Фальклорныя вячоркі “Ой, дажыначкі мае!”

У Лошніцкім цэнтры культуры і вольнага часу Барысаўскага РЦНТ прайшло адно з самых цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных традыцыйнай культуры, — фальклорныя вячоркі. Імпрэза была тэматычная: яе прымеркавалі да свята завяршэння ўборкі ўраджаю — дажынак.

 

— Мы пастараліся зрабіць вячоркі максімальна яркімі, насычанымі і цікавымі.

 

Для гасцей арганізавалі стол з пачастункамі, напоямі, а таксама падрыхтавалі выставачныя сталы з прыкладамі збожжавых культур, розных круп і відаў мукі, алею, — каментуе Аліна Бабіцкая, рэжысёр Лошніцкага цэнтра культуры і вольнага часу.

Гасцей сустракала вядучая Васіліса Панкавец, удзельніца аматарскага аб’яднання “Драматэша”. Яна расказала пра гісторыю свята, яго традыцыі, правяла віктарыну “Народныя прыкметы”.

 

А далей наведвальнікаў чакаў захапляльны аповед пра ўраджай і яго перапрацоўку ад Людмілы Козыравай, кіраўніка ўзорнага фальклорнага ансамбля “Весялінка”.

 

Пасля цёплай гутаркі за кубкам гарбаты прысутных запрасілі на майстар-клас “Праца з сярпом і касой” і фотасесію.

 

Госці сыходзілі з вячорак задаволенымі і сытымі, а галоўнае — з добрым настроем і ўсмешкамі. Значыць, мерапрыемства ўдалося на славу!

 

Фота Аліны БАБІЦКАЙ