дрэве нагадвае мемарыяльны камень, устаноўлены ў часы Марыі Дароты. Ёсць яшчэ два камяні, якія падкрэсліваюць заслугі самой княгіні Радзівіл у стварэнні ландшафтных кампазіцый і добраўпарадкаванні замка.

 

У парку мноства скульптур. Напрыклад, “Музыка і анёл” паводле паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”, “Русалка”.

 

Тут жа можна ўбачыць “Студню Ундзіны” і Гарбаты масток.

Ундзіна, згодна са старажытнымі скандынаўскімі і германскімі павер’ямі, — водная німфа. Пагаворваюць, быццам штогод у купальскую ноч на беразе сажалкі збіраюцца русалкі і завабліваюць у ваду юнакоў, зачараваных іх спе­вамі.

 

У 1992-м у Старым парку з’явілася алея памяці з бюстамі славутасцей, звязаных з горадам: князёў Юрыя Нясвіжскага і Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, гравёра Тамаша Макоўскага, архітэктара Яна Марыі Бернардоні, паэтаў Якуба Коласа і Уладзіслава Сыракомлі.

А пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны нагадвае помнік яўрэям, расстраляным 30 кастрычніка 1941 года. Тады загінула каля 1500 жыхароў Нясвіжа і наваколля…

 

Японскі парк, які пачалі ствараць у 1911-м, мусіў увасабляць усходнюю экзотыку. Аднак работы не былі завершаны: Першая сусветная вайна перашкодзіла ажыццявіць задуманае.

 

Любімае месца для конных прагулак княжацкай сям’і — Англійскі парк. Яго большую частку займае газон, а дрэвы высаджаны ў шахматным парадку. Некаторы час там знаходзіўся іпадром.

 

Самы вялікі нясвіжскі парк — Новы. Яго называюць яшчэ Марысіным. Легендаў, што тлумачаць назву, некалькі. Адна — пра трагічнае каханне князёўны Радзівіл і беднага шляхціча. У глыбіні парку ёсць крыніца “Слёзы Марыі”, якая таксама нагадвае аб няшчаснай дзяўчыне, а ў цэнтры Лебядзінай сажалкі — востраў са скульптурамі закаханых.

 

РАТУША

Нясвіжская ратуша — самая старажытная з тых, што захаваліся ў нашай краіне. Гэта адзін з найбольш знакамітых помнікаў архітэктуры на тэрыторыі Беларусі.

 Яго гісторыя пачалася ў 1586-м, калі Нясвіж атрымаў магдэбургскае права. Прыкладна праз 10 гадоў на Рыначнай плошчы завяршылася ўзвядзенне ратушы з гандлёвымі радамі па баках. Будынак магістрата быў пастаўлены на сродкі і сіламі гараджан, на працягу некалькіх стагоддзяў з’яўляўся для кожнага члена гарадской супольнасці галоўным месцам для вырашэння надзённых пытанняў.

Паводле гравюры Тамаша Макоўскага пачатку XVII стагоддзя, на вежы знаходзіўся гадзіннік і назіральная пляцоўка.

У так званы магдэбургскі перыяд у падвалах была турма, на першым паверсе — крамы і гандлёвыя склады, важніца з эталонамі, кантрольныя бочкі, якімі адмяралі збожжа, памяшканні для варты, склады зброі для апалчэння, пажарных інструментаў.

Другі паверх адводзіўся пад установы магістрата. Тут знаходзіліся залы рады і суда, канцылярыя, казна, архіў, кабінеты войта і бурмістраў.

Падчас Паўночнай вайны ратуша моцна пацярпела ад пажару. У 1752-м яе аднавілі ў стылі позняга барока, дадаўшы гандлёвыя памяшканні з тыльнага боку. Але ў 1836-м чарговы пажар істотна пашкодзіў будынак…

 Сёння мы бачым архітэктурную перліну такой, якой яна была ў найлепшыя часы. Усё дзякуючы велізарным намаганням рэстаўратараў, што працавалі з 1997-га цягам сямі гадоў. У выніку фасады займелі першапачатковае аблічча, былі адноўлены верхнія ярусы. Вежу, як і раней, упрыгожыў гадзіннік, а інтэр’еры другога паверха былі рэканструяваны пад музейную экспазіцыю.

У 2004-м ратуша пачала функцыянаваць як асобнае падраздзяленне Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота аўтара, з архіву музея-запаведніка і Уладзіміра ШЛАПАКА