Прэм’ерны паказ дылогіі“Нашы сімвалы” з удзелам здымачнай групы адбыўся 11 верасня ў сталічным кінатэатры “Піянер”. Новыя стужкі“Беларусьфільма” прапанавалі свежы погляд на найважнейшыя атрыбуты нашай дзяржаўнасці. Як ствараліся карціны і чаму варта іх убачыць?

“Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь” (рэжысёр — Яўген Шлемянкоў) — дакументальны фільм з элементамі ігравога. У цэнтры сюжэта — група дапытлівых школьнікаў, якія пагрузіліся ў займальнае даследаванне, каб разгадаць таямніцы герба. “Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь” (рэжысёр — Дзмітрый Цыбулька) — кіно для ўсёй сям’і, што дазволіць па-новаму зірнуць на неад’емны атрыбут суверэнітэту краіны, які ўвасабляе самабытнасць і гістарычны шлях развіцця нашага народа.

АД ІДЭІ ДА ПРЭМ’ЕРЫ
Праца над кінадылогіяй стартавала ў студзені. Спачатку з’явіўся літаратурны сцэнарый (для стужкі пра герб яго напісала Тамара Суфрункова, для карціны пра сцяг — Дзмітрый Цыбулька), затым — рэжысёрскі. Паралельна падбіраліся лакацыі. Гэты этап, па словах аўтараў фільмаў, быў самым доўгім.
— Імкнуліся раскрыць такую важную тэму нетрывіяльным спосабам, удыхнуць у яе жыццё праз асабісты шлях тых, хто стаяў ля вытокаў, — расказаў Дзмітрый Цыбулька. — Ездзілі, напрыклад, у горад Сянно на радзіму аўтараў сцяга Матроны Маркевіч і Міхаіла Кацара, пазнаёміліся з іх нашчадкамі і супрацоўнікамі Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея.
У маі работа над першай стужкай паспяхова завяршылася. Вытворчасць фільма “Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь” скончылася ў чэрвені — прыблізна пасля двух месяцаў ад пачатку здымак.

ЦІКАВЫ ВОПЫТ І НАВАТАРСТВА
З дакументалістыкай, дарэчы, рэжысёры ўжо былі знаёмыя: Яўген Шлемянкоў — аўтар падобнага па жанры праекта для тэлеканала “Звязда”, Дзмітрый Цыбулька спрабаваў сябе ў якасці асістэнта. Тым не менш “Нашы сімвалы” — асаблівы досвед у кар’еры адмыслоўцаў: для Дзмітрыя гэта дэбют у ролі рэжысёра-дакументаліста, для Яўгена — магчымасць папрацаваць у незвычайным фармаце, дзе гістарычная дакладнасць гарманічна спалучаецца з элементамі ігравога кіно.
— Фільм для юнай аўдыторыі, да таго ж на такую значную тэму, павінен быць зразумелым і займальным. Гэтае бачанне прапанавала Міністэрства культуры, і я цалкам падтрымаў ідэю, — распавёў Яўген Шлемянкоў. — Мы выкарысталі лёгкі стыль выкладу, імкнуліся гаварыць з дзецьмі на адной мове. Падобны падыход — унікальны для нашай нішы. Паспрабуйце пашукаць у інтэрнэце стужкі пра дзяржаўныя сімвалы іншых краін. Усе яны — чыстая дакументалістыка.
Па сюжэце наватарскай карціны героі сустракаюцца з гісторыкамі, геральдыстамі і простымі людзьмі, даведваюцца аб паходжанні элементаў герба, іх значэнні і эвалюцыі. І праз прызму дзіцячага ўспрымання глядач адкрывае тыя таямніцы, што захоўвае ў сабе атрыбут дзяржаўнасці.
— На ролі школьнікаў кастынг-дырэктар “Беларусьфільма” Ірына Буглак знайшла юных, але вопытных акцёраў, якія з маленства здымаюцца ў кіно. Каб персанажы былі максімальна блізкія мэтавай аўдыторыі, з вялікай колькасці прэтэндэнтаў выбралі дзяцей 12—13 гадоў, — паведаміў рэжысёр.

ЗВЕСТКІ АД ДАСВЕДЧАНЫХ
У ліку аўтарытэтных спецыялістаў, якія працавалі над кінадылогіяй, — сакратар Геральдычнага савета пры Прэзідэнце кандыдат гістарычных навук Марына Ялінская, загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага архіва Маргарыта Старасценка. Таксама камандзе дапамагалі эксперты з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Барыс Лазука і Марыя Віннікава.
— Дзякуючы ім мы атрымалі каштоўныя звесткі пра колеры і геральдыку сцяга, — расказаў Дзмітрый Цыбулька. — На радзіме яго стваральнікаў каштоўную падтрымку аказала Браніслава Жалтабрухава, галоўны захавальнік фондаў Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Да глыбіні душы ўразілі шляхі Матроны Маркевіч і Міхаіла Кацара. Будучы паважаным навукоўцам, Міхаіл Сяргеевіч прапанаваў для праекта сцяга арнамент, вытканы сястрой. Хтосьці можа сказаць, што адмысловец “прасунуў” сваячку, але варта разумець: канчатковае рашэнне прымалася не адным чалавекам, а цэлай радай, а значыць, арнамент насамрэч адпавядаў тэхнічнаму заданню. Гэта выдатны прыклад пераемнасці каштоўнасцей унутры сям’і. Магу ўявіць, колькі гонару адчуў Міхаіл Сяргеевіч, калі плён работы сястры знайшоў прызнанне на такім высокім узроўні.
Прыкметную ролю ў стварэнні карціны адыграў і Валянцін Мазец, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН. Валянцін Генрыхавіч забяспечыў доступ да архіўных дакументаў, што ляглі ў аснову фільма, прадэманстраваў эталон Дзяржаўнага герба.

НАТХНЕННЕ — У ЛЮБОВІ ДА РОДНАГА
Якія яшчэ старонкі багатай айчыннай мінуўшчыны рэжысёры мараць перагартаць?
— Наша спадчына — невычэрпная крыніца яркіх, кранальных, незабыўных сюжэтаў. Да прыкладу, вывучаючы жыццё Міхаіла Кацара, я зацікавіўся беларускім арнаментам: у гэтых узорах схавана ідэнтычнасць і сістэма светаразумення нашых продкаў. Хацелася б прысвяціць такім сакральным сэнсам карціну, — дзеліцца задумамі Дзмітрый Цыбулька. — Вабіць таксама тэма беларускіх замкаў і прывідаў, якія іх насяляюць паводле паданняў. Можна зрабіць праект на стыку дакументалістыкі і трэвэл-шоу: здымачная група падарожнічае, расказвае гісторыю знакавых месцаў і шукае міфічных істот. Чаму не? Такіх эксперыментаў у айчыннай дакументалістыцы не згадаю. Ды і моладзь была б у захапленні!
І яшчэ адна ідэя — фільм-назіранне пра жыццё людзей на Палессі, які паказвае іх побыт на фоне некранутай прыроды. Што тычыцца Яўгена Шлемянкова, ён пагружаны ў стварэнне новай стужкі пра Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
— Карціна раскажа не столькі аб гісторыі Асноўнага Закона, колькі аб яго практычным прымяненні, тых аспектах, якія важна ведаць кожнаму грамадзяніну, — адзначыў адмысловец. — Працаваць будзем у тым самым жанры, а арыентавацца на больш дарослую аўдыторыю. Пажадаем рэжысёрам поспехаў! І да сустрэчы ў кінатэатрах!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ