Беларусам даводзілася змагацца не толькі за сваю мову ды самасвядомасць, але і за ўласны дабрабыт. Падобная барацьба таксама рабілася крыніцай натхнення для творцаў.
(Працяг тэмы. Папярэдняя публікацыя — па гэтай спасылцы)

Прыкладам, на возеры Нарач здарылася паўстанне рыбакоў, вестка аб якім скаланула ўсю Заходнюю Беларусь у 1935-м. Памяць пра гэтую падзею захоўваюць у Мядзельскім музеі народнай славы. У сярэдзіне 1930-х польскі ўрад прыняў шэраг законаў, што прадугледжвалі нацыяналізацыю прыродных рэсурсаў, у тым ліку перадачу рэк і азёр у распараджэнне дырэкцыі дзяржаўных лясоў. У выніку свабодную лоўлю рыбы на Нарачы забаранілі. Мясцовыя жыхары, якія спрадвеку карміліся альбо дарамі возера, альбо сродкамі ад іх продажу, былі незадаволеныя.
У маі 1935-га распачаліся выступленні: сяляне з вёсак Пасынкі і Чараўкі рэзалі сеткі, пастаўленыя памешчыцкімі падрадчыкамі, пераварочвалі чаўны з паліцэйскімі, якія імкнуліся задушыць супраціў. Агулам у хваляваннях удзельнічала каля 5000 чалавек. Максіма Танка так уразілі гэтыя перыпетыі, што ён напісаў у 1937-м паэму “Нарач”, дзе распавёў аб барацьбе землякоў за права распараджацца ўласным возерам.
У экспазіцыі Мядзельскага музея народнай славы сёння можна знайсці якар і рыбалоўныя сеткі міжваеннага часу, паднятыя з дна Нарачы, здымкі кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў супраціву, арыгіналы сведчанняў пра згаданыя падзеі, а таксама матэрыялы аб жыцці Мядзельшчыны ў тую пару, дакументы аб працы ў нарачанскім краі Камуністычнай партыі і Камсамола Заходняй Беларусі.

Асобны стэнд прысвечаны і Максіму Танку — тут можна пабачыць перададзеныя класікам асабістыя дакументы і кнігі з яго аўтографамі. А непадалёк ад музея, на галоўнай плошчы Мядзела, стаіць помнік народнаму паэту, узведзены ў 2014 годзе.

Спадчына літаратараў і мастакоў Заходняй Беларусі прасякнута любоўю да роднай зямлі і агульнай мінуўшчыны народа. Гэтыя майстры бачылі нашу краіну непадзельнай, без штучна праведзенай мяжы. Таму сёння важна захоўваць памяць аб іх жыццёвых і творчых шляхах, якія хоць і былі поўныя перашкод, аднак упэўнена вялі да здзяйснення агульнай мары ўсіх беларусаў аб уласнай адзінай дзяржаве.
Антон РУДАК. Фота з адкрытых крыніц