Апяваць долю сваю

Восень. Зямля аддае дары, а чалавек адзначае збор ураджаю. Нязменная спадарожніца свята — народная песня, голас спадчыны, што гучыць праз пакаленні. Вакальны ансамбль “Дольніца” са Стаўбцоўшчыны — адзін з тых калектываў, што захоўваюць жыццёвую сілу фальклору. Як гэта ўдаецца, распавяла ўдзельніца гурта, культурны арганізатар Горкаўскага сельскага дома культуры Аксана Бялаева.

 

— Аксана Аляксандраўна, у кожнага калектыву ёсць карані і асобы, якія ствараюць яго аблічча. Як нарадзілася “Дольніца” і хто ў яе складзе сёння?

— Гісторыя пачынаецца ў 1982 годзе. Тады ў Горкаўскім сельскім доме культуры заснавалі вакальны гурт “Рунь”. Назва была сімвалічнай: слова азначае ўсходы азімых культур. І калектыў, і яго імя ўвасаблялі маладосць, надзеі, імкненне да росту. Натхняльнікам стаў выкладчык Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Генадзь Несялоўскі. Ён кіраваў аб’яднаннем да 1985-га.

Пасля, да 2024-га, калектыў узначальвала Рэгіна Васілеўская — мастацкі кіраўнік Горкаўскага СДК. За гэты час творчы склад вырас прафесійна, набыў павагу гледачоў, узбагаціў рэпертуар. А з 2013-га “Рунь” носіць новае імя — “Дольніца” — і статус народнага ансамбля.

Асобна варта адзначыць загадчыцу Горкаўскага СДК, якая больш за 35 гадоў нязменна кіруе ўстановай, — Зою Аўласіну. Яе імя ўпісана на раённую Дошку гонару. І невыпадкова: чалавечыя якасці Зоі Аляксандраўны — добразычлівасць, гнуткасць, уменне лавіраваць у складаных сітуацыях і падтрымліваць калектыў — сталі асновай, дзякуючы якой “Дольніца” існуе і развіваецца ўжо столькі гадоў.

Сёння ў нас спяваюць жанчыны розных узростаў і прафесій — ад работніц сельскай гаспадаркі да прадстаўніц мясцовай інтэлігенцыі. Гэта вельмі важна: аб’ядналіся людзі, якія ў штодзённым жыцці займаюцца рознымі справамі, але разам мы адчуваем сябе сям’ёй.

— Цяперашняя назва гучыць таксама паэтычна. Чаму спыніліся менавіта на ёй?

 — Ідэю прапанавала ўдзельніца ансамбля — філолаг Яніна Душкевіч. У XIX—XX стагоддзях дольніцамі называлі жанчын, што працавалі на зямлі ў памешчыкаў і атрымлівалі частку ўраджаю замест платы. Гэтае слова падалося нам вельмі трапным. У ім — праца і жыццёвая доля, сувязь з зямлёй і роднымі каранямі. Наш ансамбль таксама дорыць сваю працу праз песні, а ўзамен атрымлівае долю любові, прызнання і натхнення. Таму “Дольніца” — не проста назва, а наша філасофія.

— Ці можна сказаць, што рэпертуар адлюстроўвае гэтую філасофію?

— Вядома. Не абмяжоўваемся адным кірункам — выконваем і лірычныя, і вясёлыя, і патрыятычныя, і абрадавыя песні. Імкнёмся перадаць як глыбокія пачуцці, так і філасофскія роздумы. У нашых нумарах заўсёды ёсць элемент тэатральнасці, таму яны жывыя і запамінальныя.

Асаблівае месца займаюць аўтарскія творы. Напрыклад, песня “Горкаўскі край” на словы Яніны Душкевіч (музыка Яўгена Карпуця) прысвечана нашай малой радзіме. А работа “Жацерава — наш куток” таго ж кампазітара на словы Рэгіны Васілеўскай — прызнанне ў любові да роднай вёскі.

Працэс выбару заўсёды калектыўны. Музычны матэрыял прапаноўвае мастацкі кіраўнік Марына Рыштоўская (узначальвае ансамбль з 15 студзеня гэтага года), але ўсе рашэнні прымаем разам. Абіраем тое, што сапраўды адгукаецца ў сэрцах і можа крануць слухачоў. Часта і артысткі прыносяць свае ідэі — так у рэпертуары з’яўляюцца новыя песні.

— Творчая скарбонка гурта насычана сэнсам і эмоцыямі. Дзе і калі вы раскрываеце яе перад слухачамі?

 — Мы задзейнічаны ў абрадах і святах цягам усяго года — ад Каляд і Масленіцы да засевак, зажынак і дажынак. Асабліва памятным было выступленне на Кургане Славы, калі святкавалася 80-годдзе вызвалення Беларусі. Пастаянна ўдзельнічаем у “Каласавінах” да дня нараджэння Якуба Коласа, а сёлета далі і канцэрт да ўгодак класіка. Далучаемся да розных дабрачынных акцый, такіх як “Ад чыстага сэрца! Міншчына — клапатлівая!” і “Пада- ры радасць бліжняму”. Нас запрашалі на 85-годдзе Стаўбцоўскага раёна, на ўнікальнае абрадавае свята “Калядныя цары”, унесенае ў спіс ЮНЕСКА. Былі ў праграме “Белыя росы” на АНТ з абрадам “Засеўкі”. І гэта толькі невялікая частка нашых выступленняў.

— Ансамбль існуе больш за 40 гадоў. Як удаецца перадаваць традыцыі новым пакаленням?

 — Сіла калектыву ў пераемнасці. Старэйшыя ўдзельніцы шчодра дзеляцца ведамі — як трымацца на сцэне, узаемадзейнічаць з гледачом, даносіць эмоцыі. Ёсць сакрэты, якія не зафіксуеш у нотах, — такія жывуць у непасрэдным кантакце, у сумесных рэпетыцыях і выступленнях. Гэта сапраўдная школа, якая працуе ўжо дзесяцігоддзі.

Акрамя таго, мы лічымся духоўнымі спадкаемцамі творчасці Якуба Коласа. Адчуваем вялікую адказнасць за захаванне гэтай культурнай традыцыі і яе перадачу слухачам — праз песні, аповеды краю, каштоўнасці і любоў да Радзімы. Бо разуменне гісторыі — аснова для будучыні.

 

 — Калі мінулае з’яўляецца падмуркам, то якім вы бачыце ансамбль заўтра?

 — “Дольніца” — магчымасць перадаць тое, што любім, тым, хто прыйдзе пасля. Хочацца пашырыць склад, прыцягнуць моладзь. Хаця ў сельскай мясцовасці гэта няпроста: людзі заняты гаспадаркай, няма шмат часу на рэпетыцыі. Але мы працуем над тым, каб абнавіць вобраз ансамбля, узбагаціць рэпертуар і стварыць праграму, якая будзе цікавай і сучаснай. Галоўнае — захаваць аўтэнтычнасць і адначасова рухацца наперад, каб нашы галасы гучалі ўсё шырэй.

— І калі падсумоўваць сказанае, што для вас асабіста значыць быць часткай “Дольніцы”?

— Мець сваю долю шчасця. “Дольніца” — гэта сям’я, месца, дзе можна адкрыць душу праз песню і атрымаць у адказ любоў. Гэта мой голас у агульным хоры, мая кропля ў вялікай рацэ народнай культуры.

 Ган­на КА­ЛІ­НІ­НА

 Фота з архіва калектыву