Славяць шлях “Слаўнага”

У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны яны ўвайшлі як шастакоўцы, партызаны, байцы, чэкісты. А яшчэ — “аролікі”, як любіў называць падначаленых маёр Шастакоў. Грунтоўную даследчую працу па дзейнасці атрада, што доўгі час была пад грыфам “сакрэтна”, правялі ў Клічаве Магілёўскай вобласці. На ХХХІІІ Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ініцыятыва адзначана дыпломам І ступені.

 

ЗНОЙ­ДЗЕ­НАЕ ПА­ХА­ВАН­НЕ

— За гады існавання нашай бібліятэкай назапашаны багаты фактаграфічны матэрыял па гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна, але імкненне прыцягнуць карыстальнікаў падштурхнула калектыў працаваць у гэтым напрамку больш мэтанакіравана, — распавядае дырэктар бібліятэчнай сеткі Клічаўскага раёна Таццяна Баранава.

Як кажа Таццяна Васільеўна, дзейнасць па праекце пачалася, калі работнікі ўстановы наводзілі парадак на мемарыяле ва Усакіне. Там пахаваны члены спецыяльнага атрада. Рупліўцы культуры зацікавіліся баявым шляхам і лёсамі тых, хто вёў барацьбу супраць фашыстаў на Клічаўшчыне, і актыўна ўзяліся за пошукі.

Такім чынам было знойдзена яшчэ адно масавае пахаванне ўдзельнікаў атрада — на ўсакінскіх балотах, на востраве Верамееўка. Тут спачывае 21 чалавек. Але месца вечнага супакою партызан, якія загінулі за вызваленне Радзімы, удалося выявіць толькі праз 50 гадоў пасля вайны: доўгі час дзейнасць падраздзялення была засакрэчана.

Партызанскі атрад “Слаўны” ўключаў прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай бяспекі, падрыўнікоў, добраахвотнікаў, спартсменаў…

 

СТЫМУЛ ДЛЯ ПРАЦЫ

Перш чым прыступіць да рэалізацыі праекта, бібліятэкары Наталля Стасюкевіч і Вольга Ляскавец разам з кіраўніцай правялі апытанне, каб высветліць, што чытачам вядома пра атрад “Слаўны”.

У анкетаванні ўдзельнічала 50 чалавек. Пасля аналізу адказаў былі зроблены такія высновы. Толькі адзінкі ведаюць пра дзейнасць атрада. Некалькі чалавек чула пра яго існаванне, але не мае канкрэтных звестак аб франтавым шляху. Значная частка апытаных ніколі не была на востраве Верамееўка, дзе знаходзіцца мемарыял, і нічога не здолела сказаць пра тое, што гэта за згуртаванне і чым вылучылася.

Несуцяшальныя вынікі сталі стымулам для даследаванняў.

 — Хацелася данесці як мага больш шырокаму колу звесткі пра гераізм спецыяльнага атрада, пра тых, хто змагаўся з ворагам, абараняючы нашых бабуль, прабабуль, дзядуль, бацькоў, калі яны былі маленькімі, — тлумачыць Таццяна Баранава. — Думаю, у нас гэта атрымалася.

 

СПІ­СЫ І ФАК­ТЫ

Пошукавая праца вялася праз архівы раённай газеты “Сцяг Саветаў”, краязнаўчага музея, праз спецыялізаваныя сайты і апытанні магчымых сведак.

— Нам пашчасціла знайсці факты аб дзейнасці больш як 560 партызан-землякоў, — працягвае Таццяна Васільеўна. — З дапамогай калег з мясцовага краязнаўчага музея, Дома культуры, настаўнікаў і пошукавікаў былі складзены спісы загінулых ва Усакіне і на Верамееўцы, а таксама асобных спартсменаў, жанчын — удзельніц атрада, ураджэнцаў раёна і вобласці. Такім чынам удалося ўпарадкаваць матэрыял.

Як прыклад дырэктар бібліятэчнай сеткі прыводзіць лёс Ніны Шумяковай, якая выконвала ролю разведчыцы ў атрадзе, дастаўляла каштоўныя звесткі пра фарміраванні варожых сіл у Магілёве. Адначасова з гэтым, маючы во­ пыт медсястры, жанчына лячыла параненых партызан. Яна ўзнагароджана медалём “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені.

 

КАШТОЎНЫ ЗДАБЫТАК

У ходзе пошукаў распрацоўшчыкі праекта атрымалі доступ да дзённіка начальніка штаба атрада Міхаіла Обаратава. На 109 лістах, спісаных сціслым почыркам, зафіксавана гісторыя амаль 30 месяцаў барацьбы. Доўгія гады гэты каштоўны артэфакт захоўваўся ў музеі сярэдняй школы № 22 у Магілёве, створаным па ініцыятыве настаўніцы матэматыкі Алены Кірэевай, а пасля быў перададзены ў музей КДБ Рэспублікі Беларусь.

 Дзённік — унікальны дакумент. Ён вядзе чытача шляхам атрада крок за крокам, дзень за днём, апісваючы не толькі ратныя подзвігі партызан, але і іх побыт, адносіны. Гэта своеасаблівая кніга памяці тых, хто прайшоў горан вайны і хто, не шкадуючы сябе, набліжаў Вялікую Перамогу. Спецыялісты бібліятэкі на аснове дзённіка выпусцілі альбом, у якім змешчаны копіі рукапісу і расшыфраваныя тэксты.

 

ГРУН­ТОЎ­НАЯ РА­БО­ТА

Праца над праектам доўжылася больш за тры гады — рупліўцам удалося не толькі сабраць шмат матэрыялу, але і сістэматызаваць здабытыя звесткі.

— У выніку створаны альбом “Слаўныя справы атрада «Слаўны»”. У ім — матэрыялы пра заснаванне падраздзялення, байцоў, пра дзейнасць атрада на тэрыторыі Клічаўскага раёна, рэдкія фотаздымкі, — працягвае Таццяна Васільеўна.

Паколькі на востраў, каб аддаць даніну памяці барацьбітам за свабоду, дабрацца можа не кожны, бібліятэкары распрацавалі макет воінскага пахавання. Ён годна дапаўняе праект.

Вынікі даследаванняў былі прэзентаваны жыхарам горада, знайшлі шырокае адлюстраванне ў прэсе. У рамках раённых і абласных свят ладзіліся выставы, бібліятэкары расказвалі пра баявы шлях “Слаўнага” ў школах і каледжы.

 Што важна: праца над захаваннем памяці пра атрад на гэтым не скончылася. Мемарыял на Верамееўцы добраўпарадкавалі, да яго праз балота праклалі дарогу, каб кожны мог дакрануцца да мінулага і аддаць даніну памяці тым, хто, не шкадуючы жыцця, змагаўся за свабоду нашай Радзімы.

 

Іры­на СТАН­КЕ­ВІЧ

Фота з архіва бібліятэкі