Да здзяйснення агульнай мары: сімвал нязломнасці

Апублiкавана: 30 верасня 2025 Стужка Музеі Брэст і вобласць Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

Адным з найбольш вядомых сімвалаў трагічнай гісторыі Заходняй Беларусі, прыгнёту і барацьбы супраць яго стаў канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, заснаваны ў 1934 годзе.

(Працяг тэмы. Папярэдняя публікацыя — па гэтай спасылцы)

Сюды адпраўлялі тых, каго польская ўлада лічыла “грамадска небяспечнымі элементамі”, — і ўдзельнікаў змагання за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР таксама.

Недарма да Дня народнага адзінства ў 2021-м у будынку Чырвоных казармаў, дзе размяшчаўся адзін з карпусоў лагера, была створана часовая, а годам пазней — і пастаянная экспазіцыя Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Тут сабраны фота і дакументы, транспаранты і ўлёткі, успаміны і асабістыя рэчы вязняў, адноўлена абстаноўка камеры і карцара — жорсткая гістарычная праўда.

…Адразу ў лагеры магло ўтрымлівацца 800 чалавек. Комплекс складаўся з трох будынкаў колішніх казармаў царскай арміі, але вязні знаходзіліся толькі ў адным з іх. У іншых карпусах былі адміністрацыя, ахова і склады са зброяй. На першым паверсе турэмнага корпуса працавалі кухня і сталовая, зняволеныя былі ў камерах на другім і трэцім паверхах, у скляпенні размяшчаўся карцар.

Дзень у лагеры пачынаўся з пад’ёму а чацвёртай уранку, пасля давалі сняданак — эрзац кавы са збожжа і 400 грамаў хлеба, на абед апоўдні — кіпень і бульбу, на вячэру — адну каву. Нават прыбіральню вязні наведвалі пад наглядам і толькі раз на суткі, зранку. Рэшту часу зняволеныя былі вымушаны выконваць цяжкую фізічную працу, часта абсалютна бессэнсоўную. Прытым яны пастаянна цярпелі здзекі і збіццё…

Пасля таго як 17 верасня 1939 года на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўступіла Чырвоная армія, у першую ж ноч ахова ўцякла, а насельнікі лагера нарэшце атрымалі свабоду.

Працяг будзе.

Антон РУДАК. Фота з адкрытых крыніц