“Дзікае паляванне караля Стаха”, вылучанае Гомельскім маладзёжным на сёлетнюю Нацыянальную тэатральную прэмію, увасобіў беларускі рэжысёр і акцёр Дэвід Разумаў, вядомы па адметных творчых працах у сталічным Горкаўскім.

Інсцэніроўку знакамітай аповесці выканаў самастойна, максімальна захаваўшы тэкст Уладзіміра Караткевіча (у рускамоўным перакладзе — пэўна, з разлікам на расійскія гастрольныя паказы). Таму Беларэцкі паўстае ў спектаклі і маладым (Мікіта Сушчонак), і старым, ад імя якога вядзецца аповед. Сяргей Чугай, што ў “Панначцы” акумуляваў моцную ўнутраную энергетыку Яўтуха, тут таксама аказваецца ў цэнтры, хаця і распавядае гісторыю, узлезшы на маленькую пляцоўку злева ўверсе (артыст увасабляе яшчэ і самога “пісьменніка ля мікрафона”). Праз гэта ўзнікаюць сувязі з аўдыякнігай, што чароўным чынам ажывае, атрымлівае візуалізацыю.

А ўвесь спектакль яшчэ больш скіроўваецца да заяўленай у яго пачатку тэмы вымірання інтэлігенцыі, якая ў савецкія часы (аповесць была напісана ў 1958-м, упершыню надрукавана ў 1964-м) лічылася ўсяго праслойкай між сялянствам і пралетарыятам.

Галоўны мастак Гомельскага абласнога драмтэатра Таццяна Стысіна, абыграўшы нестандартную сцэнічную прастору гарадскога маладзёжнага, змясціла ў глыбі за заслонай бібліятэку Яноўскіх, збоку — масіўныя дзверы палаца. Яго інтэр’ер, калі трэба, азначаецца сталом, крэсламі, калонамі з бюстамі ў павуцінні. Ды ўсё гэта — толькі сціплае атачэнне дыялогаў-маналогаў. Дубатоўк (Дзмітрый Цясляк), надзеўшы жудасную маску, ператвараецца ў параджэнне пекла.

Само дзікае паляванне — непамерна вялізныя дзіцячыя конікі на палачках. На іх не скачуць, іх проста трымаюць у руках чорныя чалавечыя фігуры ў насунутых на твар капюшонах. Але ў конскіх галоў рухаецца ніжняя сківіца, і пры адпаведным асвятленні агрэсіўныя пысы палохаюць не на жарт, асабліва калі рушаць на гледача.

Не менш эфектнае — нечаканае з’яўленне Бермана (Аляксей Стрэльчанка), які вырастае, нібы з-пад зямлі. Нуар прасочваецца і ў лакальнай падсветцы твараў знізу, і ў халоднай сіні, што рэзка змяняецца пякуча-крывавай чырванню.
Антракт, як і належыць дэтэктывам, здараецца ў найбольш напружаны момант. І з працягу таго ж фрагмента пачынаецца другая дзея. Засада сялян на чале з Рыгорам (Дзмітрый Лісуненка), што падпільноўваюць таямнічых вершнікаў, перанесена на тонкую мяжу між сцэнай і залай. Разгром палявання пададзены запаволена, у рапідзе.

А музычная шкатулка з яе казачным гучаннем, быццам пазычаная з фільма-мюзікла “Прывід Оперы”, дагаворвае пра каханне больш за словы ці застылы танец герояў.
Першую частку матэрыяла можна паглядзець па гэтай спасылцы.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра