17 верасня мы адзначылі Дзень народнага адзінства. Чаму гэтая дата такая важная для нашай гісторыі? У якіх музеях можна даведацца пра дзеячаў культуры, жыццёвыя і творчыя шляхі якіх хоць і былі поўныя нягод, але вялі да здзяйснення агульнай мары ўсіх беларусаў аб уласнай адзінай дзяржаве?

Абвяшчэнне Года народнага адзінства і ўсталяванне Дня народнага адзінства ў 2021-м — важны этап рэалізацыі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі. Да таго ж такім чынам было выканана рашэнне Народнага сходу Заходняй Беларусі аб’явіць гэты дзень святочным, прынятае яшчэ ў кастрычніку 1939-га. Дзень народнага адзінства прымеркаваны да пачатку наступу Чырвонай арміі ў Заходняй Беларусі 17 верасня 1939 года, у выніку якога наш народ уз’яднаўся.
А да таго жыццё беларусаў у польскай дзяржаве вызначалася пэўным сацыяльным уціскам, які зазнавалі ўсе нацыянальныя меншасці. Зрэшты, нашы суайчыннікі маглі лічыцца меншасцю адно ў межах тагачаснай Польшчы, а на “крэсах усходніх” беларускае насельніцтва складала большасць. Сюды пераязджалі палякі — яны ў асноўным займалі пасады ў адміністрацыі і школах, шлях на якія быў часта закрыты беларусам.
Існавала і практыка перасялення, надзялення зямлёй так званых асаднікаў. Гэта палякі — удзельнікі вайны з СССР, якія мусілі падтрымліваць польскі дух у краі.

Валянцін Таўлай
Творцы міжваеннага перыяду, такія як Максім Танк, Валянцін Таўлай, не толькі зберагалі родную мову, але і актыўна далучаліся да барацьбы за нацыянальныя інтарэсы народа ў шэрагах Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, за што пераследаваліся польскай уладай і былі зняволены.

Максім Танк
Недарма ў адным з давераснёўскіх вершаў Максім Танк зазначаў, што “скрыпачоў і паэтаў” у яго краіне больш, чым каласоў.
Нягледзячы на ўціск, дзясяткі выдатных літаратараў, мастакоў, музыкантаў жылі, змагаліся і тварылі дзеля адзінай і непадзельнай Беларусі.
Працяг будзе.
Антон РУДАК. Фота Святланы Чэкалавай і з адкрытых крыніц